Наверх

Ад «салдацкіх» медалёў да ордэнаў палкаводцаў. Даведацца пра ўзнагароды Вялікай Айчыннай прапануюць ў Новым Замку

23 марта 2022

На выставе «Народжаныя Подзвігам» прадстаўленыя больш за пяцьдзесят узнагарод з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічны музея. Яны належалі ўдзельнікам вайны, у тым ліку Героям Савецкага Саюза гродзенцам Адаму Ляшчынскаму і Івану Лебедзеву.

– У першай вітрыне – адны з самых каштоўных ваенных узнагарод. Асабліва рэдкія – ордэн Александра Неўскага і Багдана Хмяльніцкага, якія з’явіліся ў 1942 і 1943 гадах адпаведна, – пачынае знаемства з экспазіцыяй навуковы супрацоўнік аддзела найноўшай гісторыі музея Андрэй Грэсь. – Ордэнам Багдана Хмельніцкага ў асноўным узнагароджвалі высокі камандны склад. Цікава, што гэта адзіны з савецкіх ардэноў, дзе надпіс на аверсе выкананы на ўкраінскай мове. Ён быў заснаваны ў 1943 годзе, калі пачалося вызваленне Украіны і быў вызвалены Кіеў. Ордэнам Аляксандра Неўскага ўзнагароджвалі афіцэрскі склад ад камандзіра ўзвода да камандзіра дывізіі.  У вітрыне знаходзіцца і «салдацкі» ордэн – ордэн Славы.

На выставе можна ўбачыць ордэн Леніна і ордэн Чырвонага сцяга (гэта, між іншым, адна з першых узнагарод савецкай Расіі). Падчас вайны, у лістападзе  1943 года, быў зацверджаны вышэйшы ваенны ордэн СССР – ордэн «Перамога». Разам з ордэнамі ў зале музея прадстаўлены медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», якія асабліва цэняцца сярод ветэранаў-франтавікоў. Згаданыя медалі заснаваныя яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, але і ў яе час гэтымі медалямі масава ўзнагароджвалі як генералаў, так і простых салдат.

– Асобная вітрына прысвечана ўзнагародам франтавікоў, якія атрымалі высокае званне «Герой Савецкага Саюза» і пасля вайны жылі ў Гродне. Адам Браніслававіч Ляшчынскі атрымаў гэта званне за гераізм, праяўлены пры фарсіраванні Дняпра і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе. У баях на Дняпры вылучыўся і Іван Данілавіч Лебядзеў, які, адбіваючы варожую контратаку, знішчыў 3 танкі і каля ўзвода варожай пяхоты, – працягвае гісторык.

У экспазіцыі можна ўбачыць медалі з так званай «аборончай» серыі. Яны аднатыпныя, чаканіліся з латуні, на аверсе – назва горада ці мясцовасці, на реверсе надпіс «За нашу советскую Родину». Гэта і медаль «За абарону Ленінграда», і медаль «За абарону Севастопаля», і медаль «За абарону Сталінграда», і іншыя. Бітва пад Сталінградам стала пачаткам карэннага пералому ў Вялікай Айчыннай вайне: пасля яе савецкая армія перайшла ў наступленне. Пад Сталінградам разграмілі вялікую групіроўку праціўніка і ўзялі ў палон камандуючага арміяй генерал-фельдмаршала Паўлюса.

–   Канешне, перамога дасягалася не толькі падчас баявых дзеянняў на фронце, але залежала і ад працы тыла. Для таго, каб вялікія савецкія заводы не дасталіся ворагу, іх вывозілі ў эвакуацыю ў Паволжа і Сібір, на Урал. Усе працаўнікі тыла атрымоўвалі медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». На ўзнагародзе профіль Сталіна і надпісы «Наше дело правое» і «Мы победили», – звяртае ўвагу Андрэй Грэсь. – Цікавасць выклікаюць медалі «За працоўную доблесць», «За працоўную адметнасць», а таксама нагрудныя знакі. Імі ўзнагароджвалі рабочых, калгаснікаў, адміністрацыйных работнікаў.

Падчас вайны, летам 1944 года, было ўстаноўлена ганаровае званне «Маці-гераіня» і заснаваны ордэн «Маці-гераіня», якім узнагароджвалі жанчын, што нарадзілі і выхавалі 10 і больш дзяцей.  Першай, хто яго атрымаў, была Ганна Аляксахіна з пасёлка Мамантаўка Маскоўскай вобласці. Яна выхавала дзесяць сыноў і двух дачок (чацвёра сыноў загінулі на фронце). Адначасова заснавалі ордэн «Мацярынская слава» і  «Медаль мацярынства». Гэтыя ўзнагароды сталі знакам павагі да жанчын.

– Асобна сабраныя медалі з так званай «наступальнай серыі» за  вызваленне Чырвонай арміяй гарадоў Усходняй Еўропы («За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Вены» і інш). Яны, як і медалі з «аборончай» серыі, чаканіліся з латуні, на аверсе – назва горада ці мясцовасці, на реверсе – дата вызвалення горада, – апісвае супрацоўнік музея. –  9 мая 1945 г.  быў заснаваны медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», у верасні гэтага ж года – «За перамогу над Японіяй». Пасля ўзяцця Берліна і капітуляцыі Германіі, Савецкі саюз у жніўні 1945 года абвясціў вайну мілітарысцкай Японіі і дапамог краінам антыгітлераўскай кааліцыі разбіць апошняга саюзніка Германіі. Так завяршылася Другая сусветная вайна.

Алена КАЯЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости