Прыярытэты сям’і з Радашковічаў: горад – для працы, вёска – для камфортнага адпачынку
Кожную раніцу галава сям’і Сяргей Стома збіраецца на маршрутку ці электрычку, якія ідуць да Мінска. Ён працуе праграмістам у адной са сталічных ІТ-кампаніі. Дома ж застаюцца жонка Наталля і маленькі сын Кіруша. Да дэкрэтнага адпачынку журналіст Наталля Коцелева таксама спяшалася на прыпынак разам з мужам. Чаму маладыя людзі выбралі правінцыю для будаўніцтва свайго далейшага жыцця і свядома адмовіліся ад агнёў вялікага горада, паспрабуем даведацца ад іх асабіста.
Выбар зроблены
Калі абрыдзела здымаць у Мінску кватэры, пара вырашыла пераехаць у спакойнае мястэчка.
– Мы шукалі камфортнае месца для сямейнага жыцця паблізу чыгункі, бо працавалі ў сталіцы, а электрычкі, вядома, – зручны спосаб перамяшчэння, – узгадвае Наталля. – Але з цягам часу выразна сфармулявалася ідэя набыць сваё жыллё.
Пошукі будучага сямейнага “гняздзечка” маладзёны распачалі марознай зімой 2013 года, калі бушаваў цыклон “Хаўер”. На агледзіны ў Радашковічы іх прывезлі тагачасныя гаспадары дома на машыне.
– Мы ж думалі, што чыгуначная станцыя “Радашковічы” і аднайменны пасёлак – адное і тое ж, – прызнаюцца героі. – Не адразу ўцямілі, што гэта адлегласць у некалькі кіламетраў… Але, нягледзячы на абставіны, дом купілі. Месца тут сапраўды класнае – лясы на любы густ, рэчка, возера недалёка, нейкі асаблівы мікраклімат. Супакойвала і тое, што мы абодва захапляліся пешымі паходамі.
Наташа агучвае свой асабісты рэкорд – марш-кідок у 40 кіламетраў на абцасах.
– Радашковічы паступова ператвараюцца ў спальны раён Мінска, – даводзіць Сяргей. – Усе пустуючыя дамы навокал скупілі жыхары сталіцы. Неўзабаве будзе як на Захадзе: праца — у мегаполісе, а жыццё і адпачынак – у прыватным доме. Дарога туды і назад займае ў мяне прыкладна паўтары гадзіны. З мінскай ускраіны, лічы, – тое ж самае.
Наталля падхоплівае думку:
– Толькі тут суседзі вітаюцца, той класічнай солі заўсёды пазычаць, за дзіцёнкам прыгледзяць. Але ж яны і ўсё ведаюць – тут ужо не абысціся без “мінусаў”. У вялікім горадзе кожны сам па сабе. Але гэта таксама ні добра, ні дрэнна – кожны выбірае для сябе аптымальны варыянт існавання. Калі чалавек не можа жыць, як хоча, значыць, лянуецца ставіць мэты і дасягаць іх.
Радашковіцкай хаціне больш за 100 гадоў – ва ўцалелых дакументах пазначана, што пабудавана яна да 1917 года. Але маладыя гаспадары прызнаюцца, што ў “доме з гісторыяй” ім надта камфортна. Яны адчуваюць настрой хаты і перакананы, што тыя незнаёмыя будаўнікі ўзводзілі жыллё на пазітыве.
Акрамя ўсяго іншага, Наталлі і Сяргею дастаўся зямельны ўчастак на 15 сотак.
– Калі пачалі абжывацца, то высветлілі, што набыты дом знаходзіцца практычна ў аварыйным стане, – распавядаюць муж з жонкай. – Параіліся і вырашылі з цягам часу будаваць новае сямейнага гняздо. Гэты дом нам дарагі як памяць, таму яго абавязкова пакінем. Можа, абсталюем тут майстэрню.
“Давай памыем кошку!”
Свет гэтай маладой сям’і не абмяжоўваецца толькі ўласнымі патрэбамі мужа і жонкі – у гаспадарцы ёсць яшчэ жывыя істоты, якія штодня патрабуюць любові, увагі і клопату.
– У нас нават прымаўка нарадзілася: “А давай памыем кошку!” – залівіста смяецца Наталля. – Яна азначае нейкую спантанную прапанову. Раней, яшчэ да пераезду ў Радашковічы, у нас жылі дэкаратыўныя кролікі. Потым мы яшчэ раз “памылі ката” — набылі пару в’етнамскіх парсючкоў: Прошку і Хаўрошку. Яны ўжо 3 гады жывуць у нас і рэгулярна цешаць шматлікім патомствам. Потым з’явіліся трусы і гусі. Дзеля таго, каб у Кірушы было свежае і карыснае малако, купілі казу.
Гаспадары папярэджваюць, што недасведчаным гасцям і без “хабару” ў васьмушку хлеба да яе лепш не падыходзіць – наравістая Аладка можа без цырымоніі прыкласціся крэпкім ілбом ніжэй спіны. Але апошнім часам свавольніца прыціхла і ўсю ўвагу аддае свайму новаму сябру – казлу Штрудзелю.
– Я ўсё ўмею рабіць па гаспадарцы, бо вырасла ж у вёсцы, – прызнаецца Наташа. – Можа, таму і выбрала жыццё тут. Але ніводнай градкі ў мяне не будзе (смяецца)! У мінулым годзе паспрабавала разбіць свой агародзік, але мала толку з гэтага выйшла.
Калі верыць усходнім гараскопам, то сям’ю, у якой жыве сабака, чакаюць поспех і шчасце. А тры чатырохногія гадаванцы ці не гарантавана памножаць падарункі Фартуны? З вялікім і кудлатым Штапікам, які з цягам часу “трансфармаваўся” ў Тапак, Сяргей і Наталля пераязджалі з Заслаўя, дзе жылі пэўны час. Там ён вызначыўся тым, што хутка і назаўсёды навёў парадак у пад’ездзе – суровым выглядам напалохаў і паразганяў аматараў выпіць. Ньюфаўндленд Том аднойчы надакучыў былым гаспадарам, і Наталля прытуліла яго. Трэці гадаванец – пястун Бублік, паўгадовы “каўказец”. Малыш пакуль не ходзіць адзін на вуліцу і настойліва патрабуе да сябе ўвагі – нястомна падае моцную лапу новым знаёмым.
– Парода выведзена для пасьбы атар і аховы авечак ад ваўкоў, – кажа Наталля. – Серых драпежнікаў мы яшчэ не бачылі, але казы наш абаронца пакуль што баіцца.
Пакуль наладжваць стасункі Бублік трэніруецца на кошках – Маня і Булка напоўніцу зведалі шчодрасць шчанюка.
Акрамя вырашэння надзённых сямейных і гаспадарчых турбот, Наталля Коцелева актыўна працуе ў суаўтарстве з Вольгай Корсун (яна таксама знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку) над праектам, які тычыцца дзіцячай бяспекі ў інтэрнэце. Гэта будзе пляцоўка для бацькоў малалетніх юзераў, дзе кожны знойдзе карысную інфармацыю і меркаванні экспертаў.
– У вялікім горадзе камфортна працаваць: ён мабілізуе спешкай, натоўпам, тэхналагічнасцю, прымушае аптымізаваць кожную хвіліну, каб усё і ўсюды паспець, – разважае Наталля. – А вёска нікуды не спяшаецца. Тут камфортна адпачываць душой, адчуваць сябе гаспадаром свайго падворка, дома, часу. Ты належыш толькі сабе, а не іграеш нейкую ролю перад грамадствам. І пры гэтым асабістая тэрыторыя істотна большая за тую, што прапаноўвае n-пакаёвая кватэра. Але і адказнасці перад сабой тут таксама больш: калі нешта не зробіш, то лаяць камунальшчыкаў не будзеш, толькі сябе. Таму, напэўна, усё часцей людзі выбіраюць такі варыянт: жыць у вёсцы, а працаваць – у горадзе.
Іна ДАБРЫДЗЕНЬ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ