Наверх

Свята кожны дзень: Дзед Мароз расказаў пра сваю працу, штодзённыя цуды, дзіцячыя душы

30 декабря 2019

Алег Рыхтэр – артыст Беларускага тэатра “Лялька”. Ён выходзіць да гледача ў самых розных вобразах: і камічных, і глыбока лірычных, і гераічных. Але калі б у акцёрскім арсенале было асобнае амплуа – Дзед Мароз, то яно, без сумненняў, належала б менавіта яму.

Дзед Мароз з 30-гадовым стажам, якога ведае і любіць не адно пакаленне маленькіх віцяблян, гаворыць, што атрымлівае ад гэтай ролі сапраўднае задавальненне. І калі назіраеш за ім з глядзельнай залы, то ўпэўніваешся адразу: не маніць.

Дзед-творца

– Акцёраў у тэатрах працуе шмат, – разважае Алег. – Але мне здаецца, гэтую ролю можа сыграць не кожны. З іншага боку, бывае звычайны чалавек у душы – Дзед Мароз. Тут на першым плане чалавечыя якасці: трэба любіць людзей і любіць дзяцей.

Дзеда Мароза з “Лялькі” былі б рады бачыць у любым дзіцячым садку. Але ён згаджаецца працаваць не з кожным. Вызначальнае для Алега Рыхтэра – гатоўнасць дарослых тварыць у тандэме. Ён не проста выходзіць да дзетак, а спачатку разам з музычным кіраўніком працуе над сцэнарыем свята, падказвае прафесійныя нюансы. І людзі, гатовыя пачуць падказкі, ніколі не шкадуюць аб такім тандэме.

– Я не супрацоўнічаю з тымі, хто закрыты для дыялогу. Бо кожны ранішнік, нават для самых маленькіх, – гэта не халтура, гэта – творчасць. А для мяне яшчэ і самарэалізацыя, – прызнаецца артыст. – Хаця гэтыя святы бываюць вельмі рознымі. І цяжкімі ў тым ліку. Заўтра пайду ў інтэграваную групу, у ёй ёсць дзеткі з дыягназам “аутызм”. Складаная праца, але патрэбная.

Алегу Рыхтэру давялося папрацаваць і на дарослую аўдыторыю. На свой першы карпаратыў ён трапіў у 90-х. Тады, прыгадвае, моцна расчаравала культура людзей, якія замовілі свята. І жаданне прыходзіць у вобразе добрага чараўніка да дарослых надоўга знікла. Затое вяртанне праз дзясятак гадоў, калі карпаратывы сталі часткай жыцця любой, не толькі “крутой” кампаніі, падаравала прыемны сюрпрыз: Дзед Мароз убачыў у зале зусім іншую публіку. Яна хацела культурна правесці час, была гатова да нестандартнага сцэнарыя. З таго часу некалькі гадоў запар Алег разам з калегамі рабіў навагоднія праграмы для дарослых, выкарыстоўваў лялькі, назапашаныя песні і карагоды.

Зараз ад дарослых праграм артыст адмовіўся: калі табе 50, такія нагрузкі даюцца цяжэй, чым калісьці. Але дзіцячыя ранішнікі пакінуць не можа: яны даўно перасталі быць крыніцай заробку і ператварыліся ў нешта невымерна большае.

Дзед-паліглот

Калі пры консультве Латвіі ў Віцебску працавала нядзельная школа, дзе дзеці вывучалі мову і традыцыі сваіх продкаў, Алегу Рыхтэру давялося прымерыць і вобраз Санты.

– Я не ведаю латышскай мовы дасканальна, але яна на слыху, бо ў Латвіі жывуць мае сваякі, – расказвае артыст. – Таму калі мяне запрасілі на ранішнік у консульства, мне не цяжка было вывучыць некалькі фраз і верш на латышскай мове. Але аднойчы гэтыя веды спатрэбіліся не толькі там.

Алег прыгадвае, як яго папрасілі павіншаваць дзетак, што мусілі правесці свята ў інфекцыйнай бальніцы. Дзед Мароз абыходзіў палаты, калі раптам у адной з іх прадставілі хлапчука: “Гэта Яніс, і ён табе, Дзядуля Мароз, прачытае вершык на латышскай мове”. Алег прыгадвае, што адразу павітаўся з дзіцем па-латышску і пачаў чытаць верш, які некалі вучыў для ранішніка ў консульстве. А хлопчык, акругліў вочы і запытаў: “Ты прыехаў да мяне з Рыгі?”. “Вядома, з самой Рыгі. Спецыяльна, каб павіншаваць цябе”, – запэўніў зімовы чараўнік. Малы быў вельмі ўражаны. А на наступны дзень артысту зноў тэлефанавалі – на гэты раз бацькі Яніса. Раніцай хлопчыку стала зусім добра, і яго адпусцілі дамоў.

Што гэта было? Супадзенне? А можа, маленькі цуд? Алег Рыхтэр загадкава ўсміхаецца. Наогул жа яму лёгка даюцца мовы. А замежныя гастролі – магчымасць іх практыкаваць. І Дзед Мароз з “Лялькі” можа павіншаваць са святам па-нямецку, па-французску, па-польску.

– Неяк мяне запрасілі да дзяўчынкі, якая перажыла стрэс,  – прыгадвае Алег. – Мама і тата ігралі ў садку Дзеда Мароза і Снягурку, і малая дачка пазнала іх. Ад крыўды на падман дарослых і ад роспачы, што зімовага чараўніка не існуе, яна перастала размаўляць з бацькамі. Я ўзяўся дастукацца да малой. Пачаў тлумачыць, што Дзеду Марозу патрэбныя памочнікі, вунь колькі дзяцей чакаюць свята. Але я – той самы, сапраўдны. А каб дзяўчынка мне паверыла, сказаў, што абышоў увесь свет. У доказ пачаў размаўляць на розных мовах. У вачах дзіцяці з’явіліся давер і цікаўнасць. А калі яна дазволіла да сябе дакрануцца, я адчуў, як шалёна калоціцца яе сэрца. І зразумеў: паверыла.

І ўсё-такі самы арганічны Дзед Мароз у выкананні Алега Рыхтэра – той, які гаворыць на беларускай мове. Ён прызнаецца: вельмі радуе, што мова вяртаецца ў садок, у некаторых дзіцячых установах нават ёсць метадычныя рэкамендацыі праводзіць беларускамоўныя карагоды. А сёлета цэлая група выхаванцаў віцебскага садка вывучыла вершы па-беларуску. Дзеці запомнілі з мінулага года, што Дзеду Марозу гэта надзвычай падабалася.

Духоўнае і матэрыяльнае: у пошуку балансу

У Дзеда Мароза – высакародная місія. Тым не менш, наколькі гэта прыбытковая праца? Алег Рыхтэр заўважае, што ёлачны сезон дазваляе зарабіць на рэчы, якія складана набыць за акцёрскую зарплату.

– Напрыклад, тэлевізар, – пералічвае ён. – А быў год, калі пасля “ёлачак” мы змаглі адкласці грошы на рамонт. Рэальнасць такая, што цэлы год мы працуем фактычна, каб пракарміць сябе. А грунтоўныя пакупкі плануем пасля Новага года.

Але, заўважае артыст, не адзін ён жыве “з капейкі”. Заробкі растуць не так хутка, як цэны. Таму і для бацькоў часам бывае цяжка вылучыць з сямейнага бюджэту 4 рублі “на Дзеда Мароза” (менавіта такі сярэдні кошт паслуг з чалавека).

Тым не менш, пазітыўныя змены ў чалавечай свядомасці ён заўважае з вялікім задавальненнем. У тэатр апошнім часам усё больш стала прыходзіць мужчын. А на навагоднія святы купляюць не самыя танныя білеты (праграма ў “Ляльцы” каштуе 12 рублёў) цэлымі сем’ямі. І дзіця, з якім бацькі стараюцца дзяліць яго радасці і няўдачы, відаць адразу: такія хлопчыкі і дзяўчынкі лепш размаўляюць, добра і выразна чытаюць вершы.

– Але не падабаецца, што да мастацтва некаторыя дарослыя працягваюць ставіцца як да забавы, – напрыканцы гутаркі зусім не святочную тэму крануў Дзед Мароз. – Хочацца, каб чыноўнікі ад адукацыі зразумелі: мы можам і павінны сумесна выхоўваць дзяцей. На класічных творах, на добрым якасным мастацтве. Тады і будуць адбывацца цуды. Не толькі на сцэне, але і насамрэч у дзіцячых душах.

 

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

 

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
28 апреля 2024 27 апреля 2024 26 апреля 2024 25 апреля 2024 24 апреля 2024
Все новости