Наверх

Шчаслівай дарогі ў прафесію: на “Камінтэрне” правялі свята “Прысвячэнне ў рабочыя”

25 сентября 2018

Для іх прафкам пры ўсебаковай падтрымцы кіраўніцтва прадпрыемства арганізаваў тэматычнае мерапрыемства “Прысвячэнне ў рабочыя”, прымеркаванае да заводскага Дня маладога рабочага.

– У святочным календары швейнай фабрыкі гэтая падзея – асаблівая, – адзначыла старшыня прафкама прадпрыемства Алена Нагорная. – Адміністрацыя і прафкам з першых дзён работы маладых спецыялістаў стараюцца падтрымаць, дапамагчы ім як мага хутчэй пазнаёміцца з асноўнай вытворчасцю, структурнымі падраздзяленнямі, а таксама з грамадска-культурнай дзейнасцю, каб актыўна ўключыцца ў яе.

Пацвярджэннем гэтаму стала выступленне на сцэне з музычным віншаваннем калектыву мастацкай самадзейнасці прадпрыемства. Літаральна некалькі тыдняў таму ён значна памаладзеў: у творчы склад уліліся дзве дзяўчыны, якія не толькі хораша спяваюць, але і як швеі выконваюць вытворчыя заданні на ўзроўні майстроў са стажам.

Дарэчы, на буйнейшым швейным прадпрыемстве Беларусі жаночыя рукі штомесячна вырабляюць звыш 40 тысяч брэндавых мужчынскіх касцюмаў. Гэта стала магчымым пасля мадэрнізацыі вытворчасці, адным з найважнейшых элементаў якой стала райскройнае абсталяванне. Цяпер больш за 60% прадукцыі ААТ “Камінтэрн” пастаўляецца на экспарт у звыш 20 краін свету.  Таму маладым швеям, учарашнім выпускнікам гомельскіх навучальных устаноў – шматпрофільнага ліцэя, прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання, каледжа народных промыслаў і іншых – адразу патрэбна пачынаць працу на суперсучасным абсталяванні.

І, па прызнанні начальніка вытворчага цэха № 2 Святланы Татаравай, яны хутка і паспяхова асвоілі нават складаныя аўтаматы. Што, на думку кіраўніка цэха, сведчыць аб высокім узроўні падрыхтоўкі маладых спецыялістаў у навучальных прафесійна-тэхнічных установах рэгіёна.

Сацпартнёры акцыянернага таварыства  шмат увагі ўдзяляюць моладзі –  у калдагаворы прадугледзелі дадатковыя меры падтрымкі і стымулявання, актыўна падтрымліваюць ініцыятывы. І людзі  адгукаюцца на гэта.

Арганізатары падрыхтавалі для маладых прадстаўнікоў рабочых прафесій тры цікавыя прэзентацыі. Яны расказваюць пра гісторыю і багатыя традыцыі таварыства, якое, дарэчы, у наступным годзе адзначыць векавы юбілей. Моладзь запрасілі ўдзельнічаць у розных сферах грамадскага і вытворчага жыцця, расказалі  аб шматграннай дзейнасці прафсаюза, магчымасцях замацававання на першым рабочым месцы, росту заробку і кар’еры.

– Важна, каб вы ўсвядомілі значнасць абранай прафесіі і маштабнасць прадпрыемства, на якое прыйшлі працаваць, адчулі суладнасць каманднай працы, ад якой залежыць канчатковы вынік нашай агульнай дзейнасці, каб вы сталі адной вытворчай сям’ёй, – звярнуўся да моладзі генеральны дырэктар таварыства Пётр Афончанка. – Старайцеся быць дапытлівымі ва ўсім, імкніцеся стаць прафесіяналамі, а дапамогуць вам у гэтым вопытныя настаўнікі, якіх на фабрыцы шмат.

Цёплыя словы на добрую дарогу ў прафесію прагучалі і ад старшыні прафкама Алены  Нагорнай, старшыні савета ветэранаў Святланы Макаравай, намесніка гендырэктара  Ірыны Абрамцавай ды іншых.  

Маладым рабочым былі ўручаны памятныя падарункі ад адміністрацыі і прафкама акцыянернага таварыства на памяць аб падзеі.

У сваю чаргу, маладыя швеі падзялілася першымі ўражаннямі аб працы, падзякавалі за тое, што хутка змаглі пазнаёміцца з буйным прадпрыемствам, з якім звязваюць будучыню.

Уладзімір МІКАЛАЕЎ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости