Наверх

Ад “палявых” пошукаў да архіва: як скласці радавод?

08 июня 2018

Сёння наша грамадства перажывае перыяд значнага павелічэння аб’ёмаў інфармацыі пра чалавека і для чалавека. У рэчышчы гэтага працэсу – значная частка тых, хто хоча даведацца пра свае карані. Прычым не столькі з-за нейкіх меркантыльных матываў – павышэння самаацэнкі ці атрымання права выязду за мяжу, колькі з-за шчырага жадання дазнацца праўды пра сям’ю. Дзеля гэтага людзі гатовы праводзіць палявую і архіўную пошукавыя працы, апрацоўваць і сістэматызаваць здабытую інфармацыю.

– Калі чалавек ужо зрабіў адзін крок у сферу генеалогіі, то, верагодней за ўсё, зробіць і другі – гэты працэс захоплівае, – распавёў супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Урублеўскі. – Нават калі на пэўны час хтосьці пакідае распачатае даследаванне, абавязкова вяртаецца да яго пазней. Працэс пошуку і апрацоўкі доўгатэрміновы, патрабуе шмат увагі і сіл, таму некаторыя звяртаюцца за дапамогай да прафесіяналаў. Але з практыкі ведаю: хто працуе самастойна, робіць багата адкрыццяў”.

Па словах спецыяліста, першы крок на шляху да стварэння радаводу – “палявы” пошук. Гэта значыць, праца з тым, што ў нас ужо ёсць, але за паўсядзённым клопатам застаецца без увагі. Па-першае, сямейныя фотаздымкі. Гэта карткі розных перыядаў ХХ стагоддзя, якія дайшлі да нас ад бацькоў, бабуль і дзядуль. Асабліва важнымі лічацца падпісаныя фотаздымкі з датамі і імёнамі, што надае ім статус каштоўнай крыніцы. Таксама ў хатнім архіве могуць быць розныя дакументы маёмаснага кшталту – дамавыя кнігі, матэрыялы куплі-продажу і г.д. Для сямейнай гісторыі маюць значэнне асобныя рэчы, перададзеныя ў спадчыну – абразы, народнае адзенне, прылады працы і прадметы хатняга абсталявання.

– Таксама важныя вусныя ўспаміны, вобласць (т. зв. oral history), – адзначыў Вадзім Валер’евіч. – Менавіта бабулі і дзядулі могуць распавесці нам пра свае вытокі – назваць прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, даты жыцця, месца жыхарства, канфесійную прыналежнасць, адукаванасць і род заняткаў іх бацькоў і дзядоў. Карысна наведваць могілкі, таму што на магільных камянях другой паловы ХІХ–ХХ стагоддзяў высякалі асноўную інфармацыю пра асобу, неабходную для далейшых пошукаў”.

Яшчэ адзін этап даархіўнага пошуку – праца з інтэрнэт-крыніцамі. Сярод іх вылучаюцца такія базы даных з масавымі звесткамі па генеалогіі, як АБД “Мемарыял” (www.obd-memorial.ru), інфармацыйны рэсурс “Подзвіг народа” (www.podvignaroda.mil.ru), БД “Ахвяры палітычнага тэрору” (www.lists.memo.ru).

Існуе перакананне, што радавод трэба складаць па мужчынскай лініі. Але гэта неабавязкова. Некаторыя людзі проста не ведаюць свайго бацьку, бо паходзяць з няпоўных сем’яў. Таму аб’ектыўна не могуць займацца пошукам продкаў. Да таго ж існуе і суб’ектыўны фактар – пакрыўджанасць на бацьку і нежаданне аднаўляць сувязі з ім і яго сям’ёй. Часцей людзям найбольш цікава тая частка радаводу, яднанне з якой яны асабліва востра адчуваюць.

Мінулае ў “сказках”

Калі палявая пошукавая праца праведзена, час пацікавіцца, у якіх дзяржаўных і ведамасных архівах могуць захоўвацца звесткі пра вашу сям’ю. Гісторыю ХХ стагоддзя ахопліваюць абласныя, занальныя і раённыя архівы, а таксама Нацыянальны архіў Беларусі, дзе знаходзяцца каштоўныя матэрылы перапісаў 1925 і 1926 гадоў. Затым ужо можна працаваць з фондамі Нацыянальных гістрычных архіваў у Мінску і Гродна . У першым з названых можна знайсці дакументы, галоўным чынам па тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Беларусі, у другім – Заходняй. Дарэчы, па тэрыторыях Паўночна-Заходняй Беларусі, якія ўваходзілі ў склад Віленскай губерні, матэрыялы захоўваюцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве.

– Каштоўнымі матэрыяламі біяграфічнага характару з’яўляюцца запісы органаў ЗАГС, якія пачалі функцыянаваць з 1917 года. Яны фіксуюць даты нараджэння, шлюбу і смерці, – адзначыў Вадзім Урублеўскі. – Дагэтуль у Расійскай імперыі адпаведную функцыю выконвалі канфесійныя ўстановы, што займаліся вядзеннем так званых метрычных кніг. Праўда, на тэрыторыі Заходняй Беларусі такая праца расцягнулася на пазнейшы перыяд.

Існуюць матэрыялы адміністрацыйна-паліцэйскага ўліку, альбо перапісы. Самы першы ў Расійскай імперыі ўсеагульны перапіс насельніцтва быў праведзены ў 1897 годзе. Вядома, што тады ўпершыню пачалі адзначаць нацыянальнасць. Раней жа праводзіліся вузкарэгіянальныя перапісы, якія тычыліся асобных губерняў. Самыя вядомыя называліся “рэвізіямі”. Падчас іх складаліся “рэвізскія сказкі”. Акрамя таго, што перапісваўся ўвесь люд (у тым ліку сяляне, шляхта, духавенства, мяшчане, купцы і г.д.), там адзначаліся факты смерці, перасялення, адбыцця ў рэкруты. “Рэвізскія сказкі”, асабліва па Цэнтральнай Беларусі, адносна добра захаваліся ў гістарычных архівах.

Па словах Вадзіма Урублеўскага, гэтыя дакументы руйнуюць міф, што сялянскую генеалогію не магчыма добра даследаваць.

– Самая ранняя “рэвізская сказка” датуецца 1795 годам. А значыць, можна ў радаводных пошуках выйсці на сярэдзіну ці нават першую палову XVIII стагоддзя. У часы Рэчы Паспалітай, у XVI–XVIII стагоддзях, у дачыненні да вясковага насельніцтва складалі так званыя інвентарныя апісанні. Добрая падборка інвентароў спрыяе выхаду генеалагічнага пошуку на сярэдзіну XVII стагоддзя. Са шляхецкім радаводам крыху складаней з-за так званага “разбору шляхты”, калі ў канцы XVIII – першай палове XIX cтагоддзя яе прадстаўнікам даводзілася пацвярджаць сваё дваранскае паходжанне. Дробная шляхта часцей за ўсё не мела неабходных дакументаў аб валоданні маёнткамі і падданымі, а таму мусіла займацца фальсіфікацыяй дакументаў, – патлумачыў гісторык-архівіст.

Генеалогія на практыцы

Для павышэння цікавасці грамадства да генеалогіі Вадзім Урублеўскі арганізаваў некалькі праектаў. З 2009 года працуе гурток даследчыкаў генеалогіі “Радавод”. Гэта перыядычныя сустрэчы на гістарычным факультэце БДУ, дзе людзі знаёмяцца з праблемамі і цікавымі адкрыццямі па тэме. Спачатку гурток быў арыентаваны на студэнтаў, але зараз яго наведваюць і больш сталыя людзі. Акрамя таго, ёсць аднайменны інфармацыйны партал, на якім публікуюцца навіны па генеалогіі.

У 2013 годзе з’явілася Школа практычнай генеалогіі. Ад гэтага часу праект працуе пры праваслаўным прыходзе свяціцеля Мікалая Японскага ў сталічным мікрараёне Каменная Горка. На дадзены час прайшло ўжо пяць сезонаў. Курс доўжыцца з верасня па май і ўключае 16 заняткаў (8 тэарэтычных і 8 практычных). Па заканчэнні слухачы, якія адзначыліся поспехамі, атрымліваюць ганаровыя дыпломы. Для жадаючых застацца ў праекце прадугледжаны дадатковы курс лекцый.

Набор у школу адбываецца ў ліпені–жніўні. Каб патрапіць на курс, неабходна даслаць звесткі пра сябе і сваіх продках на электронную пошту Вадзіму Урублеўскаму (slepovron@mail.ru).

– Самае важнае – у вас павінна быць інфармацыя пра бабуль і дзядуль (прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, гады жыцця, месцы нараджэння і пражывання). Гэта дапаможа зрабіць нашу дзейнасць па-сапраўднаму практыка арыентаванай. Хочацца, каб у выніку людзі змаглі стварыць радаводную кнігу сваёй сям’і. Бо інфармацыю можна збіраць усё жыццё, а кропку так і не паставіць, – заключыў Вадзім Валер’евіч.

Ірына ЯНУШКЕВІЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости