Песню ў спадчыну землякам пакінуў славуты беларускі фалькларыст Антон Грыневіч
Тут яго вытокі
У афіцыйных крыніцах месца нараджэння вядомага земляка называлася па-рознаму. Але трэба ведаць нястомнага Карасёва: калі ён чымсьці зацікавіўся, абавязкова давядзе справу да канца. І не проста “раскапае” ўсе падрабязнасці жыцця славутага чалавека, але і ўвекавечыць памяць. Дарэчы, на полацкай зямлі, дзякуючы яго ўпартасці, з’явілася больш за 10 помнікаў.
Сустрэчы з жыхарамі Шпакоўшчыны і іншых вёсак, занальны дзяржаўны архіў Полацка, архіў-музей літаратуры і мастацтва ў Мінску – усё гэта дало багаты матэрыял пра жыццё Антона Грыневіча. А было яно далёка не бязвоблачным.
Звесткі пра ўладанні Грыневічаў захаваліся ў “Спісе населеных пунктаў Віцебскай губерні” пад рэдакцыяй А. Сапунова: “…уладальнік фальварка Іваноўшчына Нацкай воласці – Грыневіч, дваранін, католік. Двор адзін, 37 дзесяцін зямлі. Колькасць жыхароў – 8”.
Пасля рэвалюцыі маці Грыневіча, як сведчаць дакументы Полацкага занальнага архіва, выслалі за тое, што яна “дрэнна адносілася да насельніцтва”, а ў сядзібе размясцілася малочная ферма. У канцы 30-х гадоў не стала і яе – знеслі.
У Іваноўшчыне, на беразе рэчкі Нача, прайшло дзяцінства будучага збіральніка беларускага фальклору. Віктар Карасёў бачыў гэтыя мясціны, той утульны куточак на беразе ракі, дзе знаходзілася сядзіба Грыневічаў.
Сваю вучобу Антон Грыневіч пачаў у Дзісненскім гарадскім вучылішчы, дзе разам з агульнымі прадметамі авалодаў і музычнай граматай. У 1896 годзе яго забраў у Пецярбург старэйшы брат Віталь, які працаваў там дробным чыноўнікам. Ён даў магчымасць Антону атрымліваць далей адукацыю. А той паспяваў і вучыцца, і працаваць пісцом – спачатку ў Казённай палаце, а потым у Дэпартаменце гандлю і прамысловасці. Удасканальваў і музычныя веды: закончыў у Пецярбургу народную музычную школу, затым у Вільні – методыка-педагагічныя польскія курсы спеваў.
Сустрэчы з землякамі
Антон Грыневіч пачаў збіраць беларускі музычны фальклор у 1906 годзе. У час водпускаў ездзіў па розных куточках Беларусі і шукаў цікавыя народныя песні.
Любіў прыязджаць і на радзіму. Так, адзін з мясцовых жыхароў расказаў Віктару Карасёву, што яго маці неаднаразова сустракалася з Антонам Грыневічам, спявала песні і прыпеўкі. Ён быў вясёлым, добразычлівым чалавекам, меў падыход да простых людзей. Звычайна прыходзіў у канцы дня да жней у поле і прасіў іх паспяваць. Жанчыны спявалі народныя песні, а ён запісваў словы і ноты – яны потым увайшлі ў зборнікі. Нават заснаваў прыватнае выдавецтва, якое да пачатку Першай сусветнай вайны выпусціла 11 кніжак.
– Пэўна, такое актыўнае грамадскае жыццё перашкодзіла Грыневічу стварыць сям’ю, – разважае Віктар Раманавіч. – У архівах ніякіх канкрэтных звестак накшталт гэтага я не знайшоў. Вядома, што ў 1916 годзе ён пазнаёміўся з актрысай і зямлячкай Марыяй Мікуліч і пакахаў яе. Хутчэй за ўсё, гэта было пачуццё без узаемнасці. У музеі-архіве захаваўся яе ліст да Антона Антонавіча, напісаны ў 1919 годзе. У ім Мікуліч просіць прабачэння, што не можа даць яму шчасця, і прапаноўвае застацца добрымі сябрамі…
Жыць у Пецярбургу і не сустрэцца з прафесарам і земляком Б.І. Эпімах-Шыпілам Антон Грыневіч не мог. Больш таго, сам прафесар ніколі не праходзіў міма такіх апантаных, улюбёных у сваю Бацькаўшчыну людзей. Яны сустрэліся на кватэры Эпімах-Шыпілы, дзе збіралася таленавітая беларуская моладзь. На суботніх сустрэчах Грыневіч дзяліўся ўражаннямі ад фальклорных паездак, выносіў на суд гледачоў новыя запісы беларускіх песень, прыслухоўваўся да парад прафесара і сяброў. Тут ён пазнаёміўся з яшчэ адным знакамітым земляком, мастаком і фалькларыстам Язэпам Драздовічам.
– У фондзе Грыневіча архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Мінску я знайшоў запісы Язэпа Драздовіча аб першым уражанні ад знаёмства, – расказвае Віктар Карасёў. – Ён піша, што ў Эпімах-Шыпілы застаў буйнарослага вусатага пана ў чыне капітана. Знаёмства адбылося летам 1917 года ў час Першай сусветнай вайны, калі інтэндант рускай арміі Грыневіч са станцыі Балагое прыехаў у Пецярбург. Дарэчы, Драздовіч напісаў партрэт свайго земляка.
Надзеі на лепшае
Кастрычнік 1917 года Антон Грыневіч сустрэў з радасцю і надзеямі. Спачатку працаваў у культурна-асветніцкім аддзеле Белнацкама ў Маскве. З 1920 года ён – выкладчык музыкі ў Віленскай беларускай гімназіі.
Пасля савецка-польскай вайны аказаўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Вядома, што польскі ўрад праводзіў палітыку так званага апалячвання, забараняў беларускія школы. З гэтым Грыневіч змірыцца не мог і выступіў супраць такой палітыкі. Ён адстойваў нацыянальную культуру, што, вядома ж, выклікала незадаволенасць польскіх уладаў.
У 1921 годзе Антона Грыневіча затрымалі на станцыі Маладзечна, што знаходзілася на савецка-польскай мяжы: 10 месяцаў ён правёў у Варшаўскай турме за ўдзел у беларускім нацыянальным руху. Затым зноў – Вільня, дзе тры гады жыў пад наглядам польскай паліцыі, яму забаранялася пакідаць горад.
У кастрычніку 1925 года Грыневіч нелегальна выехаў у Мінск.
– Мяркуйце самі, як Антон Антонавіч хутка ўключыўся ў культурнае жыццё, – гаворыць Віктар Раманавіч. – Ён працаваў загадчыкам Беларускага народнага дома, выкладаў спевы ў школах і рыхтаваў першы беларускі дапаможнік па музыцы. Праз газету “Советская Белоруссия” звярнуўся да грамадскасці з заклікам збіраць музычныя народныя творы. А ў краязнаўчым часопісе “Наш край” змясціў “Праграму-інструкцыю для збіральнікаў музычна-этнаграфічнай творчасці”. Удзельнічаў і ў рабоце Першага краязнаўчага з’езда.
Да 1930 года Грыневіч працаваў у Інстытуце беларускай культуры, а пасля ў Акадэміі навук БССР. Беларускі ўрад адзначыў заслугі Антона Грыневіча персанальнай пенсіяй. Але пенсіянер не жадаў адпачываць, працягваў працу, перасяліўшыся ў Гарадок Віцебскай вобласці. Яго “Беларускія песні з нотамі”, “Беларускія народныя песні”, “Школьны спеўнік”, падручнік “Навука спеваў”, “Народны спеўнік”, “Дзіцячы спеўнік” ужо тады былі вядомы тым, хто захапляўся беларускай песняй.
Салаўкі
Але нядоўга давялося займацца любімай справай на новым месцы жыхарства – Антон Грыневіч трапляе пад другую хвалю рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі. Яго высылаюць у Салаўкі. Апошнімі, хто бачыў Грыневіча ўжо ў лагеры, як піша даследчык А. Ліс у кнізе “Песню – у спадчыну”, былі сакратар Беларускай сялянска-рабочай грамады М. Бурсевіч і вучань Грыневіча М. Каруза, якія наведалі яго восенню 1937 года.
А потым…
Гэтыя падрабязнасці я адшукала ў “Ленинградском мартирологе” (1937–1938 годы): “Гриневич Антон Антонович, 1877 г.р., уроженец хут. Ивановщина Лепельского у., Витебской губ., белорус, беспартийный, композитор, в 1925-1928 гг. научный работник Института белорусской культуры в Минске. Коллегией ОГПУ 9.01.1934 г. приговорен по ст. 58-4-6-11 УК РСФСР к расстрелу с заменой на 10 лет ИТЛ. Отбывал наказание в Соловецкой тюрьме. Особой тройкой УНКВД ЛО 25.11.1937 г. приговорен по ст. 58-10-11 УК РСФСР к высшей мере наказания. Расстрелян в г. Ленинград 8.12.1937 г.”.
Рэабілітавалі яго ў 1956 годзе.
Вяртанне на радзіму
У гонар Антона Грыневіча, дзякуючы намаганням краязнаўцы Віктара Карасёва, у цэнтры вёскі Шпакоўшчына побач з царквой устаноўлены памятны знак – амаль 10-тонны валун, які знайшлі недалёка ад былога фальварку Іваноўшчына. Так Антон Антонавіч вярнуўся на радзіму, каб жыць ва ўдзячнай памяці землякоў.
Любоў ТРАПЕЗНІКАВА
Фота з адкрытых крыніц