test gtag

Атланты, якія трымаюць неба: настаўнік першага касманаўта жыў і працаваў у Гомелі

Як выглядаюць “атланты”

Мала хто тады ведаў, што ў багатай біяграфіі праслаўленага авіятара-гамяльчаніна ёсць незвычайныя факты, пра якія ён сам расказаў толькі праз дзесяцігоддзі пасля таго, калі выйшла з друку кніга “Дарога ў космас” за аўтарствам Юрыя Гагарына.

Пра што згадваў у сваёй кнізе першы лётчык-касманаўт СССР Юрый Гагарын? Пра тую дарогу, якая вывела яго на арбіту. Яна, на самай справе была няпростая.

А лётнаму майстэрству ён вучыўся ў Саратаўскім аэраклубе. І вось што згадваў на старонках “Дарогі ў космас”: “…Начальнік нашага аэраклуба  Р.К. Дзенісенка быў Героем Савецкага Саюза. І гэта таксама адбівалася на нашым выхаванні.

Выступаючы неяк на камсамольскім зборы, ён растлумачыў нам, што воля – гэта першым чынам уменне кіраваць сваімі паводзінамі, кантраляваць свае ўчынкі, здольнасць пераадольваць любыя цяжкасці, з найменшым выдаткам сіл выконваць пастаўленыя заданні. Памятаю, у дзень сходу было жудаснае надвор'е, дождж літаральна  дубасіў па вокнах, у пакоі наступіла змрочная цемра, а мы слухалі, як зачараваныя.

– Чалавек моцнай волі адрозніваецца высокай арганізаванасцю, дысцыплінаваны, з толкам выкарыстоўвае кожную гадзіну, – так скончыў сваё выступленне начальнік аэраклуба”.

У Ізюмскім раёне Харкаўскай вобласці ёсць вёсачка Бабенкава. Гэта малая радзіма Рыгора Дзенісенка. Цяпер там ужо нікога з родных няма. Бацьку да 1937 г. кідалі з аднаго раёна ў другі – умацоўваць мясцовыя гаспадаркі. Так сям'я апынулася ў Данецкай вобласці, а Рыгор пайшоў у 9 клас Хрэстышчанскай сярэдняй школы Славянскага раёна. Здавалася б, як марыць пра нябёсы, калі бацькі – простыя сяляне і працуюць на зямлі?

Яшчэ калі Рыгорка вучыўся ў чацвёртым класе, Мікалай Каманін здзейсніў подз­віг. У дзіцячым усведамленні Герой Са­вецкага Саюза  асацыяваўся з чалаве­кам-глыбай, гэтакім Атлантам, які трымае неба. Калі чалюскінцы праязджалі па краіне, на чыгуначнай станцыі Славянск у Данбасе хлапчукі  забраліся на дрэвы, каб іх пабачыць. Старшы лейтэнант Каманін выглядаў зусім не такім, якім уяўляўся, – малым, худым чалавекам.

Рыгор тады не мог і падумаць, што пазней Мікалай Пятровіч стане яго настаўнікам. Але менавіта так і адбылося. Бо не было ў хлапчука іншай мары, як пакарыць неба.  І калі ў школу прыйшоў інструктар аэраклуба, ён апынуўся ў ліку тых, хто кінуўся запісвацца ў «пілоты» славінскага аэраклуба.

З цягам часу жаданне лётаць засланіла ўсе астатнія. У 1940 годзе, адгукнуўшыся на заклік камсамола «Дадзім краіне 100 тысяч лётчыкаў!», юнак паступіў у Луганскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, якое скончыў у тылавым Уральску ўжо ў час вайны.

Праз гады Дзенісенка назаве “шчаслівым выпадкам” тое, што ў лістападзе 1943-га яго размеркавалі ў 235-ты штурмавы авіяцыйны полк 5-га штурмавога авіяцыйнага корпуса, якім камандаваў той самы Мікалай Каманін. Добры дарадчык і настаўнік падказваў яму, як  паводзіць сябе ў небе ў выключных сітуацыях. А іх было нямала.

Там, дзе патрэбен Радзіме

Дату 3 лістапада радавы Дзенісенка запомніў на ўсё жыццё: гэта быў дзень яго першага баявога вылета на прыгарад Кіева. Там ішлі моцныя баі. Гітлераўцы 6 разоў збівалі самалёты ІЛ-2, якімі кіраваў Дзенісенка, двойчы ён скакаў з парашутам з ахопленай полымем машыны. Але ўсё абышлося – пілот застаўся жывым і працягваў ваяваць.

Да канца вайны мужны лётчык здзейсніў 197 баявых вылетаў, удзельнічаў у 26 паветраных баях, у якіх збіў 2 варожыя знішчальнікі і 1 транспартны самалёт. На зямлі ён знішчыў 20 самалётаў ворага, 47 танкаў, 122 аўтамашыны, 3 чыгуначныя эшалоны, 4 артылерыйскія батарэі, 13 мінамётаў, 8 складоў з гаручым і боепрыпасамі, каля 600 варожых салдат і афіцэраў. Вось такія каласальныя страты прынёс вермахту ўсяго адзін савецкі лётчык-ас.

Неўзабаве Дзенісенка вырас да штурмана эскадрыллі 235-га штурмавога авіяцыйнага Праскураўскага палка 5-й паветранай арміі. Ужо праз 2 месяцы пасля першых баявых вылетаў малодшага лейтэнанта ўзнагародзілі ордэнам Славы 3-й ступені, а ў 1944-м да ўзнагароды дадаліся яшчэ 2 ордэны Чырвонага Сцяга. За праяўленую доблесць, геройства і мужнасць Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 г.  Рыгору Дзенісенка прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

Пасля вайны нават героі месца працы не выбіралі. Спачатку Дзянісенка апынуўся ў Курску. У мясцовым аэраклубе франтавік працаваў на працягу 5 гадоў: спачатку начальнікам лётнай часці, затым – начальнікам клуба. Па лініі ДТСААФ баявыя лётчыкі рыхтавалі для краіны парашутыстаў, лётчыкаў-спартсменаў.

Пасля Перамогі рабяты моцна імкнуліся трапіць на ваенную службу. Рыгор Кірылавіч ездзіў у райцэнтры – там займаўся з юнакамі прызыўнога ўзросту тэорыяй, а практыкаваліся яны ў Курску. Сам таксама скакаў з парашутам – на яго рахунку 550 прыжкоў, асвоіў усе тыпы вучэбных самалётаў.

Праз нейкі час авіятара прызначылі кіраўніком саратаўскага аэраклуба, у будынку якога ён разам з жонкай і пасяліўся ў 1954 годзе. Тады ж на курсы прыйшоў прасіцца 20-гадовы Юрый Гагарын.

“Гэты хлопчык еў маё бацвінне!”

На фоне дзесяцікласнікаў хлопец выглядаў пераросткам, распавядаў мне праз дзесяцігоддзі легендарны лётчык.Зрэшты, на курсы яго залічыць было ніяк нельга. Якраз за подпісам Мікалая Каманіна, тады ўжо кіраўніка саюзнага авіяцыйнага ведамства, выйшла распараджэнне: не набіраць у аэраклубы выпускнікоў асобных тэхнічных вучэбных устаноў і не пераманьваць гатовыя кадры. А Гагарын у той момант вучыўся ў саратаўскім індустрыяльным тэхнікуме.

Толькі ж Дзенісенка заўважыў: у хлопца вока гарыць на лётную справу. І дазволіў часова наведваць тэарэтычныя курсы, а сам вырашыў пагаварыць з Каманіным. Рыгор Кірылавіч пагадзіўся з Дзенісенкам і асабіста  заручыўся падтрымкай кіраўнікоў саратаўскага ваенкамата і тэхнікума.

Перад будучым курсантам, якому якраз  трэба было ехаць на зборы ў Маскву, Дзенісенка паставіў умову: «Скончыш тэхнікум з чырвоным дыпломам – быць табе лётчыкам, а калі не – пойдзеш працаваць сталяварам!” Пасля з усмешкай успамінаў гэты свой ультыматум: Гагарын паклаў перад ім на стол чырвоны дыплом аб заканчэнні тэхнікума. І начальнік аэраклуба з чыстым сэрцам залічыў яго курсантам, дапусціўшы да палётаў у 6-й групе.

На першы погляд, Гагарын здаваўся вясельчаком, душой кампаніі, успамінаў Дзенісенка. Аднак ён аказаўся вельмі арганізаваным маладым чалавекам. Усюды паспяваў: 6 гадзін заняткаў у тэхнікуме, 4 гадзіны – у клубе, яшчэ спорт, грамадская нагрузка – быў сакратаром камітэта камсамола ў тэхніку­ме, капітанам баскетбольнай каманды. Неяк я папрасіў хлопца вырабіць мадэлі самалёта для правядзення тэарэтычных заняткаў той асабіста надліў фігуркі. Таленавіты быў хлопец і адрозніваўся настойлівасцю.

Згадваў легендарны лётчык і такі факт. Як усё іншагароднія, Гагарын пасяліўся на тэрыторыі клуба. У выхадныя дні сталоўка не працавала, і Дзенісенка нярэдка казаў жонцы, Лідзіі Іванаўне: „Рыхтуй, мілая, вялікую каструлю баршчу і кашы, каб рабят накарміць”. Праз гады, убачыўшы па тэлевізары першага касманаўта, жонка Рыгора Кірылавіча нязменна войкала: „Трэба ж, як выйшла: гэты хлопчык еў маё бацвінне!”

Дарэчы, і апошні іспыт на самалёце Як-18 у Гагарына прымаў  менавіта Рыгор Дзенісенка: даў дабро вучню на самастойныя палёты. І захаваў сшытак, у якім запісаны адзнакі за палёты курсанта Юрыя Гагарына.

Пасля ўбачыцца ім давялося толькі аднойчы: 18 мая 1963-га сустрэліся ў кабінеце Мікалая Каманіна.

– Толькі я зайшоў у кабінет, а следам – Гагарын. Мы, вядома, абняліся, і я давай яго распытваць. Тады аб касмічных палётах у газетах не пісалі – усё трымалася ў сакрэце. Юра прызнаўся, як няўтульна адчуваў сябе, калі карабель уваходзіў у шчыльныя пласты атмасферы. Здавалася, нібы патрапіў пад зварачны апарат – такія іскры сыпаліся ад корпуса, і быццам скачаш па камянях. А самае незвычайнае відовішча, з яго слоў, – касмічная вясёлка, якую зямнымі фарбамі паўтарыць немагчыма. Пакуль мы гутарылі, у кабінет зазірнуў Герман Цітоў…

Палюбіў Беларусь

Вясной 1956-га Дзенісенка ўпершыню прыехаў у Гомель. Пашчасціла:  побач, рукой падаць, была й зямля роднай Украіны. Уладкаваўся метадыстам, затым стаў на­чальнікам штаба аэраклуба. Рыхтаваў будучых ваенных лётчыкаў, гадаваў чэмпіёнаў рэспублікі, рэкардсменаў па парашутным і планерным спорце.

Пасля працаваў на заводзе “Электраапаратура”, узначальваў абласную ветэранскую арганізацыю, 5 разоў выбіраўся дэпутатам раённага і абласнога ўзроўняў. Яго паважалі, бо прафесія лётчыка патрабавала асаблівай мужнасці і рызыкі.

Рыгор Кірылавіч сышоў з жыцця ў 2011-м. У жніўні таго ж года яго родным ад імя Прэзідэнта Расіі уручылі ордэн Юрыя Гагарына.

У Гомелі па вуліцы Савецкай, 38, дзе ён жыў, і на будынку завода „Электраапаратура”, дзе працаваў, усталяваны мемарыяльныя дошкі. Да 70-годдзя Перамогі ў новым мікрараёне №59 у Савецкім раёне Гомеля  яго імем назвалі вуліцу.

У абласным ваенным музеі захоўваююца дакументы, матэрыялы пра ганаровага грамадзяніна Гомеля і вобласці. У музеі прафсаюзнага руху Гомельшчыны таксама ёсць цэлая экспазіцыя, прысвечаная актыўнаму члену прафсаюза з больш чым 50-гадовым стажам і яго прафсаюзны білет.

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ

Фота аўтара (па архівах сям’і Р. Дзенісенкі) і з архіва аўтара