Наверх

Ганчарства: ад “копысскай кафлі” да сучасных тэхналогій

07 сентября 2018

Адраджэнне ганчарства ў Копысі пачалося менавіта з майстра народных промыслаў Алены Сухаваравай. Некалі яна працавала абпальшчыкам яшчэ на мясцовым заводзе па вырабе керамічнай пліткі і кафлі. Потым – у керамічным цэху глазуравала гатовыя вырабы. Цяпер у Цэнтры народнай творчасці і рамёстваў працягвае традыцыі, якімі багата гэтая зямля.

А Копысь здаўна славіўся майстрамі ганчарнай справы. Яшчэ з XV стагоддзя вядома іх унікальная кераміка з чырвонай гліны – так званая “копысская кафля”. Умельцы ўпрыгожвалі нават палацы і храмы ў Маскве. Пік керамічнай вытворчасці прыйшоўся на канец XIX – пачатак XX стагоддзя: на тэрыторыі паселішча налічвалася каля 20 заводаў, працаўнікі выраблялі ўсе віды дэталяў для абліцоўкі пячэй і кафлю з разнастайнымі ўзорамі, а таксама цудоўны посуд. Тут прыродны матэрыял – гліна, як кажуць, ляжыць пад нагамі, бяры і стварай. І стваралі. Большая частка вырабаў вывозілася на продаж за мяжу, у прыватнасці, у Расію.

Калісьці пра славу Копысі як цэнтра рамёстваў нагадваў вытворчы ўчастак прадпрыемства “Оршабудматэрыялы”. Тут вырабляўся шырокі асартымент прадукцыі –ад падлогавых ваз да невялікіх сувеніраў. У 2007 годзе, у час рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў гарпасёлак, ураду было даручана разглядзець пытанне рэканструкцыі. І праз 4 гады быў пабудаваны не проста новы цэх па выпуску керамічных вырабаў, а цэлы комплекс майстэрняў з адміністратыўным памяшканнем і сувенірнай крамай – Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў.

– Гэта ўнікальны шматпрофільны цэнтр, – гаворыць яго кіраўнік Лілія Кухарэнка. – Мы вырашылі адрадзіць тыя рамёствы, якія былі распаўсюджаны ў нашай мясцовасці. У першую чаргу ганчарства, а таксама салома- і лозапляценне, разьбу па дрэве, вышыванне і ткацтва. Да нас ужо прыходзяць дзеці і дарослыя, каб навучыцца народным рамёствам. Копысь уключана ў турыстычныя маршруты, сюды прыязджаюць на экскурсіі госці з Беларусі і Расіі. Ёсць што паглядзець, тым больш пасля будаўніцтва ды добраўпарадкавання і населены пункт стаў такім прыгожым!

Прайсці міма цэнтра немагчыма – вельмі прывабны яго знешні выгляд. Асаблівасць яго яшчэ і ў тым, што наведвальнікі могуць не толькі ўбачыць, як нараджаецца гарлачык ці ваза, але і паспрабаваць зрабіць іх самастойна. Майстар-класы для жадаючых праводзяць такія народныя ўмельцы, як Алена Сухаварава.

– Пэўна, у пасёлку ўжо склаўся стэрэатып, што ганчар – справа жаночая, – усміхаецца яна. – І сапраўды, памятаю, у керамічным цэху ганчарамі ў асноўным працавалі жанчыны. Да мяне на заняткі таксама прыходзіць больш дзяўчынак, хлопцы захапляюцца разьбой па дрэве. Адчуваецца цікавасць маладога пакалення да народных рамёстваў. І гэта радуе.

А мясцовыя ўмельцы і рады перадаць сакрэты майстэрства. Акрамя ручной лепкі, тут асвоілі тэхналогію вырабу керамікі метадам ліцця ў гіпсавыя формы. У планах – выкарыстоўваючы вопыт копысскіх майстроў, пры дапамозе новых сучасных тэхналогій вывесці керамічную справу на больш якасны ўзровень.

Любоў ТРАПЕЗНІКАВА

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
29 марта 2024 28 марта 2024 27 марта 2024
Все новости