Наверх

#InFocus_Гальпяровіч

12 июля 2019

На гэтую тэму наш карэспандэнт пагутарыла з намеснiкам дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё, паэтам, публіцыстам, журналістам, членам Саюза пісьменнікаў, уладальнікам медаля Францыска Скарыны Навумам Гальпяровічам.

Сваю кар’еру ён пачынаў на Беларускім радыё ў якасці ўласнага карэспандэнта па Віцебскай вобласці, а літаратурны дэбют адбыўся ў наваполацкай газеце «Хімік». Сёння на рахунку мэтра дзясяткі аўтарскіх радыёперадач, уласны радыёблог, тэлевізійныя праекты і больш за 10 кніг, якія перакладзены на польскую, румынскую, балгарскую, рускую, англійскую і іншыя мовы.

Навум Якаўлевіч, вы прайшлі вельмі цікавы творчы шлях. Якім, на ваш погляд, павінна быць ідэальнае радыё?

– У нашай сям’і вельмі любілі радыё, я вырас пад яго гукі. Бабуля слухала ўсе радыёперадачы, ведала імёны дыктараў, артыстаў. Калі сам пачаў працаваць, палюбіў радыё за яго мабільнасць, імкненне ўвайсці ў дом з добрымі весткамі, пагутарыць з людзьмі. Раней мы камунікавалі праз яго са светам, а сёння функцыя радыё крыху змянілася. Спецыяльна яго слухаюць усё радзей і радзей. Ды і фармат многіх радыёстанцый прадугледжвае толькі навіны і музыку. Аднак я ўсё роўна лічу: радыё павінна быць верным сябрам чалавека, яго суразмоўцам.

Полную версию смотрите на канале 1prof.by

– Якое радыё слухаеце самі?

– Раней, нават калі рабіў ранішнюю зарадку, я заўсёды браў з сабой прыёмнік. Сёння радыё слухаю праз смартфон, у асноўным – свае перадачы, і не таму, што я такі самаўлюбёны чалавек: мне цікава з прафесійнага пункту гледжання. А вось у рабочым кабінеце радыё ўключана заўсёды. Па прыёмніку слухаю Першы канал, па камп’ютару – «Наша радыё Беларусь». Так, у двайным гучанні, і праходзяць мае працоўныя будні.

А як жа радыёстанцыі-канкурэнты?

– Я не вельмі люблю передачы прыватных радыёстанцый. Некаторыя з іх навогул блытаюць радыё з дыскатэкай ці карпаратывам. У эфір трапляе шмат пошласці, гучыць гумар з разраду «ніжэй за плінтус». Лічу, што гэта не прафесійна. Супрацоўнік радыё, як і любы іншы сродак масавай інфармацыі, павінен мець такт і валодаць так званым душэўным майстэрствам, бо ад яго слоў залежаць пачуцці слухачоў. На жаль, сёння на радыё працуе вельмі мала добрых журналістаў…

– Прычына ў якасці адукацыі?

– На мой погляд, журналіст не абавязкова павінен мець спецыяльную адукацыю. Штогод універсітэты Беларусі выпускаюць сотні чалавек, атрымаўшых гэтую спецыяльнасць, але добра, калі палова з іх становяцца прафесіяналамі і працуюць у журналістыцы. Між тым я ведаю шмат добрых спецыялістаў, якія прыйшлі з іншых сфер дзейнасці. Справа не ў адукацыі. Галоўнае для журналіста – быць эрудзіраваным чалавекам, умець падтрымаць гутарку на любую тэму, а таксама мець сэрца і жаданне працаваць.

Практычна ўсе вашы праекты можна аднесці да інтэлектуальнай журналістыкі. Не хочацца зрабіць нешта больш лёгкае, для масавага слухача?

– Не хочацца! У наш век эфіры і так часцяком «засмечаны» шоу і эпатажам. Я ж аддаю перавагу жанру інтэлектуальнага інтэрв’ю, люблю паказваць глыбіню думкі, ролю чалавека ў жыцці і творчасці. Напрыклад, у праекце «Суразмоўцы» cустракаюся і размаўляю з цікавымі, таленавітымі людзьмі. Дарэчы, рэйтынгі ў праграмы добрыя. Акрамя таго, на думку многіх гледачоў, такой перадачы не хапала сучаснаму тэлевяшчанню.

– Вы захапляецеся таксама паэзіяй, пішаце вершы, прозу. З кім сябе больш атаясамліваеце – з журналістам, паэтам ці пісьменнікам?

– Цяжкае пытанне… Я самакрытычны чалавек, аднак мне вельмі хацелася б, каб Навума Гальпяровіча ведалі не толькі як журналіста і вядучага, але і як пісьменніка, паэта, творцу. Таму я заўсёды з хваляваннем стаўлюся да сваіх кніг. Мікрафон можа знікнуць, тэлеэкран – таксама, а вось тое, что ў сэрцы, застанецца назаўсёды. Кніга з дзяцінства была для мяне нечым галоўным і самым значным.

Ці можна сёння зарабіць на пісьменстве?

– Зарабіць на жыццё паэту вельмі цяжка. Творцам часцей даводзіцца траціць свае сродкі, каб надрукаваць кнігу. Тым не менш, на сёння ў мяне выдадзена 15 кніг. У мінулым годзе выйшлі вельмі дарагія для мяне зборнік паэзіі «Час лістападу» і кніга прозы «На скрыжаванні сноў». Нядаўна пабачыла свет яшчэ адна – «Подых пяшчоты». Яна будзе накіравана ў беларускія бібліятэкі.

Прыемна трымаць у руках вынік сваёй працы?

– Канечне! Але яшчэ больш прыемна, калі ты хочаш набыць сваю кнігу, а ў кнігарнях яе ўжо няма. Гэта гаворыць аб зацікаўленасці з боку чытача.

У кожнага пісьменніка звычайна ёсць твор, сугучны з яго унутраным светам. Ёсць такі ў Навума Гальпяровіча?

– У мяне такіх некалькі, вось адзін з іх:

«Так каршун хапае кураня,

Так знянацку воўк ляцiць у яму…

Я аднойчы зблытаў сон i яву,

I цяпер туга – мая радня.

I да скону мне свой горб насiць,

Быць рабом незразумелых правiл

I даказваць зноў, што маю права

Быць такiм, якiм жадаю быць.

Ды стрываю, ды перамагу.

Ды душу сваю зацісну ў краты,

Каб пачуць аднойчы на бягу:

Бачыце, а усё-такі ён гарбаты».

Гутарыла Вікторыя ЯКІМАВА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости