test gtag

Прафсаюзны форум, які аб’яднаў творчую моладзь, развітваецца

Студэнцкі форум арганізавалі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сумесна з Міністэрствам адукацыі.

Праграма для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі Гомельшчыны, як і па ўсіх рэгіёнах, была надзвычай шырокай. Тут прайшлі прафарыентацыйныя выставы, дзе звыш 1,5 тыс. школьнікаў горада змаглі адкрыць для сябе нюансы будучых прафесій, семінар-нарада, на якой абмяркоўваліся праблемы маладых спецыялістаў, і іншыя мерапрыемствы.

Яркі след ва ўдзельнікаў пакінулі знаёмствы з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі, сустрэчы з іх кіраўнікамі і прафактывістамі. І гэта невыпадкова, бо менавіта там маладыя людзі пераканаліся, што для іх шырока расчынены  дзверы,  іх чакаюць. Толькі пры ўмове: прадпрыемствам патрэбны высокаадукаваныя кадры.

Яркі прыклад таму – фабрыка “Спартак”.  Яшчэ ў часы Савецкага Саюза яна  ўваходзіла ў дзясятку лепшых кандытарскіх фабрык вялікай дзяржавы. І сёння прадпрыемства застаецца не толькі самым буйным вытворцам салодкіх вырабаў Беларусі, але і ў ліку вядучых на абшарах СНД.

У чым сакрэт поспеху? Як развіваецца прадпрыемства і як падтрымлівае моладзь, якой тут большасць? Пра гэта і многае іншае даведаліся самыя актыўныя студэнты Гомельшчыны.

– Зараз самы гарачы сезон для вытворчасці – напружаны для працаўнікоў, але вельмі спрыяльны для рэалізацыі прадукцыі: напярэдадні Новага года ўсе хочуць парадаваць дзяцей і блізкіх салодкімі падарункамі, – уключыўся ў размову намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і тэхналогіях Аляксандр Чарняцоў і запрасіў студэнтаў і навучэнцаў пазнаёміцца з вытворчасцю.

Сёння “Спартак” выпускае звыш 300 кандытарскіх вырабаў. Акрамя шакаладу і шакаладных цукерак, тут вырабляюць карамель, разнастайнае печыва, вафлевыя батончыкі, шакаладныя тарты. За тры змены ў суткі выпускаюць звыш 100 тон прадукцыі, у месяц – болей 2 тыс. тон. Фірменныя магазіны працуюць у кожным абласным цэнтры краіны. Прадукцыя  пастаўляецца ў розныя краіны свету, уключаючы ЗША, Расію, Азербайджан.

– Усяго гэтага не было б, калі б не правялі мадэрнізацыю. У нашы дні перадавое тэхнічнае аснашчэнне – не раскоша, а неабходнасць, – адзначае  Аляксандр Міхайлавіч. – Тэхналагічны працэс на “Спартаку” максімальна аўтаматызаваны, набыты і ўстаноўлены лініі галандскай і нямецкай вытворчасці. Гэта аблегчыла працу людзей і палепшыла якасць прадукцыі. Напрыклад, на варачным участку цукеркава-шакаладнага цэха задзейнічаны толькі 3 работніцы. А рэцэпты сёння не трэба захоўваць у памяці тэхнолагу: на сэнсарным экране спецыяліст задае неабходныя параметры, і працэс кантралюе праграма – ад варкі шакаладнай масы ці малочнай памадкі да фарміравання дна будучай цукеркі і ахаладжэння. Гатовая смаката адпраўляецца ў цэх упакоўкі. Тут цукеркі аўтаматычна загортваюцца, старанныя рукі работніц упакоўваюць іх у скрынкі і накіроўваюць на склад. А далей – у падарожжа, да пакупніка.

Фабрыка выкарыстоўвае перадавыя дасягненні кандытарскага рынку, укараніла сістэму мэнэджмента якасці.

Старшыня прафкама прадпрыемства Лілія Філіповіч падкрэслівае: ніякая мадэрнізацыя не прывядзе да станоўчага выніку, калі чалавек не адчуе стымулу якасна і прадуктыўна працаваць. На “Спартаку” 2 тыс. чалавек – члены прафсаюза, і на ўсіх распаўсюджваецца калектыўны дагавор, праз які забяспечваюцца дадатковыя гарантыі. Паэтапна расце зарплата, якая ў сярэднім складае 500 долараў ЗША. Кіраўніцтва прадпрыемства на чале з гендырэктарам Алегам Жыдковым, прафкам і савет назіральнікаў вырашаюць пытанні сацыяльнай абароненасці, не пакідаюць без увагі сацыяльна-бытавую сферу. Тут свае 2 інтэрнаты, медпункт. У калдагаворы шмат пунктаў, якія падтрымліваюць маладых работнікаў. Невыпадкова сюды імкнецца на працу моладзь.

Удзельнікі форуму наведалі таксама  Гомельскі домабудаўнічы камбінат,  ААТ “Камінтэрн”, ААТ “Гомельхлебпрам”, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.

На завяршальным гала-канцэрце, які прайшоў вечарам у ДК культуры чыгуначнікаў імя У.І. Леніна, яблыку не было дзе ўпасці: творчасць дэманстравалі лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы  ўстаноў вышэйшай адукацыі. Канцэрт і стаў яркай апошняй кропкай “Студэнцкай восені-2018”.

Сваімі ўражаннямі аб прафсаюзным форуму з карэспандэнтам падзяліліся  яго ўдзельнікі.

Анастасія Рабко, студэнтка 6 курса Гомельскага дзяржаўнага  медуніверсітэта:

– Форум прайшоў на адным дыханні, і я атрымала многа карыснага для ўласнага развіцця. Так склалася, што я – мінчанка, але вучуся ў Гомелі. Зразумела, ніколі б не змагла проста так патрапіць на “салодкую фабрыку”. Прызнаюся шчыра:  вельмі ўражана тэхнічным прагрэсам “Спартака”.     

Кацярына Санкевіч, член прафкама Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта, студэнтка 6 курса:

– А я з Пінска родам. Хачу заўважыць, што цудоўна, калі людзі прыходзяць на працу ў добрым настроі, а ў вольны час імкнуцца ўдзельнічаць у мерапрыемствах. На кандытарскай фабрыцы “Спартак” клапоцяцца аб здароўі працаўнікоў, тут вельмі добра працаваць моладзі. Я адкрыла для сябе шмат новага, у тым ліку і праз знаёмства з прадпрыемствамі – візітоўкамі Беларусі.

Вольга Сапегіна, старшыня прафкама навучэнцаў Гомельскага каледжа народных промыслаў:

– Форум удаўся, на мой погляд. На прыкладзе  буйных прадпрыемстваў знутры можна было пазнаёміцца з тым, як падтрымліваюць моладзь. Прызнацца па-шчырасці, сёння нялёгка працаваць з навучэнцамі, і для мяне быў карысным вопыт другіх у гэтай справе. Многае добрае з убачанага запазычу для сваёй пярвічнай арганізацыі.

Ксенія Катрук, студэнтка 3 курса, старшыня прафбюро філалагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна:

– Я ўдзельнічала ў першай “Студэнцкай восені”, і на ўсё жыццё захавала цёплыя ўражанні. Цяпер стала ўдзельніцай трэцяй, якая пашырыла межы. Мне было цікава ў Гомелі ўсё: і вытворчасць ювелірных вырабаў на прадпрыемстве “Крышталь”, і карысны семінар. А ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе № 69 захацелася працаваць і пераканалася, што я недарэмна выбрала прафесію настаўніка. Дзякуй за такія пачуцці форуму!

Уладзімір ІГНАТОВІЧ

Фота аўтара