Наверх

Што яднае “бавоўну” і “гонар”? Квэст па Беларускім моры для аматараў мовы

26 февраля 2019

Ці падарожнічалі вы па Беларускім моры? Скажаце, што такога няма? Гэта зараз. А паводле паданняў і сведчанняў гісторыкаў, у старажытныя часы яно існавала на тэрыторыі сучаснага Палесся, але потым абмялела і паступова ператварылася ў балоты.

“Чаму б не вярнуць гэты прыгожы вобраз?” – падумалі ў Цэнтры культуры “Полацк” і правялі незвычайную гульню-квэст. Яе ўдзельнікамі сталі вучні 7–9-х класаў школ горада.

Падарожжа пачалося з “Вострава ведаў”, дзе каманды адказвалі на пытанні па гісторыі дзяржаўнасці і культуры Беларусі. Потым іх чакаў “Літаратурны форт”. Тут трэба было на хуткасць распазнаць партрэты пісьменнікаў. Наступны прыпынак – “Востраў шыфраў”. Удзельнікі павінны былі адгадаць, які запавет пакінуў дзецям Кузьма Чорны (дарэчы, ён заклікаў шанаваць дружбу). У “Лесе пераблытаных прыказак” школьнікі злучалі часткі ўстойлівых выразаў, у “Бухце нечаканых пераўтварэнняў” рабілі з “лісы” – “сілу” і, нарэшце, на “Гары перакладчыкаў” тлумачылі, што “хлопок” – гэта “бавоўна”, а “честь” – “гонар”.

Але гэта быў яшчэ не фініш. На заключным этапе каманды павінны былі скласці карту Беларусі з кавалкаў, атрыманых за перамогі на кожнай станцыі квэста. “Першай справілася каманда СШ № 18, – адзначыла арганізатар гульні, загадчык аддзела па рабоце з моладдзю Марына Сафроні. – Яна і стала пераможцай. Але, упэўнена, ніхто не прайграў. Кожны ўдзельнік даведаўся шмат новага па гісторыі краіны і яе культуры”.

Любоў ТРАПЕЗНІКАВА

Фота ўдзельнікаў квэста з архіва Цэнтра культуры “Полацк”

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости