Наверх

Гэта проста цырк: палескія канатаходцы скарылі Манака

07 апреля 2017

Заснавальнікі заслужанага аматарскага калектыву Беларусі студыі цыркавога мастацтва “Арэна” Барыс і Марыя Кузняцовы – прафесійныя цыркавыя артысты. За 30 гадоў працы на манежы яны выступалі ва ўсіх кутках свету.

Не страчвалі супругі надзею патрапіць і на прэстыжны міжнародны цыркавы фэст, які праходзіць у сталіцы княства Манака Монтэ-Карла. Наблізіцца да мары атрымалася зусім нядаўна: выхаванцы Кузняцовых – юныя канатаходцы з Мазыра – у мінулым месяцы сталі ўладальнікамі аднаго з трох галоўных прызоў Монтэ-Карла – “Сярэбранага юніёра”. У гісторыі цыркавога мастацтва Беларусі такое здарылася ўпершыню.

***

Кузняцовы, здаецца, дагэтуль не вераць у рэальнасць падзеі. На іх памяці толькі расійскія артысты двойчы заявілі пра сябе ў Монтэ-Карла, ды сёлета ў дарослым фестывалі дрэсіроўшчык Запашны атрымаў другое месца.

Прарыў, дарэчы, адбыўся яшчэ ў 2016 годзе. Пасля ўдалых выступленняў ва Украіне, у Расіі і Кітаі мазыране атрымалі запрашэнне ад аргкамітэта V Міжнароднага юнацкага цыркавога фэсту “Новае пакаленне”, які ладзіўся ў рамках 40-га дарослага форуму. Тагалеташні лютаўскі дэбют у Манака зрабіў фурор: трыа юных паветраных гімнастаў з Беларусі заваявала ажно тры спецпрызы. Кампліментаў не пашкадавала нават прынцэса Стэфанія, пад патранажам якой праходзіць фестываль. А ў чэрвені палескія канатаходцы заваявалі яшчэ і Гран-пры ў Кіеве, на міжнародным конкурсе цыркавога мастацтва. Пасля гала-паказу даведаліся: прадстаўнік з Монтэ-Карла запісаў іх выступ на відэа і павёз у Манака, дзе экспертная камісія адбірае ўдзельнікаў на чарговы (шосты) фэст “Новае пакаленне” і форум (сорак першы). Праз некалькі месяцаў Кузняцовым перадалі, што іх нумар прызнаны дасягненнем сусветнага ўзроўню.

Але ў Мазыры разумелі: кіеўскае выступленне не настолькi дасканалае, каб прэтэндаваць на вялікі поспех, і ўзяліся за работу.

– Мы паспрабавалі ўзнавіць нумар знакамітых савецкіх канатаходцаў Валжанскіх і ўнеслі ў яго свае сакрэты і новыя трукі, – кажа мастацкі кіраўнік “Арэны” Марыя Кузняцова. – Працавалі ўпарта, па чатыры гадзіны ў дзень.

Вынік напружанай працы не прымусіў сябе доўга чакаць: пяцёра канатаходцаў – Дзмітрый Салянік, Андрэй Сітнік, Стэфанія Турмовіч, Вікторыя Баграёнак і Дзіяна Сітнік (узрост гімнастаў – ад 13 да 20 гадоў. – Заўв. аўт.) – уразілі журы і трохтысячную публіку. Яны смела перамяшчаліся па канаце на роліках, на адным коле, з партнёрамі на плячах і нават з заплюшчанымі вачыма.

***

А пачалося ўсё 10 гадоў назад. Кузняцовы заканчвалі кар’еру ў ЗША і меркавалі асесці на Данеччыне (там у вёсцы Канстанцінаўка дагэтуль жыве Барысава матуля). Але ж Марыя нават сніла, што вяртаецца на роднае Палессе.

– Я з дзяцінства літаральна трызніла цыркавой студыяй, бо ў Беларусі такой не было, – расказвае яна. – Таму і вырашылі з мужам стварыць яе, калі выйшлі на пенсію. Дамовіліся кіравацца ўласнай методыкай, працаваць з дзецьмі з нуля.

Ажыццяўлялася задуманае няпроста. Кузняцовы ўсюды сутыкаліся з недаверам. Пачыналі са сцэны гарадскога Дома культуры ў Мазыры. Тагачасныя кіраўнікі раёна і вобласці падтрымалі ўнікальны праект і не памыліліся: сёння мазырскія акрабаты прывозяць сотні ўзнагарод з розных краін свету, выступалі нават у канадскім Цырку дзю Салей.

Цяпер Барысу і Марыі дапамагае сын Сяргей, вядомы артыст цырка, які таксама вырашыў вучыць дзяцей у “Арэне”. Тут, дарэчы, знайшоў і сваю палавінку – ажаніўся на выпускніцы цэнтра. Ганна – лаўрэат шматлікіх конкурсаў, час ад часу выступае разам з мужам. Днямі, напрыклад, Кузняцовы-малодшыя вярнуліся з Лондана, дзе на працягу месяца працавалі ў вядомым цырку жахаў.

***

На радзіме акрабаты, паветраныя гімнасты, эквілібрысты, жанглёры і канатаходцы з Мазыра даюць да пяці паказаў у месяц. Многія юныя артысты афіцыйна ўладкаваны на працу – іх прымаюць з 14 гадоў са згоды бацькоў і адміністрацыі школы. Дарэчы, 17 прадстаўнікоў цыркавой студыі з'яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, прычым двое з іх – двойчы, а паветраны гімнаст Стас Плотнікаў станавіўся лаўрэатам тры разы.

– Сёння, калі меркаваць па тым, як мы рухаемся, у нас усё атрымліваецца – значыць, арыгінальны цырк у Беларусі запатрабаваны, – кажуць Кузняцовы. – У “Арэне” займаюцца каля сотні дзяцей. Прымаем усіх, а ў спісе чакання яшчэ сотні жадаючых. Перакананы: кожнае дзіця можа дасягнуць выніку і прызнання. Мы, вядома ж, ганарымся прэміяй Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” – гэта самая высокая нацыянальная ўзнагарода, і ў якасці падзякі марым паказаць першай асобе дзяржавы нашы творчыя дасягненні.

Нягледзячы на поспех, лёс свайго “дзіцяці” непакоіць творцаў. Юрыдычна гэта клубная ўстанова, абавязаная прыносіць прыбытак.

– Трэба ўвесь час ладзіць камерцыйныя выступленні, зарабляць сродкі ў бюджэт, – гаворыць мастацкі кіраўнік студыі. – Ці дзеля гэтага стваралася “Арэна”? Мы ставілі задачу здзяйсняць мары дзяцей, вучыць іх цыркавому мастацтву. Атрымліваецца ж інакш…

Здаецца, было б разумным накіроўваць заробленыя сродкі на развіццё матэрыяльнай базы, заахвочванне талентаў. Дарэчы, відавочныя заслугі “Арэны” на многіх узроўнях часам ставяць сёння пад сумнеў, і студыі пастаянна трэба нешта даказваць. На жаль, некаторыя асы цыркавога мастацтва адкрыта выступаюць супраць падрыхтоўкі юных талентаў – маўляў, усё роўна з'едуць за мяжу. І самае цікавае, заўважаюць Кузняцовы, так і атрымліваецца. На думку Барыса і Марыі, каб гэтага не было, трэба ствараць умовы для таленавітых беларусаў дома, браць іх на працу ў свае дзяржаўныя цыркі, ствараць уласныя цыркавыя праграмы, ладзіць сумесныя прадстаўленні артыстаў розных жанраў, якіх раней чакалі ў кожнай вёсцы…

Дарэчы, Марыя Мікалаеўна не толькі мастацкі кіраўнік “Арэны”, а яшчэ і старшыня прафкама. Яе характар не дазваляе крыўдзіць людзей, жанчына хутка знаходзіць агульную мову з дзецьмі і дарослымі, разам з кіраўніком цэнтра Наталляй Дайнека падстаўляе плячо работнікам у няпростай сітуацыі, імкнецца захаваць калектыў. Дзеля гэтага ў “мясцовай канстытуцыі” прадугледжана ўсё, што дае падтрымку тым, хто працуе, як адна сям’я.

ДАДАТКОВА

Маці Марыі была супраць мары дзяўчынкі стаць артысткай цырка. Ды і ў школе ўсе як згаварыліся: “Майстар спорту па лёгкай атлетыцы, кандытат у майстры спорту па веславанні – рабі спартыўную кар'еру!” Але яна раз і назаўсёды палюбіла цырк. Праграмы аб ім, якія паказвалі кожны тыдзень, чакала з сястрой як свята: што толькі не выраблялі дзяўчаты, паўтараючы акрабатычныя нумары! І Марыя дамаглася свайго – у Мазыр дзеля яе прыехаў рэжысёр кіеўскага цырка. Ён высока ацаніў здольнасці школьніцы і выклікаў яе ва Украіну.

***

У Барыса быў свой шлях да цырка. Яго маці некалі займалася акрабатыкай, аднак складанасці жыцця не дазволілі ёй прадоўжыць любімую справу. Але ж “эстафету” падхапілі сыны, якія запісаліся ў цыркавую студыю. Барыс пэўны час працаваў у кіеўскім цырку жанглёрам. Разам з жонкай удзельнічаў у праграме з артыстамi тэатра, цырка і кіно: тады на адной сцэне выступалі Маргуноў, Віцын, Шубарын, Лебедзеў, Лявонцьеў, “Песняры”.

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ

Фота з сямейнага архіва Кузняцовых

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
25 апреля 2024 24 апреля 2024 23 апреля 2024 22 апреля 2024
Все новости