Наверх

Pishchа елі, смецце раздзялялі: экапраекты далучаюцца да культурных мерапрыемстваў

09 августа 2019

Фестываль месца SPRAVA, які прайшоў у мінулыя выхадныя на паўвостраве Чарэйскага возера (Віцебская вобласць, Чашніцкі раён), – унікальны для Беларусі па многіх параметрах.

Напрыклад, таму, што сваёй мэтай арганізатары бачаць паступовае змяненне стаўлення беларусаў да культурнай, гістарычнай і прыроднай спадчыны. Мы звярнулі ўвагу на тыя экалагічныя ініцыятывы, якія ўпершыню прэзентаваліся на фестывалі. Пры гэтым варта адзначыць і тыя, што адбываюцца тут традыцыйна: удзельнікі стараюцца захаваць прыродны ландшафт паўвострава, упісваючы ў яго свае аб’екты максімальна арганічна.

Шкло – асобна, пластык – асобна

У якасці валанцёраў дэбютавалі на фестывалі SPRAVA актывісты таварыства экалагічных арганізацый Беларусі “Зялёная сетка”.

– Калі мы бывалі тут проста як наведвальнікі, то зразумелі, што мерапрыемства вельмі душэўнае, – распавяла прадстаўніца таварыства Хрысціна Чарняўская. – Яно працуе на шырокае кола людзей, якія хочуць далучыцца да нестандартнай культуры.

Нягледзячы на тое, што прывычка раздзяляць смецце становіцца ўсё больш папулярнай сярод беларусаў, яна пакуль не стала іх “другой натурай”. А значыць, таксама ў нейкай ступені застаецца культурай нестандартнай. Большасці нашых суайчыннікаў яшчэ патрэбны штуршок для таго, каб раздзяляць адходы нават падчас вялікіх open air святаў і фестываляў. Дапамагчы ў гэтым гасцям SPRAVA вырашыла “Зялёная сетка”.

На тэрыторыі паўвострава з’явіліся імправізаваныя пляцоўкі для збора смецця і тлумачальныя схемы, што і куды кідаць. Кантроль за працэсам узялі на сябе валанцёры “Сеткі”, якія мелі тут і свой інтарэс.

– Мы вырашылі падключыцца і паспрабаваць “адкатаць” сваю схему сартыроўкі, паглядзець, ці ёсць у ёй хібы, – заўважыла Хрысціна Чарняўская. – А яшчэ ўвесці асобны збор смецця ў шэраг натуральных элементаў фестывалю. Каб пастаянныя наведвальнікі разумелі: гэта – неад’емная культура мерапрыемства.

Акрамя таго, што экалагічныя валанцёры асобна сабралі агульныя адходы, пластык, метал, шкло і адправілі іх на перапрацоўку, як і ўсе астатнія наведвальнікі яны не засталіся ў баку ад культурных мерапрыемстваў.

Паспрабавалі Pishchа?

У пераважнай большасці тое, чым частавалі наведвальнікаў SPRAVA, было прыгатавана з улікам патрабаванняў веганскай кухні. На фоне фалафеляў, грэчкі з семечкавай падліўкай і разнастайных крэм-супаў не згубіліся і веганскія галубцы. Каля століка з імі было не толькі смачна, але і цікава: карыснай стравай частавалі дзяўчаты, што развіваюць першы ў Беларусі харчовы банк Pishcha.

– Мы яшчэ толькі пачынаем, але наша канчатковая мэта – зрабіць такі банк пастаянным у Беларусі, – патлумачыла адна з актывістак Алена. – Мы забіраем прадукты, якія крамы збіраюцца выкінуць з-за заканчэння тэрміну рэалізацыі, і аддаем тым, хто мае ў іх патрэбу і зможа з’есці харчы да таго, як яны сапсуюцца.

Праект не мае нічога агульнага з рухам фрыганаў – людзей, якія прынцыпова харчуюцца тым, што знаходзяць на сметніках. Pishchа робіць усё магчымае, каб прадукты туды проста не траплялі.

– Для нас гэта этычны момант, – тлумачыць Алена. – Мы лічым, што прадухіліць выкідванне ежы, на вытворчасць якой ужо патрачаны прыродныя і чалавечыя рэсурсы, нашмат прасцей. Да таго ж гэта дапаможа захаваць чалавечую годнасць тым, хто на пэўным этапе жыцця вымушаны карыстацца паслугамі харчовага банка.

Галубцы, якімі Pishchа частавала ўдзельнікаў фестывалю, былі зроблены не з тых прадуктаў, якія ўдалося выратаваць ад утылізацыі. Тым не менш былі ахвочыя паспрабаваць (хутчэй з цікаўнасці, чым па неабходнасці) і тое, што “адваявана” у сметніцы. Гэта значыць, праект мае ўсе шансы стаць паспяховым.

Экалагічныя ініцыятывы на SPRAVA заўсёды арыгінальныя і нетрадыцыйныя. Таму вельмі цікава, чым парадуе фестываль праз год.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
24 ноября 2024 23 ноября 2024 22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости