Мастак-манументаліст: “Мне не трэба прымушаць сябе ісці на працу”
Творы мастака-манументаліста Сямёна Дамарада захоўваюцца не толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, але і ў прыватных калекцыях у Англіі, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Канадзе, Кітаі, Латвіі, Польшчы, Расіі. На яго палотнах па-майстэрску адлюстраваны беларускія маляўнічыя краявіды, прырода, што дыхае спакоем і жыве ў сваім запаволеным рытме. Выразнасць творам надае і рознакаляровая гама адценняў – ад яркіх і насычаных да бледна-блакітных, зеленавата-жоўтых. Работы Сямёна Уладзіміравіча адметныя мяккім каларытам, гарманічным суладдзем кампазіцыі і колеравых суадносін.
“Вобразы мілыя роднага краю” запалі ў душу яшчэ ў дзяцінстве, калі ён разам з бацькам (таксама мастаком) хадзіў ў грыбы, на начную рыбалку – менавіта тады ўважліва глядзеў, слухаў, назапашваў непаўторныя ўражанні. Заняткі ў студыі выяўленчага мастацтва бабруйскага Дома піянераў, пленэры ў ваколіцах роднага горада (на іх вывозіў сваіх вучняў выкладчык Барыс Бяляеў) пайшлі на карысць. У 14 гадоў Сямён паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава. Пасля 2-гадовай службы ў войску вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.
Асноўны жанр творчасці мастака – пейзаж. “Гэта работа не заўсёды лёгкая, – адзначыў у інтэрв’ю 1prof.by Сямён Дамарад. – Часам у працэсе творчага пошуку даводзіцца ахвяраваць знешне прыгожымі эфектамі. На жаль, кожнае палатно не можа быць шэдэўрам”.
Варта адзначыць, што Сямён Уладзіміравіч – універсальны мастак-манументаліст, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, аўтар работ у тэхніцы вітража, мазаікі, роспісу. Адны з яго апошніх прац – вітраж у Палацы Незалежнасці і манументальны твор “Адвечнае”, які ўпрыгожвае ўнутраную прастору Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, мазаікі “Лета” ў санаторыі “Волма” Мінскага раёна. З 1985 года Сямён Дамарад з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за стварэнне серыі пейзажаў “Зямля беларуская”.
Паэтычнасць мастака можна ўбычыць у кожным ягоным творы, у кожным пейзажы. Але самая творчая пара для яго – восень.
– Ёсць у ёй своеасаблівае журботнае зачараванне, у ранішніх туманах утойваюцца рысы задуменнасці – у гэтым тонкая душэўная прыгажосць, – сцвярджае мастак.
– Пэўна вы нарадзіліся пад шчаслівай зоркай?
– Безумоўна, таму што займаюся любімай справай. Мне не трэба сябе прымушаць ісці на працу, хаця час ад часу яна бывае складанай.
Таццяна СЦЕШЫЦА
Фота Віталя ГІЛЯ