undefined
1
Актуально
Погода
-1Облачно
Утро-1°
День-1°
Вечер-3°
Курсы валют17.1218.12
1 USD
1 EUR
100 RUB
2,0122,011
2,3872,397
3,4353,435

“Закансерваваць” час паспрабавалі маладыя гаспадары спадчыннага вясковага дома

У новым праекце штотыднёвіка “Беларускі Час” “Вяртанне да вытокаў” мы раскажам пра нашых землякоў, якія не дазваляюць невялікім населеным пунктам знікнуць з карты Беларусі. Яны рупліва, без пафасу і самапіяру шукаюць свае карані, адраджаюць радавыя “гнёзды”, удыхаюць у старыя хаты цеплыню. Многія з іх свядома пакінулі буйныя гарады і вырашылі стаць “тутэйшымі”.

Зонай спакою і гармоніі для мастака Андрэя Анро і журналіста Святланы Станкевіч стала вёска Вайнідзеняты на Смаргоншчыне (Гродзенская вобласць). Сяліба немалая і густанаселеная. Нават тыя дамы, што страцілі гаспадароў, хутка знаходзяць новых – набыць жыллё ў Вайнідзенятах лічыцца шанцаваннем: усяго некалькі кіламетраў да райцэнтра, добрае транспартнае забеспячэнне. Але галоўным бонусам мясцовыя жыхары лічаць прыродную ўнікальнасць: з аднаго боку вёскі струменіцца Вілія, на другім ракiнуліся багатыя лясы.

Ад прадзедаў спакон вякоў…

– Гэтую хату паставілі пасля Вялікай Айчыннай вайны – старая згарэла ў выніку нямецкай бамбардзіроўкі, – распавядае Андрэй. – Будавалася яна з бярвенняў, якія вылавілі з Віліі падчас сплаву лесу. Пакуль дом узводзілі, сям’я прадзеда жыла ў хляве, у якім папярэдне прасяклі вокны. На шчасце, хлеў не зачапіла снарадамі.

Гаспадар дома Іван Шурпо прафесійна займаўся апрацоўкай шкур, але ў савецкія часы такое “індывідуальнае прадпрымальніцтва” было забаронена, таму кушнер вымушаны быў працаваць нелегальна. Цікава, што яго майстэрства было запатрабавана сярод паляўнічых і… работнікаў выканкама.

– Хата будавалася з улікам роду дзейнасці прадзядулі, – кажа Андрэй і ў доказ ўздымае за каванае кольца люк у падлозе на кухні. Пад ім – вялізная ёмістасць, у якой вымочваліся шкуры.

– Гэты цэбар – сэрца дома, надзейна схаванае ад чужых вачэй, але нашым гасцям мы адкрываем яго з радасцю, – далучаецца да размовы Святлана.

Чаканні і рэаліі

У сакавіку 2015 года цётка Андрэя, якой ужо не пад сілу было сачыць за парадкам у вясковай хаце, перадала радавое гняздо ва ўласнасць маладым людзям.

– Здавалася, што перш за ўсё мы атрымалі загарадны дом, дзе можна сустракацца з сябрамі, якія гэтак жа шчыра ўлюбёныя ў гэтыя мясціны, – прыгадвае мастак. – Планаў атабарыцца тут не было. Праўда, я задумаўся тады пра ўладкаванне ўласнай творчай майстэрні. Незаўважна мы парадніліся з домам. І калі ён дзяліўся з намі чарговым сакрэтам, сувязь толькі ўмацоўвалася.

Добраўпарадкаванне дома Андрэй і Света лічаць гісторыяй свайго асабiстага росту і самапазнання. Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі да рамонту яны вырашылі, што захаваюць непаўторную атмасферу прадзедавай хаты, падкрэсляць яе аўтэнтычнасць, максімальна “закансервуюць” час.

– Напачатку ўзяліся карпатліва падбіраць будаўнічыя матэрыялы і прадметы інтэр’ера, аднак з цягам часу зразумелі: гэта і наша прастора, а не толькі сем’яў, якія жылі тут раней, – тлумачыць дзяўчына. – І як толькі прынялі філасофію “цякучасці”, адразу дазволілі сабе перамены.

Першыя змены зведала на сабе руская печ, якую Света па складанасці “кіравання” параўноўвае з арганам.

– Да гэтай печкі тут была іншая – самая вялікая ў вёсцы, на ёй сушылі шкуры, – тлумачыць Андрэй Анро. – Для нас было важна захаваць гэтую дамінанту ў класічным выглядзе. Але абысціся толькі рэстаўрацыяй не атрымалася – печ аказалася ў аварыйным стане, прыйшлося перакладваць яе ўсю цалкам. Наш майстар выкарыстоўваў старую чырвоную цэглу і настойліва адгаворваў ад ідэі з пабелкай. Сапраўды, фактура матэрыялу заварожвала, і мы з лёгкасцю пагадзіліся. Цяпер у моцныя маразы, калі батарэі ў гарадской кватэры не ратуюць, мы фактычна жывём на печцы.

Натуральнасць — у недасканаласці

Новае адкрыццё чакала маладых людзей падчас рэстаўрацыі мэблі.

– Яна дыхтоўная, дастаткова аскетычная, але стыльная, – лічыць Святлана. – Не ведаю, чаму гаспадары не раз перафарбоўвалі яе ў колер падлогі, ды і ўвогуле не вельмі ашчадна ставіліся да мэблі. Мы здзіралі слаі гэтай фарбы і наносілі лак. Толькі праз некалькі гадоў усвядомілі: любое пакрыццё перашкаджае адчуванню фактуры дрэва, яго цеплыні. Мы імкнуліся да натуральнасці, але яна, як ні парадаксальна, у недасканаласці, шурпатасці, няроўнасці.

Часткова мэблю маладыя гаспадары набывалі па аб’явах у людзей, якія распрадавалі ці аддавалі сваю непатрэбную спадчыну.

Сакральнасць – у дробязях

Сёння асаблівы каларыт хаце надаюць шторы з нацыянальным арнаментам. Некалькі месяцаў над складаным заказам нястомна гарбела мясцовая майстрыха Зоя Войтка: сімвал роднай хаты трэба было вышыць на саматканым ільняным палатне. І вынік перасягнуў усе чаканні.

Шмат цікавых рэчаў маладыя людзі знайшлі, разбіраючы завалы ў гаспадарчых пабудовах. У асноўным гэта былі прылады працы, якія цяпер сабраны ў невялічкім “музеі”.

– Адна з самых дзівосных знаходак – прадзядулевы акуляры, тыя, у якіх ён пазірае на нас з партрэта, – працягвае аповед Святлана. – Толькі медная аправа пазелянела ад даўнасці. Я знайшла іх, корпаючыся ў зямлі, і ўспрыняла як асабістае прывітанне з мінулага. На гарышчы выдатна захаваліся бабуліны лісты, якія яна пісала сваім кавалерам.

Яшчэ адзін знакавы элемент для цяперашніх гаспадароў – раскідзістая бяроза на ўскрайку ўчастка.

– Бубуля перажывала, што карані дрэва высмоктваюць усе сокі з бульбы на агародзе, і прапаноўвала яе ссекчы, – смяецца Андрэй. – Але дзядуля і тата адваявалі дрэва – схітравалі, што яно страхуе гумно ад ветру. Дарэчы, гумно – адзіны будынак, які перажыў ваенную разруху. Летам яго бакавая сцяна прыстасоўваецца пад кінатэатр: нацягваем прасціну і з дапамогай праектара глядзім фільмы.

Дарэчы, жаданую мастацкую майстэрню Анро зрабіў у тым самым хляве, які ратаваў яго продкаў у пасляваенныя часы, а пазней выкарыстоўваўся па назначэнні – для ўтрымання хатняй жывёлы. Прыйшлося толькі перакласці падлогу ды зноў вярнуць вокны.

Іна ДАБРЫДЕНЬ

Фота аўтара

Темы: история, наследие, возрождение наследия, деревенский быт

Читайте также