Лепшая экранізацыя беларускіх кінематаграфістаў
Менавіта ў 2018-м спаўняецца 40 гадоў з таго моманту, як здымачную групу захапіла творчая праца над стварэннем стракатай палітры містычнага дэтэктыва. Сапраўды было цікава даведацца, як здымаўся фільм. Пра гэта распавядалі ў рамках новага адукацыйнага праекта “ТАК”: Тэатр. Адукацыя. Кіно”, прысвечанага Уладзіміру Караткевічу “Караткевіч. Вопыт кіно”.
Спачатку мадэратар мерапрыемства Ірына Дзям’янава, кіназнаўца (адзін з праграмных дырэктараў фестываля “Лістапад”), прадставіла гледачам фільм «Вянок санетаў», які атрымаў Гран-пры на Усесаюзным фестывалі (таксама прэмію Ленінскага камсамола Беларусі). Толькі пасля выхаду ў свет гэтай стужкі рэжысёру Валерыю Рубінчыку прапанавалі экранізаваць «Дзікае паляванне». На сустрэчу з гледачамі прыйшлі таксама аператар фільма з тонкім адчуваннем фантастычнай палітры кадра Таццяна Логінава і асістэнт рэжысёра Юрый Ківалаў.
– Уладзімір Караткевіч вельмі насцярожана ўспрымаў абмеркаванне сцэнарыя і выказваў сумненне: “Ці не заб’е ён (рэжысёр Валерый Рубінчык) маю ідэю, мой твор”, – адзначыла даследчыца творчасці пісьменніка Валерыя Кустава.
Дарэчы, Караткевіч вучыўся ў Маскве на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і напісаў сцэнарый сам, але каб стварыць годны фільм, яго прыйшлося перарабіць і дапрацаваць.
Рэжысёрскі тэмперамент і вынаходлівасць аператара
Вядома, да пачатку кіназдымак у кожнага фільма ёсць свой падрыхтоўчы перыяд. Спачатку ствараецца літаратурны сцэнарый, потым ідзе мэтанакіраваны адбор натуры, дзе робіцца шмат фотаздымкаў. У падрыхтоўцы рэжысёрскага сцэнарыя, альбо, як кажуць прафесіяналы – пастановачнага, прымаюць удзел сцэнарыст, рэжысёр, аператар, мастак. Але асноўная роля належыць усё ж такі рэжысёру.
На здымку: удзельнікі здымачнай групы на творчай сустрэчы, прымеркаванай да 40-годдзя выхаду ў свет містычнага дэтэктыва “Дзікае паляванне караля Стаха” і кіназнаўца Ірына Дзям'янава.
– Там усё адзначаецца па кадрах (іх, напрыклад, 600) і трэба падрабязна напісаць: дзе дэкарацыя альбо натура, якія акцёры ўдзельнічаюць, які рэквізіт, музыка і асобыя заўвагі (дым, дождж, снег), – падкрэсліла аператар Таццяна Логінава. – У выніку атрымліваецца дакумент, у якім дэталёва занатаваны змест кожнага эпізоду з малюнкам і фанаграмай. Тут важна як праца акцёраў, так і рэжысёрская вынаходлівасць, выразнасць, тэмперамент, выяўленчае рашэнне і, безумоўна, мантаж.
Некаторыя папракалі рэжысёра і ўсю групу, што здымкі “Дзікага палявання” праходзілі не ў Беларусі. Чаму так здарылася? Пацікавіліся ў аператара фільма:
– Шчыра кажучы, на той час у пошуках замка за тыдзень мы аб’ехалі ўсю Беларусь – больш за 3 тыс. кіламетраў, але не знайшлося ніводнага, які быў бы падобны на той, дзе жыла галоўная гераіня – апошняя прадстаўніца старажытнага дваранскага роду Надзея Яноўская.
Да высновы, што трэба ехаць ва Украіну, прыйшоў мастак Аляксандр Чартовіч, калі праглядаў этнаграфічны матэрыял у бібліятэцы. Там, у прыгарадзе Львова, знайшлі замак прыкладна XV–XVIII стагоддзяў. Але ўнутры яго размяшчаўся санаторый, таму інтэр’ер зняць было немагчыма.
Усе маркотныя краявіды беларускай прыроды здымалі на палігоне “Уручча”; сцэны конскай пагоні – пад Масквой у Алабіна, дзе існаваў спецыяльны конны полк.
– Памятаю, Рубінчык хадзіў па гасцінічным нумары і разважаў, як здымаць Беларэцкага, містычную пагоню (паляванне), – узгадвае Таццяна Логінава.– Я кажу: “Давай здымаць рапідам”. Давялося чакаць, таму што трэба было заказваць спецыяльную камеру. На зямлі, па якой несліся коні, спалілі траву, каб быў чорны колер. Сама хадзіла з факелам і паліла… Здымалі на стужцы “Кодак” нестандартна праз адмысловую оптыку – здавалася, коні выглядаюць пачварамі. А гэта проста хітрыкі аптычнай уласцівасці. Дарэчы, натуру здымалі толькі ў пахмурнае надвор’е.
Акцёры і ролі
Рэжысёр вельмі доўга падбіраў акцёрскі склад. Проб на ўсе ролі было шмат. На галоўную жаночую зацвердзілі Алену Кораневу, але ў той час яна вырашыла паехаць у ЗША з Канчалоўскім. Тады запрасілі балгарскую актрысу Алену Дзімітраву. На Рыгора Дубатоўку спрабаваўся акцёр ленінградскагя Вялікага драматычнага тэатра Яўген Лебедзеў. На ролю галоўнага героя Андрэя Беларэцкага запрашалі Уладзіміра Гасцюхіна. Вельмі хацеў здымацца ў “Дзікім паляванні” Аляксандр Абдулаў. Ён таксама прыязджаў на пробы.
На студыі пачалі шыць касцюм і на Інакенція Смактуноўскага – ён прачытаў сцэнарый і згадзіўся на ролю Дубатоўкі. Але здымкі павінны былі пачацца восенню і ён вымушаны быў адмовіцца з-за напружанага графіка. Рамана Філіпава на гэту ролю прапаноўваў сам Уладзімір Караткевіч. Барыс Плотнікаў выдатна сыграў Беларэцкага.
На вялікі жаль, адначасова на здымачную групу пакрыўдзіліся і Алег Басілашвілі, і Сяргей Юрскі – ім прапаноўвалі ролю ўпраўляючага, і нават сцэнарый яны чыталі, а ў фільме зняўся іншы акцёр.
Асабіста мне ўзгадваецца прэм’ерны паказ і ашаламляльныя адчуванні, калі ў глядзельнай зале ўспыхнула святло. Здавалася, быццам бы ты толькі што вярнуўся з паралельнай рэальнасці. Загадкавыя з’явы ў фільме і нечаканыя павароты сюжэту, спалучэнне фантастыкі з рэчаіснасцю і павер’ямі з глыбіні стагоддзяў – усё прымушала спыніцца і падумаць, якой вялікай складанай працай аплачваецца поспех.
Таццяна ІЛЬІНА
Фота аўтара і з архіва кінастудыі «Беларусьфільм»