Федерация профсоюзов Беларуси: «Мы — вместе!»
$ 2.173
2.478
100 ₽ 3.178
:

Добры вечар, шчодры вечар: як падчас калядных забавак “наваражыць” сабе лепшай долі?

Добры вечар, шчодры вечар: як падчас калядных забавак “наваражыць” сабе лепшай долі?

Стиль жизни11 января 2019 в 10:59

Навошта Буслу доўгая дзюба, Дзеду – Баба, а Мядзведзю – вялікія боты? Наш карэспандэнт даведалася, які сэнс закладзены ў калядных персанажах.

undefined

Звычай пераапранацца, спяваць, танцаваць, жартаваць і збіраць смачныя пачастункі падчас калядавання ў Шчодры вечар існуе ў Беларусі і сёння. Ён цесна звязаны з чараўніцтвам: увечары 13 студзеня, як лічыцца, сціраецца мяжа паміж святлом і цемрай. Менавіта калядоўшчыкі ўвасабляюць сабой гасцей «з таго свету», якія ў Крывыя ці Святыя вечары вандруюць па зямлі і нясуць людзям долю ад Бога. Такіх гасцей было прынята абавязкова адорваць чым-небудзь (неабходная ўмова атрымання новай долі па прынцыпе ўзаемаабмену).

Гурт калядоўшчыкаў звычайна складаўся як мінімум з трох удзельнікаў. У адным населеным пункце калядаваць маглі адначасова некалькі груп.

– Цікава, што калядныя госці маглі «пакараць» сям’ю, калі іх дрэнна прымалі ці ўвогуле не дазвалялі зайсці ў хату: спявалі абразлівыя прыказкі ці прыпеўкі, выводзілі жывёлу са стойла, ламалі лавы, закалочвалі дзверы, – распавядае кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ Дзмітрый Скварчэўскі. – Таксама маглі пакараць тых, хто на працягу года парушаў грамадскі парадак ці быў заўважаны ў шлюбнай нявернасці. Напрыклад, мянялі месцамі рэчы на дварах палюбоўнікаў.

Калядныя персанажы ў гуртах былі прадстаўлены міфалагічнымі, жывёльнымі, этнічнымі і сацыяльнымі вобразамі, якія ўвасабляюць ідэю «чужога свету». Узначальваў гурт Дзед, ён сімвалізаваў у тым ліку і Бога, які прыносіць дабрабыт у сем’і, вучыць людзей, дапамагае ім і карае. Яго маску выраблялі з бярозавай кары (з імітацыяй маршчын). Абавязковым атрыбутам з’яўлялася доўгая барада з пянькі або лёну – яна сімвалізавала ўрадлівасць і багацце. Разам з Дзедам хадзіла Баба ў старым адзенні. Гэтыя персанажы разыгрывалі жартоўныя сцэнкі – лаяліся паміж сабой, абдымаліся, цалаваліся, забяспечваючы такімі дзеяннямі ўрадлівасць гаспадарскіх палеткаў, шчасце ў шлюбе і нараджэнне дзяцей.

Адна з галоўных ролей адводзілася Казе, маска якой таксама сімвалізуе ўрадлівасць, багацце, дабрабыт.

– Чалавек пераапранаўся ў вывернуты кажух або рабілі пудзіла казы ці падобную да яе канструкцыю. Часам Казу стваралі з дрэва ці іншых матэрыялаў, – працягвае аповед гісторык. – Выкарыстоўвалі сапраўдныя рогі, чэрап ці набітую саломай скуру жывёлы. Ніжнюю сківіцу маскі рабілі рухомай і з дапамогай вяроўкі прымушалі яе «ляскаць зубамі».

Распаўсюджаны персанаж – Мядзведзь: звярыны двайнік чалавека, пярэварацень, сімвал здароўя, сілы, пладавітасці. Калядоўшчык апранаў кажух ці шубу поўсцю наверх, маску, касматую шапку. На нагах у яго былі боты ці валёнкі вялікага памеру, каб выглядаць нязграбна. Часта Мядзведзя вадзіў на ланцугу ці вяроўцы павадыр.

У гурце сустракаліся і «птушкі». Напрыклад, Бусел – апякун, які распараджаўся ўраджаем і дабрабытам, «прыносіў» у сем’і дзяцей.

– На доўгі кій прымацоўвалі галаву з чырвонай дзюбай і чаплялі на яе белую прасціну, пад якой хаваўся чалавек. Афарбоўка Бусла адпавядала колерам традыцыйнай беларускай вопраткі: белы, чырвоны, чорны, – тлумачыць Дзмітрый Скварчэўскі. – На гэтую ролю выбіралі юнака, здольнага з дапамогай пластыкі перадаваць паводзіны птушкі. Бусел танцаваў, «дзяўбаў» прысутных, заглядваў у гаршкі з ежай.

У некаторых рэгіёнах у склад гурта калядоўшчыкаў уваходзіў Тур (Бык, Карова), які сімвалізуе світанак, надыход новага дня пасля доўгіх зімовых вечароў. Маску для гэтага персанажа выраблялі з выкарыстаннем сапраўдных рагоў і скуры жывёл; потым прымацоўвалі тканіну, пад якую хаваўся чалавек.

Калядоўшчыкі маглі таксама вадзіць за сабой Каня, Ваўка і Зайца. Па словах навукоўца, часам спляталі каркас з пруткоў ці лазы, з палатна шылі галаву і напіхвалі яе саломай, грыву і хвост рабілі з пянькі. На галаву вешалі званочак.

Тыповым прадстаўніком падземнага свету быў Чорт – чорны, калматы, з рагамі, хвастом і казлінай барадой. Сярод «гасцей» сустракаліся таксама чужынцы: Цыган, Цыганка, Жыд, Поп, Салдат, Лекар. Іх надзялялі якасцямі чараўнікоў. Цыган, напрыклад, спрабаваў прадаць гаспадару каня. Цыганка варажыла або з лялькай-дзіцем прасіла дапамогі. Жыд гандляваў ці мяняў рэчы. Лічылася, што згаданыя персанажы прыносяць поспех і паразуменне ў дом.

І, канечне, абавязковы атрыбут калядоўшчыкаў – Зорка. Яе каркас выраблялі з пруткоў такім чынам, каб атрымліваліся промні; абклейвалі паперай і аздаблялі выцінанкай і фольгай. На канцы промняў прымацоўвалі пампоны з рознакаляровай паперы. Часта зорка асвятлялася знутры, у цэнтры змяшчаўся малюнак на біблейскую тэму.

Усіх гасцей на Каляды прымалі ласкава і частавалі. У адказ на свае спевы і танцы калядоўшчыкі атрымлівалі падарункі (прадукты ці грошы), якія дзялілі пароўну паміж усімі, а потым збіраліся і ладзілі вечарыну.

Па традыцыі калядуюць у Шчодры вечар, 13 студзеня.

Вераніка САЛАВЕЙ

Фота Аляксандра ПОБАТА

Последние новости