test gtag

Каляды: продкі верылі, што ў гэты чароўны час як быццам адчыняюцца дзверы ў іншы свет

Удзельнікі фальклорнага гурта “Варган”, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якім кіруе кандыдат бiялагiчных навук, дацэнт кафедры гісторыі і турызму ПДУ Вольга Емяльянчык, першыя калядныя дні праводзяць вельмі цікава, творча і незвычайна. Хлопцы і дзяўчаты ператвараюцца ў… калядоўшчыкаў.

Дарэчы, яны не толькі калядуюць сярод студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта, прыходзяць у госці па запрашэнні, але і паказваюць для жыхароў рэгіёна старажытны калядны абрад у Полацкім музеі традыцыйнага ткацтва Паазер’я. Гурт “Варган” ладзіць тэатралізаваную калядную імпрэзу, а студэнты падрабязна тлумачаць палачанам глыбокі сэнс старажытнага рытуалу.

Сутнасць каляднага дзейства заключаецца ў праграмаванні лепшай долі для чалавечай грамады на ўвесь будучы год. Першае свята гадавога цыклу беларусы спраўлялі ў гонар зімовага сонцастаяння. Святло перамагала цемру, нараджаўся новы віток жыцця, сонца паварочвала на лета. Продкі верылі, што ў гэты чароўны час як быццам адчыняюцца дзверы ў іншы свет. Значыць, можна зазірнуць у будучыню і паўплываць на свой лёс пры дапамозе разнастайных магічных дзеянняў. 

У перыяд святкавання ладзілі тры абавязковыя вячэры з галоўнай рытуальнай страваю куццёй – сімвалам дастатку і ўрадлівасці. Прыход калядоўшчыкаў таксама звязвалі з поспехам і багаццем, успрымалі іх як божых пасланцоў, сакральных гасцей, што ідуць “вакол свету аж да пана Лета – з далёкага краю, з-пад самага раю”. Гэтыя і шмат іншыя паэтычныя прыгаворкі дэкламуюць удзельнікі гурта на калядным свяце.

Звычайна цэнтральную ўвагу прыцягвае архаічны рытуал з удзелам Казы, што ўвасабляе долю і дабрабыт: “дзе яна ходзіць, там жыта родзіць, у каго бывае – таго шчасце чакае”. Спачатку алегарычная істота жвава танчыць з усімі прысутнымі, а потым падае на зямлю і “памірае”. Паводле народных павер’яў, сітуацыя сімвалізуе смерць Старога і нараджэнне Новага года. А каб падняць рагатую, трэба паднесці ёй розныя прысмакі, пачаставаць – тым самым дарамі аддзячыць багам за добрую долю на Новы год.

Гэтую традыцыю нельга парушаць, таму звычайна наведвальнікі музея загадзя рыхтуюць пачастункі калядоўшчыкам. А тыя ў абмен на шчодрыя дары спяваюць віншавальныя песні з пажаданнямі. Танцы, жарты, гульні абавязкова ладзяцца з удзелам гледачоў. А завяршаецца імпрэза праглядам батлеечнага спектакля “Цар Ірад”.

Такія святы ад гурта “Варган” ладзяцца ўжо восьмы год. Наведвальнікі музея, якія раней пабывалі на іх, заўсёды з цікавасцю ўспрымаюць і актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх гульнях і забавах. Асабліва гэта падабаецца дзецям. Удзельнікі фальклорнага гурту “Варган” з каляднымі песнямі праходзяць па вуліцах старажытнага Полацка, каб паказаць, што моладзь шануе традыцыі і звычаі даўніны.

Любоў ТРАПЕЗНІКАВА

Фота Ларысы МАЛАШЭНІ