Наверх

Срэбнае стагоддзе ювеліраў Расіі: у Мінску працуе ўнікальная выстава

04 октября 2018

Экспанаты належаць фондам Дзяржаўнага гістарычнага музея (Масква), але дзякуючы сумеснаму праекту з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі аматары ювелірнага мастацтва могуць асабіста ацаніць іх арыгінальную прыгажосць.

На выставе прадстаўлены вырабы знакамітых брэндавых прадпрыемстваў Фабержэ і майстэрні Аўчыннікава, фірмы братоў Грачовых. Але насуперак стэрэатыпам тут можна ўбачыць і незвычайныя рэчы: бірульку-гільяцінку для абрэзвання цыгар, кальцо для сурвэткі, вазу для садавіны ў выглядзе сялянкі… Дарэчы, з фондаў вядучага расійскага музея, які налічвае 5 мільёнаў экспанатаў, старанна вылучылі і прывезлі ў Мінск 149 рарытэтаў (агульная вага іх 79 380 грамаў).

– Шчыра кажучы, для нас – гонар прымаць калег і каштоўную калекцыю ювелірнай вытворчасці. Гэта не першы сумесны праект, спадзяюся на далейшае плённае супрацоўніцтва. Напрыклад, тэматычны блок “Срэбра рускай арміі” асабіста для мяне стаў адкрыццём, – падзяліўся ўражаннямі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька.

У тэматычных вітрынах размешчаны незвычайныя рэчы: срэбны посуд у выглядзе бомбы, якая гарыць, мадэль штыка 1889 года і малаток з футаралам для замацавання сцяга. Таксама наборы для напояў, браціна (посуд для крушону), каўшы, упрыгожаныя выявамі гістарычных бітваў, шматлікія срэбныя знакі ўзнагароды палкоў, афіцэрскія падарункі.

Наогул, экспазіцыя знаёміць з рознымі ювелірнымі фірмамі, майстэрнямі і асобнымі спецыялістамі. У тыя часы Пецярбург выступаў як заканадавец моды, стылістычных плыняў, у асноўным зарыентаваных на заходнееўрапейскую культуру. Маскоўская школа грунтавалася на старажытных традыцыях народнага мастацтва – практычна ўсе шматлікія фабрыкі і майстэрні (у Маскве іх налічвалася каля 500) выпускалі вырабы ў рускім стылі.

– Гэты маштабны міжнародны выставачны праект, прадстаўлены ўпершыню ў Беларусі, дае ўнікальную магчымасць далучыцца да ўзораў рускага ювелірнага мастацтва перыяду яго росквіту і стварэння новых формаў, – падкрэсліў прадстаўнік генеральнага партнёра Нацыянальнага гістарычнага музея, намеснік генеральнага менеджэра кампаніі JTI у Беларусі Генадзь Бруснікаў.

Выстава працягнецца да 7 лістапада.

Яна ЯГОРАВА

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости