Наверх

У тэатры назаўжды. Актрыса, спявачка, аўтар праектаў Святлана Жукоўская расказала пра сцэну і жыццё

23 мая 2022

«У кожнага свой шлях у нашу прафесію», – упэўнена актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, вядучы майстар сцэны, уладальніца прыза Саюза Тэатральных Дзеячоў «Крыштальная Зорка» Святлана Жукоўская. У дзень нараджэння, 25 мая, госці і паклоннікі яе таленту збяруцца ў тэатры, каб адзначыць юбілей любімай актрысы.

Як рыба без вады

Святлану Жукоўскую ведаюць не толькі віцебскія тэатралы. Яна знаёма публіцы таксама як спяваючая актрыса. Пачалося ўсё ў 1982 годзе. Тады мастацкае кіраўніцтва тэатра запрасіла выпускніцу Гродзенскага вучылішча мастацтваў Святлану Жукоўскую выканаць ролю Настачкі ў спектаклі «Несцерка» В.Вольскага, візітнай картцы коласаўцаў. Гераіня шмат спявала, працаваць трэба было адначасова ў драматычным і вакальным фармаце.

З 1982 года Святлана Жукоўская служыць у тэатры Якуба Коласа, ні разу не здраджвала гэтаму калектыву. За гэты час сыграна больш за 100 роляў, запісаны песні сумесна з былым кіраўніком музычнай часткі тэатра Генадзем Шэметам і вядомым віцебскім гітарыстам, кампазітарам, аранжыроўшчыкам Вячаславам Дацкевічам. Святлана прымала ўдзел у шматлікіх нацыянальных вакальных конкурсах для драматычных артыстаў, вынікам якіх стала Гран-пры рэспубліканскага конкурса «Спяваюць артысты тэатра і кіно».

А пасля выступлення на фестывалі «Танцуючыя Эўрыдыкі» памяці Ганны Герман у Зялёнай Гуры, яе запрасілі спяваць на фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» разам з польскімі выканаўцамі і жывым аркестрам.

– Я без песні як рыба без вады, – прызнаецца актрыса.

І тым не менш, калі б зараз ёй наноў давялося абіраць свой жыццёвы шлях, яна не здрадзіла б драматычнаму тэатру, бо праца тут дала рэч, якую немагчыма пераацаніць – асаблівую стылістыку выканання.

– З кожнай песні я раблю маленькі спектакль. Калі б я не была драматычнай актрысай, магчыма, я спявала б дакладна па нотах, але без глыбіні, уласцівай акцёрам драмы, – кажа Святлана Жукоўская.

А яшчэ яна стараецца пераймаць прынцыпы выканання Эдзіт Піаф. Калісьці вялікая спявачка напісала, што не спявае адну і тую ж песню аднолькава два разы. Бо паміж выкананнямі праходзіць час, адбываюцца пэўныя падзеі. Яны ўзбагачаюць творцу вопытам. І калі той сапраўды прапускае матэрыял праз сэрца і душу, не могуць на ім не адбіцца.

Родам з дзяцінства

– Сапраўдная творчасць пачалася з маленства, – працягвае актрыса. – Сваякі і з матчынага, і з бацькавага боку спявалі ўсе. Маці расказвала, што яе тата, мой дзед Іосіф, скончыў Віленскую духоўную семінарыю, стаў псаломшчыкам, кіраваў царкоўным хорам, дасканала валодаў скрыпкай, а з сабой заўсёды насіў камертон. Таму і яго дачка, мая мама, з маленства хадзіла ў царкву, спявала на клірасе.

Аднойчы маленькая Святлана папрасіла маму: «Навучы мяне спяваць так, як ты». І жанчына адказала: «Дачушка, спявай сэрцам». Прайшлі гады, і цяпер актрыса ведае дакладна, што мела на ўвазе мама. А тады, у маленстве, бацькі (дарэчы, абодва настаўнікі), заразілі дачку яшчэ адным сваім захапленнем. У вольны час яны былі актыўнымі самадзейнымі артыстамі, ігралі ў спектаклях народнага Астрынскага тэатра. У гэтым калектыве адбыўся і першы акцёрскі дэбют Святланы, ва ўзросце 6 год яна сыграла дзяўчынку, што разам з дзедам прыходзіць на магілу мамы.

– Свае першыя крокі на сцэне я памятаю да сённяшняга дня. Гэта была п’еса Уладзіслава Галубка «Ганка», – прыгадвае Святлана Жукоўская. – Таксама як ўся наша радзіна, спяваў і іграў на музычных інструментах мой родны брат Ігар. Відаць, творчасць – гэта мой лёс, падараваны Богам.

Падараваны Богам лёс

Як калісьці і мама, Святлана Жукоўская абрала сабе мужа – калегу. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка таксама служыць у коласаўскім тэатры, сужэнцы часта бываюць партнерамі на сцэне, абодва актыўна занятыя ў рэпертуары.

– Гэта адначасова і лёгка, і складана, – расказвае Святлана. – Добра, што мы можам паглядзець і ацаніць адзін аднаго з боку. Здараюцца і прафесійныя спрэчкі, але мы імкнемся ўсё абмеркаваць і вырашыць без крыўд. Артыст пасля спектакля ці рэпетыцыі бывае спустошаны, бо аддае сваю энергію глядзельнай зале. У такія хвіліны нам абодвум патрэбна разрадка. Муж знаходзіць яе на дачы, дзе стараецца не столькі пасадзіць грады, колькі ўпрыгожыць прастору, вырасціць кветкі і кусты. Я дапамагаю. А ў вольны час звяртаюся да кніг. Перавагу аддаю філасофскай літаратуры, люблю паэзію.

Святлана Жукоўская расказвае, што кожны творчы чалавек у пэўны час адчувае неабходнасць выйсці з зоны камфорта, зрабіць нешта новае. Актрыса ў такім перыядзе знаходзіцца зараз: яна займаецца прафесійна вакалам і імкнецца вярнуць у свой дом і сваё жыццё гітару. Калісьці спяваць і іграць на інструменце яе навучыў брат.

Потым быў перыяд захаплення рамансамі. У суаўтарстве з актрысай тэатра Наталляй Аладкай і канцэртмайстрам Аленай Парфёнавай з’явіліся два рамансавыя праекты – «Не искушай меня без нужды»  і «Ты мне сказал «люблю» и верить я готова». Яны і зараз з поспехам ідуць на камернай сцэне тэатра. А не так даўно сын Мікіта падарыў Святлане сваю гітару, каб «мама развівалася, не стаяла на месцы». І гэта ўмацавала рашучасць вярнуць у сваё жыццё навыкі ігры на ёй.

– Наш з Георгіем сын, Мікіта, артыстам не стаў, – заўважае Святлана Жукоўская. – Хаця добра іграе на гітары і фартэпіяна, у маленстве выходзіў на сцэну і ў спектаклях нашага тэатра. Ды і цяпер сябры называюць яго душой кампаніі. Але ў яго свой шлях. Мы здолелі, як кажуць, не забіць у дзіцяці Моцарта. Сыну шмат часу аддавалі мае бацькі, і тата, былы выкладчык матэматыкі, вельмі хутка адчуў, што хлопчык «пайшоў па ім». Яны пастаянна гулялі ў лагічныя гульні. Дзядуля нават у карты Мікіту навучыў іграць, абапіраючыся на логіку. У выніку сын стаў запатрабаваным праграмістам. 

Жыць сумленна

– Калі я была падлеткам, то паабяцала сабе, што свой шлях па жыцці я прайду максімальна сумленна, – дзеліцца актрыса. – Такі шлях няпросты, але ён чэсны перед Богам і сабой. Я веруючы чалавек і часта прыгадваю словы маёй калегі Кацярыны Васільевай, якая стала манахіняй: «Прывяжыце сябе да Бога». Я стараюся рабіць гэта.

Сапраўдныя людзі заўжды прыцягваюць да сябе. І Святлане, насуперак распаўсюджанаму меркаванню нібы сяброўскія адносіны ў творчым калектыве немагчымыя, пашанцавала мець сяброўку сярод калег. 

– З актрысай Наталляй Аладкай мы розныя, кожны чалавек – гэта асобная планета, але мы блізкія духоўна. Яна верыць у мяне і вельмі давярае як у прафесіі, так і ў жыцці, – прызнаецца Святлана Жукоўская. – Мы заўсёды гаворым адна адной праўду, можам дазволіць сабе і пікіроўку, бо блізкія.

Збліжаюць актрыс і сумесныя працы. На іх рахунку 2 рамансавыя праекты і адзін ваенны «Как я люблю глубину твоих ласковых глаз». У аснове апошняга – гісторыя кахання хлопца з Херсоншчыны Уладзіміра Смерадзінскага і віцяблянкі Валянціны Якаўлевіч, якую яны пранеслі праз усю вайну. Я яшчэ спектакль «Калісь глядзеў на сонца я», прысвечаны Максіму Багдановічу. Ён з’яўляецца прадметам асаблівага гонару актрыс.

– Мы вельмі старанна працавалі з гэтым матэрыялам, вывучалі біяграфіі паэта, яго сваякоў і сяброў, прадумвалі выканаўцаў. І ў першую чаргу Максіма Багдановіча, – расказвае Святлана Жукоўская. – Унутранае і знешняе падабенства пабачылі ў Яўгена Лук’янава. Зараз акцёр працуе ў іншым тэатры, таму спектакль пакуль паставілі «на паузу». Але з рэпертуара ён не выключаны.

Дарэчы, з двума апошнімі спектаклямі коласаўцаў запрашалі ў Маскву, пастаноўкі паказвалі на сцэне беларускага пасольства.

Для юбілейнага вечара мастацкае кіраўніцтва прапанавала Святлане Жукоўскай падрыхтаваць камерны музычны вечар у фармаце кватэрніка «Душэўная размова». Яна згадзілася, нягледзячы на тое, што ў яе рэпертуары сапраўды бенефісны спектакль «Я вольны» паводле Амелі Натомб. Актрыса прызнаецца, што ў неспакойны цяперашні час ёй не хочацца прапаноўваць сваім самым шчырым прыхільнікам і сябрам трагічны матэрыял. Над сцэнарыем вечара, які пабачыць глядач, працавалі сама юбілярша, Наталля Аладка і кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Алесь Замкоўскі, у якасці рэжысёра выступіў Андрэй Жыгур. 

– Гэта будзе размова з гледачом, у час якой мы паўстанем не як акцёры, а як звычайныя людзі, – расказвае Святлана. – Будзем прыгадваць нешта кранальнае, асабістае, смешнае, будзем спяваць. А ў другой частцы збяруцца госці. Хто гэта будзе? Не хачу адкрываць сакрэт. Скажу толькі тое, што і я паўстану ў вельмі нечаканай якасці.

На развітанне Святлана Жукоўская прызнаецца, што адчувае сябе шчаслівай, калі дорыць радасць і цеплыню гледачам. І запэўневае: гэта абавязкова будзе адбывацца і не толькі у час юбілейнага вечара!

Вікторыя Дашкевіч

Фота з асабістага архіва Святланы Жукоўскай

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости