Наверх

Дрэс-код для беларусаў: пашыць нацыянальнае адзенне і даследаваць гісторыю рода

15 октября 2018

Раней, за тым каб пашыць вопратку, якая б адпавядала гісторыі і традыцыям, у гурток “Шыем строй” звярталіся ў асноўным спевакі ды артысты. Цяпер да майстра прыходзяць розныя людзі – ад настаўнікаў да інжынераў.

У памяшканні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства паступова збіраюцца жанчыны. Нехта адразу ж падыходзіць да куратара гуртка Насты Глушко і раіцца наконт тканіны – ці не занадта тонкая? Пытаюцца і пра колеры нітак для вышыўкі.

– Гэты колер не зусім традыцыйны – занадта яркі, – разглядае пунсовую нітку Наста. – А больш цёмны чырвоны колер падыйдзе. Калі паглядзець фотаздымкі з музеяў, перабраць рэчы з калекцый, зразумела, што ніякіх колераў “вырві-вока” нашы продкі не выкарыстоўвалі – іх асабліва і не было. Фарбавалі ў асноўным натуральнымі рэчывамі, якія даюць больш стрыманыя адценні. Яркія фарбы ў строі з’явіліся з прыходам анілінавых фарбавальнікаў на пачатку ХХ стагоддзя.

Наступнай да настаўніцы падыходзіць Саша і паказвае фотаздымкі сарочкі-вышыванкі.

– Ты ж у нас са Слонімшчыны і казала, што хочаш строй са сваіх мясцінаў. Гэта кашуля зусім іншага рэгіёну, акрамя таго, тут вышыўка для замужняй жанчыны – такі варыянт табе не зусім падыходзіць, – спыняе дзяўчыну майстрыха.

Амаль кожны, хто прыходзіць у гурток, адразу ж развітваецца са сваімі ўяўленнямі наконт нацыянальнага адзення. Так, напрыклад, у традыцыйным строі няма кішэняў, а сарочка звычайна вельмі шырокая: калі продкі шылі кашулю, не планавалі насіць яе только адзін сезон. Таму трэба было прадугледзець узроставыя змены, цяжарнасць.

Пасля падрабязных тлумачэнняў гурткоўцы пачынаюць краіць тканіну на сарочкі. У Таццяны гэта выходзіць спрытна і хутка – яна выкладае дамаводства ў школе і плануе вышыць з дзецьмі строі розных рэгіёнаў Беларусі. А каб зрабіць гэта па ўсіх правілах, вырашыла адукавацца сама.

У Аляксандры Навіцкай іншая гісторыя. Дзяўчына родам з Капыльшчыны, працуе інжынерам. У гурток ходзіць ужо трэці год.

– Я хацела зрабіць для сябе сапраўдны касцюм, напэўна, з 9-га класа школы. Калі пачала шыць, стала больш цікавіцца гісторыяй свайго рэгіёна. Захапілася і нават ездзіла па вёсках Капыльшчыны, шукала ў сваякоў, мясцовых жыхароў, у музеях і на выставах звесткі пра традыцыйны строй: мне трэба было даведацца, які менавіта там панаваў – слуцкі ці капыльскі, – распавядае Аляксандра.

Народны строй – адзенне для ЦТ і вяселля

Дарэчы, сёння на тэрыторыі Беларусі вядома больш за 30 розных комплексаў традыцыйнага народнага адзення з лакальнымі асаблівасцямі. Гурток, дзе швачкі і этнографы вучаць шыць строй правільна, з’явіўся каля 15 гадоў назад.

– Цікавасць да беларускіх традыцый павялічваецца. Гэта бачна па колькасці наведвальнікаў гуртка. Некалькі гадоў таму, напрыклад, на першы сход прыйшло ажно 60 чалавек, – распавядае Наста Глушко. – Аднак даводзяць працу да канца звычайна 5–6 чалавек з кожнай групы.

Куратар гуртка ўзгадвае, што за ўвесь час шыць строй прыходзілі толькі 5 хлопцаў, пераважная большасць наведвальнікаў – усё ж такі дзяўчаты. Калі спярша сюды звярталіся ў асноўным артысты, якім адзенне патрэбна для працы ці выступленняў, то ў апошнія гады людзі проста хочуць далучыцца да традыцый і мець у шафе самаробны строй.

Штогод Студэнцкае этнаграфічнае таварыства ладзіць святы ў фармаце вясковага фэсту: усе наведвальнікі становяцца ўдзельнікамі святочных падзей. На такіх мерапрыемствах арганізатары звычайна просяць прытрымлівацца пэўнага этнастылю, яшчэ лепш – калі вы цалкам апранаеце нацыянальнае адзенне.

– Быў выпадак, калі ў гурток прыйшла маці хлопца, які хацеў здаваць ЦТ у народным строі. Часам да суполкі далучаюцца людзі, якія плануюць вяселле ў нацыянальным стылі, ці запрошаныя госці. І такіх усё больш. Памятаю, калі я больш за 10 гадоў назад выходзіла замуж у строі, людзі на вуліцы абыходзілі нас бокам – думалі, што кіно здымаем. Зараз такім ужо нікога не здзівіш. Дарэчы, строй – менавіта святочнае адзенне, таму да вяселля падыходзіць найлепш, – пераконвае майстрыха.

Пачынаем шыць

Каб пашыць народны строй, трэба спярша вызначыцца: вы будзеце рабіць нацыянальнае адзенне, якое аб’ядноўвае ў сабе агульныя традыцыі, ці вопратку канкрэтнага рэгіёну? Дзесьці касцюм складаецца выключна з тканых, а не вышытых матэрыялаў. Каб зрабіць такі, прыйдзецца звярнуцца ў ткацкі гурток Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Тканыя строі распаўсюджаны, напрыклад, на Івацэвіцкім Палессі, Ляхавіччыне.

– Мае продкі родам з Барысаўшчыны. На жаль, падчас вайны многія матэрыялы былі страчаныя цяпер цалкам аднавіць строй амаль немагчыма. Таму я пачала вышываць старадарожскі – падчас экспедыцыі пабачыла ўсё яго багацце, прыгажосць, тонкасць вышыўкі. Таксама хачу ўзяцца за бярэзінскі строй, – дзеліцца планамі Наста Глушко. – Самым прыгожым гарнітурам я лічу маларыцкі. Менавіта ў Кобрынскім рэгіёне былі распаўсюджаны шырокія платкі-наміткі з вышыўкай, прыгожай па сваіх мастацкіх якасцях – кампаноўцы дэталяў, колеравым спалучэнні.

Мінімальны набор, з якім жанчына ўжо будзе лічыцца традыцыйна апранутай, складаецца з кашулі, спадніцы і фартуха. Калі ж яна імкнецца да поўнай адпаведнасці, спатрэбяцца таксама пояс, гарсэт, упрыгожванні, галаўны ўбор. Што да хлопцаў, то моцнай палове дастаткова зрабіць толькі кашулю і пояс.

Усё патрэбнае для працы можна знайсці амаль у любой краме: льняную тканіну, ніткі мулінэ, клятчастую тканіну. Можна шыць з даматканага палатна, а лепей – пашукаць матэрыялы ў бабулі.

Калі сям’я – галоўнае багацце

– Асноўная памылка, якую робяць пры тлумачэнні семантыкі арнаменту, – імкненне трактаваць яе адназначна і адарвана ад кантэксту. Але ўзор існуе менавіта ў кантэксце! Гэта не азбука – не трэба вылучаць і тлумачыць асобныя сімвалы. Улічвайце тое, што нашы продкі мыслілі іншымі катэгорыямі і выяўлялі праз арнамент простыя рэчы: урадлівасць, сонца, месяц, узараную ці неўзараную зямлю. Тое, што мы зараз лічым сімвалам багацця, нашы продкі тлумачылі не інакш як духоўнымі рэчамі. Для іх багаццем была вялікая сям’я, – тлумачыць эксперт.

Арнамент, які вышываўся на адзенні, не меў адмоўнага значэння. Нават сімвалы, звязаныя з пахаваннем, станавіліся ахоўнымі – своеасаблівым бар’ерам паміж асобай і незямным светам. У асноўным арнамент універсальны. Але ёсць знакі жаночыя і мужчынскія. Так, пераважна мужчынскімі лічацца сімвалы агню, васьміканцовай зоркі. Жанчына ж, як вада, – на яе адзенні часта вышывалі зігзагападобныя хвалістыя ўзоры. Часам мужчынскія знакі з’яўляюцца і на жаночым адзенні: васьміканцовыя зоркі на фартухах і кашулях успрымаюцца ўжо як сімвалы дзетак – вынік зліяння двух пачаткаў.

Строй – гэта не толькі набор традыцыйнага адзення, але яшчэ і ўмельства яго насіць. Так, замужняя жанчына заўсёды пакрывае галаву наміткай. Вянок – упрыгожванне выключна дзявоцкае. Абавязковым элементам адзення для беларускіх жанчын быў фартух – без яго паказвацца на людзях было непрыстойна. Без фартуха можна было хадзіць толькі дома перад дзецьмі ці старымі. Цікава, што калі жанчына выходзіла без гэтага “аксесуара” да мужчыны, гэта лічылася абразай: быццам бы яна не бачыць у ім мужчынскай моцы. Муж таксама мог “адпомсціць” жонцы за знявагу: на Мсціслаўшчыне, напрыклад, па поясе можна было зразумець сямейны статус чалавека: завязаны справа – жанаты, злева – халасты, пасярэдзіне – удавец. Жартавалі, что часам па дарозе ў горад на кірмаш мужчыны маглі перавязаць пояс з аднаго боку на другі і гуляць нібыта маладыя.

– Народны строй вельмі гарманічны. І некаторыя яго часткі могуць цудоўна ўвайсці ў сучасны імідж – пацеркі, гарсэты, каптанчыкі, паясы. У рэгіёнах ёсць шмат цікавых варыянтаў спадніц. Мала хто ведае, што клетка – асаблівасць не толькi шатландскага адзення, але і беларускага. Тысячы выдатных прыкладаў народных тканін захоўваюцца ў музеях, калекцыях і фотаматэрыялах даследчыкаў, але, на жаль, наша прамысловасць цяпер не выпускае нічога падобнага. Было б добра, калі б нашы дызайнеры больш цікавіліся традыцыямі продкаў. Народны строй – гэта вельмі шырокае поле для натхнення і творчасці, – упэўнена Наста Глушко.

Дзіяна ФІЛІМОНАВА

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
28 марта 2024 27 марта 2024 26 марта 2024
Все новости