Наверх

Арнамент яе жыцця: нацыянальныя традыцыі вышыўкі адраджае майстрыха з Залесся

23 октября 2017

Шывок за шыўком, крыжык за крыжыкам, і ўжо рдзеюць на палатне чырвоныя зоры арнаменту, рассыпаюцца спрадвечныя сімвалы Радзімы і сувязі з продкамі, добрай долі і шчаслівага замужжа, дабрабыту і здароўя, моцнай сям’і і нараджэння дзяцей. Вышывальшчыца Зоя Войтка спраўна арыентуецца ў народных традыцыях, ручнік для яе – адкрытая кніга. Сёння яна наўмысна не бярэ чорную нітку – яе праца будзе ўвасабленнем дабра і выдатнага настрою, радасці і святла, пажаданнем усяго найлепшага. Вышыўка крыжыкам для майстрыхі – аддушына, праца і жыццёвы выбар.

Палымнеюць макі

Зоя Войтка засталася ў 3 гады сіратой, потым выхоўвалася ў Смаргонскай школе-інтэрнаце. Яна добра памятае, як у 10-гадовым узросце ўпершыню ўвайшла ў кабінет працоўнага навучання і замерла ад захаплення: сцены там былі ўпрыгожаны ручнікамі, саматканымі паясамі, абрусамі і сурвэткамі. Паўнапраўнай гаспадыняй у кабінеце была Марыя Ільінічна Радзішэўская. “Падабаецца? Ну, калі будзеш старацца, таксама навучышся майстэрству”, – сказала яна зачараванай Зоі. Пасля слоў настаўніцы дзяўчынка пачала апантана вывучаць тэхналогіі і традыцыі беларускай вышыўкі.

У 8-м класе адбылася першая выстава Зоі, а потым яна адразу трапіла на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву, дзе адчула гаркоту разчаравання і асалоду сапраўднага трыумфу.

– Я прагульвалася па вялізнай выставачнай зале сярод соцень наведвальнікаў і выпадкова пачула скептычныя выказванні пра нашу экспазіцыю: маўляў, вышыўка – справа бацькоўскіх рук, – прыгадвае майстрыха. – Пачуць гэта было вельмі крыўдна. Усе інтэрнатаўскія дзеці і рады былі б атрымаць дапамогу ад сваіх матуль, але ж некаторыя не бачылі іх гадамі, іншыя не ведалі ўвогуле…

Марыя Ільінічна знайшла недзе абрэзак мешкавіны, пасадзіла расхваляваную вучаніцу сярод залы і прапанавала вышыць які-небудзь узор па памяці. Зоя захапілася працай, і неўзабаве на шэрым фоне запунсавелі кветкі-макі.

Загучалі апладысменты, і дзяўчынка нібы прачнулася. Аказалася, за яе спрытнымі рухамі назірала вялікая колькасць людзей, здзіўлена глядзела на юную вышывальшчыцу і Марыя Ільінічна – яна толькі цяпер заўважыла, што Зоя ляўша. Радасць лілася праз край: гонар школы адстаялі, выйгралі вялікую крыштальную вазу і некалькі дыпломаў.

Жыццёвыя ўніверсітэты

Закончыўшы 8-ы клас, Войтка пайшла вучыцца па спецыяльнасці “майстар-цырульнік, прыёмшчык заказаў”. Марыя Радзішэўская, якая бачыла ў дзяўчыне сваю пераемніцу, расцаніла гэта як здрадніцтва. Доўгія тры гады Зоя не брала ў рукі пяльцы і зразумела, што такое творчы голад. Ды і па прафесіі працаваць больш не магла – праявілася астма. Аднак былая настаўніца наадрэз адмовілася дараваць сваёй выхаванцы, якая прышла з пакаяннем.

– Я ўпарта імкнулася заслужыць прабачэння, – расказвае вышывальшчыца. – Марыя Ільінічна дала мне каля паўсотні незакончаных дзецьмі работ: “Давядзеш да толку – пагаворым”. Я плакала, крыўдзілася, але не здавалася. Усё зрабіла. Даказала, што годная працягваць справу. Гэты экзамен стаў галоўным у маім жыцці.

Абяцанне не кідаць вышыўку Зоя Войтка давала і ў апошнія хвіліны жыцця свайго педагога. Яшчэ 5 гадоў пасля смерці Радзішэўскай яна даказвала яе дачкам, што вартая таго, каб атрымаць у спадчыну папкі з унікальнымі ўзорамі.

– Мае працы – гэта памяць і сведчанне любові да чалавека, які верыў у мяне і падтрымліваў, – прызнаецца майстрыха. – Вышываю з той пары апантана. Гэтае ўменне стала не толькі спосабам баўлення часу, але і добрай фінансавай падтрымкай, асабліва пасля замужжа і калі адно за адным нараджаліся дзеці.

Мужчынская справа

У біяграфіі Зоі Войткі ёсць яшчэ адна глава, звязаная са Смаргонскай школай-інтэрнатам. Яна вярнулася туды ў якасці кіраўніка гуртка па вышыўцы і адраджальніка музея Радзішэўскай.

– У гурток прыходзілі хлопчыкі, прычым з ліку тых, хто меў рэпутацыю прапашчых хуліганаў. Мне хацелася кожнага з іх падтрымаць, навучыць верыць у свае сілы. Я ж сама выйшла з інтэрнацкіх сцен, добра ведала пра ўсе перажыванні і хітрыкі такіх малых. Сакрэты майстэрства падлеткі засвоілі за тры месяцы і на першай жа выстаўцы распрадалі ўсе свае вырабы. Так я вучыла іх сумленна зарабляць грошы і граматна імі распараджацца.

Гісторыя, якую не выдумаць

Падчас майстар-класаў і выстаў у Зоі нярэдка пытаюцца, як яна “прыдумляе” арнамент.

– Традыцыйны ўзор нельга выдумаць – гэта гісторыя, сакральныя знакі, якія можна толькі вывучаць, – падкрэслівае гераіня і прызнаецца, што набывае адмысловую літаратуру, дзе прадстаўлены арнаменты з рэгіёнаў і распісаны вобразы.

Заказчыкі нярэдка прыносяць вышывальшчыцы выразкі з часопісаў ці са стылізаваных упаковак, каб яна зрабіла копіі на палатне. Але Зоя падыходзіць да справы як сапраўдны этнограф.

– У першую чаргу даведваюся, для якой мэты патрэбна вышыўка, – тлумачыць яна. – Гэта будзе ручнік-набожнік для абразоў ці сувенірны на памяць пра горад ці фестываль? Калі вясельны, то пад каравай ці пад ногі? Толькі потым пачынаю шукаць арнаменты, падбіраць тканіну і ніткі.

Зоя Войтка вышывае па канве і льне. Тканіну набывае на Аршанскім ільнокамбінаце: выбар залежыць ад адмысловага пляцення ніці. Дарэчы вышывальшчыца папярэдне не пераносіць арнамент на палатно, аднаўляе на вока.

– Акрамя таго, што прыносіць вялізнае задавальненне, рамяство развівае маторыку рук, зрокавую памяць, з’яўляецца добрай прафілактыкай артрыту, – называе перавагі сваёй справы Зоя. – Ведаеце, як хутка я збіраю 20–25 літраў ягад у лесе?!

Беларускі стыль вышыўкі адрозніваецца ад традыцый краін-суседак. Напрыклад, ад украінскай – больш сціплай палітрай колераў, ад расійскай – памерам крыжыка.

– Нашы продкі ў асноўным выкарыстоўвалі чырвоныя ўзоры, як сімвал свята, радасці, і чорныя – як увасабленне зямлі, болю, смутку. Радзей з’яўляліся сінія, зялёныя, жоўтыя элементы, – распавядае майстрыха.

Лепшае ўкладанне

Вышывальшчыца з Залесся катэгарычна супраць таго, каб яе вырабы пыліліся ў шафе.

– Так, яны не страцяць сваю каштоўнасць, але я хачу, каб вышыўку бачылі людзі, – разважае Зоя. – Часта проста дару ручнікі і сурвэткі, бо не грошы маюць значэнне, а магчымасць зрабіць прыемнае людзям, усведамленне таго, што твая праца сагравае чыйсьці дом. Я нібы той шавец без ботаў. Замест матэрыяльнага назапашваю ўнутраную гармонію і веды. Раней працавала на сваё імя, цяпер – наадварот, і “сувенір ад Войткі” пазнаюць многія.

Зоя Войтка, дарэчы, шчыра захапляецца і вязаннем шкарпэтак, і збіраннем зёлак. А яшчэ яна некалі дала сабе абяцанне стаць лепшай матуляй для сваіх дзяцей.

– Мае дзеткі – маё лепшае ўкладанне, працяг мяне і прадаўжальнікі майстэрства, – прызнаецца наша суразмоўніца. – Старэйшыя дзяўчынкі Вікторыя і Алена прафесійна займаюцца вышыўкай і ткацтвам, сын Віктар таксама быў на падхваце і ў мяне, і ў сясцёр. Малодшай Надзейцы яшчэ няма і двух гадкоў, але цікавасць да творчасці яна таксама праяўляе – хавае мае вязальныя спіцы (смяецца). Невыпадкова ж асноўны матыў у маіх ручніках – сімвал маці.

Іна ДАБРЫДЗЕНЬ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
8 декабря 2024 7 декабря 2024 6 декабря 2024 5 декабря 2024 4 декабря 2024
Все новости