Аб’яўлены імёны лаўрэатаў прэміі ФПБ ў творчай галіне
28 марта 2025
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вызначыла лаўрэатаў прэміі ФПБ 2025 года ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці.
Як расказала намеснік старшыні ФПБ Таццяна Філімонава, на конкурс была пададзена 31 заяўка. Шляхам тайнага галасавання былі выбраны пераможцы. Імі сталі:
- Карлюкевіч Аляксандр Мікалаевіч, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Беларусь», – за кнігу «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі».
- Атрашкевіч Алена Віктараўна, кампазітар, выкладчык установы адукацыі «Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў», старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз кампазітараў», – за кантаты «Дарогамі вайны і Перамогі».
- Конан Іван Міхайлавіч, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма ўстановы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў», – за творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
- Узорны хор «ФЭСТ» дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 201 г. Мінска » (кіраўнік Старажук Элеанора Нічыпараўна).
- Мукавозчык Андрэй Мікалаевіч, аглядальнік аддзела палітычнай інфармацыі ўстановы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом «Беларусь сегодня», – за спецыяльны комплексны праект: дылогію, якая складаецца з дзвюх кніг – «Чему учить детей», «Открытые уроки: чему учить взрослых», дапоўненую рубрыкамі «Библиотечка патриота» і «В блокнот агитатору» (публікацыямі) у газеце «СБ. Беларусь сегодня», а таксама на сеткавым выданні «sb.by», аўтарскую праграму ў эфіры «Альфа Радыё» і цыклы публічных выступленняў (лекцый).
Лаўрэаты індывідуальных прэмій атрымаюць грашовую ўзнагароду ў памеры 2000 рублёў кожны. Аматарскі калектыў мастацкай творчасці – узорны хор «ФЭСТ» – 4000 рублёў.
Нагадаем, дадзеная прэмія існуе з 1989 года, прысуджаецца раз у два гады. У 2025 годзе вызначаецца ў 18 раз. За 36 гадоў яе лаўрэатамі сталі такія вядомыя дзеячы мастацтва, як Міхаіл Фінберг, Аляксандр Яфрэмаў, Уладзімір Гасцюхін, і іншыя.
Фота з адкрытых iнтэрнет-крынiц