Наверх

Падарунак са старажытнасці: унікальны абрад “Ваджэнне Сулы” набыў адметны статус

11 апреля 2019

Абрад “Ваджэнне Сулы” ўключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Як паведамілі ў Гомельскім райвыканкаме, такі статус абраду прысвоены Міністэрствам культуры ў канцы сакавіка.

Абрад дагэтуль бытуе ў населеных пунктах Гомельскага раёна. Сёлета ён пройдзе 29 красавіка. Гэта адметнае праяўленне веснавой абраднасці, скіраванае на забеспячэнне добрай ураджайнасці, а таксама на здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і засцярогу ад прыроднай стыхіі – маланкі.

– У “Ваджэння Сулы” – няпростая гісторыя, – распавядае  Ірына Глушэц, вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”. – Штогадовае правядзенне абраду ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна было перапынена ў 1967-м мясцовай уладай і адноўлена праз 40 гадоў. У 2007-м да гэтага прыклалі намагані мясцовыя энтузіясты пры падтрымцы настаўнікаў і кіраўнікоў Маркавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы.

У Суле традыцыйна аб’ядноўваліся дзве суседнія вёскі і іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі – мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзей – жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя, па-мясцоваму адметныя самаробныя строі. Само ж слова “Сула” ў разуменні вяскоўцаў азначае як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў.

“Ваджэнне Сулы” адбываецца на другі дзень Вялікадня і распачынае час маладзёжных гулянняў на вуліцы. Пасля Велікоднай літургіі, што праходзіць у Свята-Кацярынінскай царкве ў вёсцы Гадзічава, жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог каля царквы і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды – “танкí”. Узяўшыся пад рукі, шарэнгай ідуць з песняй “Як ішла Сула”, а затым з прыпеўкамі пад гармонік накіроўваюцца ў бок вёскі Маркавічы, уздоўж старога Кацярынінскага шляху.

У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы падчас абыходу вёскі, карагоды-“танкí” паўтараюцца, а рух уздоўж дарогітаксама суправаджаецца абрадавымі спевамі, гульнямі і прыпеўкамі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца жадаючыя. Завяршаецца абрадавае свята каля сельскага Дома культуры сумесным частаваннем і гуляннем. Яно вельмі падабаецца як мясцовым жыхарам, так і гасцям вёсак.

Як падкрэсліваюць у Гомельскім райвыканкаме, наданне адпаведнага статусу нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека з’яўляецца значнай падзеяй. Дарэчы, у цяперашні час у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 5445 матэрыяльных і толькі 125 нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Уладзімір МІКАЛАЕЎ

Фота  газеты “Маяк” Гомельскага раёна і з адкрытых iнтэрнэт-крынiц

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
25 ноября 2024 24 ноября 2024 23 ноября 2024 22 ноября 2024 21 ноября 2024
Все новости