Наверх

Мінская старшакласніца стварае многафункцыянальную інклюзіўную арт-прастору

12 апреля 2019

Мы пагутарылі з дзяўчынай пра тое, чаму важна ствараць многафункцыянальную інклюзіўную прастору і што менавіта яна плануе рабіць для рэалізацыі сваіх планаў.

– Паліна, прывітанне! Скажы, калі ласка, чаму для стварэння свайго праекта ты выбрала менавіта гэты кірунак?

– З самага дзяцінства я займаюся танцамі і малюю, зараз вучуся іграць на гітары. Таму і падумала: ёсць шмат людзей, якія па розных прычынах, уключаючы абмежаваныя магчымасці, не могуць займацца тым, што ім па душы. Магчымасці, але не здольнасці! Я лічу, што кожны чалавек мае права на творчае развіццё, незалежна ад асаблівасцей ці дыягназаў.

– А сутнасць твайго праекта – гэта…

– Стварэнне многафункцыянальнай інклюзіўнай прасторы – месца, дзе ў кожнага чалавека будзе магчымасць творча развівацца, а таксама паспрабаваць сябе ў розных творчых напрамках.

– Але ж існуе мноства дамоў культуры, клубаў па інтарэсах…

– Так, але мне здаецца, што там для творчага развіцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі робіцца недастаткова. Спачатку я хацела арганізаваць серыю творчых майстар-класаў для такіх людзей. Але потым вырашыла, што не хачу абмяжоўвацца гэтым і што можна даць людзям магчымасць не толькі паспрабаваць сябе ў розных напрамках, але і перадаць  навыкі, якімі яны змогуць карыстацца ў звычайным жыцці.

– Што ты ўжо зрабіла для рэалізацыі праекта?

– Створаны інстаграм-праект пад назвай «Разам», у межах якога мы разам з камандай праекта правялі серыю тэматычных фотасесій, а таксама пагутарылі са многімі ўплывовымі людзьмі, якія працуюць ў сферы інклюзіі, заручыліся іх падтрымкай. Зараз мы распрацоўваем макет прасторы і працуем над стварэннем сайта.

– Праект амбіцыйны, і на яго, відавочна, спатрэбяцца грошы. Што думаеш на гэты конт?

– Так, рэалізацыя праекта патрабуе фінансавай падтрымкі. Таму зараз я актыўна распрацоўваю ды прасоўваю анлайн-версіі праекта. У планах – зрабіць 3D-макет праекта, каб было прасцей знайсці падтрымку з боку інвестараў.

Зараз Паліна рыхтуецца да выступлення – разам з яшчэ 9 іншымі фіналістамі, якія таксама трапілі ў фінал маладзёжнага конкурсу velcom YOUTH. Дзякуючы яскравым ідэям, яны атрымалі магчымасць выступіць перад вялікай аўдыторыяй у межах маштабнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk, якая пройдзе 18 мая ў Мінску.

Сацыяльна-адукацыйны праект ладзіцца кампаніяй velcom | A1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і арганізатараў TEDxMinsk. Удзельнікамі конкурсу сталі звыш 850 чалавек з больш чым 230 навучальных устаноў краіны. Адметнай рысай праекта з'яўляецца камунікацыя па-беларуску.

Дзмітрый КУЛЬБАЦКІ

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
19 апреля 2024 18 апреля 2024 17 апреля 2024
Все новости