Наверх

Сцяжынкамі генія. Музей Караткевіча ў Оршы захоўвае памяць пра земляка

26 ноября 2020

Музей на радзіме пісьменніка існуе з 2002 года. 90-гадовы юбілей класіка – цудоўная нагода, каб пабываць там. Тым больш, што памяць пра земляка музейшчыкі захоўваюць вельмі ашчадна. А мерапрыемствы для дарослых і дзяцей прывабліваюць як аматараў творчасці вялікага аршанца, так і тых, хто толькі збіраецца зрабіць першыя крокі ў незвычайны свет яго твораў.

– Я ганаруся тым, што наш музей – адзіны ў Беларусі, які носіць імя Караткевіча, – адзначае загадчыца ўстановы Ліна Гатоўская. – Хаця экспазіцыі, прысвечаныя класіку, існуюць у розных месцах: напрыклад, у Аршанскай СШ № 3, якая стаіць на месцы школы, дзе вучыўся будучы пісьменнік.

Сёння мы раскажам, што абавязкова зрабіць у музеі, калі вам пашчасціць апынуцца на радзіме аднаго з самых рамантычных беларускіх аўтараў.

Пабачыць асабістыя рэчы Уладзіміра Караткевіча.

У аршанскім музеі нямала прадметаў, да якіх дакраналася рука класіка, якімі ён карыстаўся ў свой час. У цэнтры біяграфічнай экспазіцыі знаходзіцца рэканструкцыя фрагмента аднаго з пакояў хаты Караткевіча. На стале – ягоны чарнільны прыбор, на паліцы – прывезены з вандроўкі самаробны латунны чайнік. У сям’і вельмі любілі класічную музыку. Нядаўна супрацоўнікі музея адрамантавалі патэфон з бацькоўскай хаты пісьменніка. Цяпер на ім можна слухаць старыя пласцінкі.

Патэфон цяпер працуе.

Пад шклом экспазіцыйнай вітрыны выстаўлены малюнкі маленькага Валодзі: талент да малявання ў будучага класіка быў з самага дзяцінства. Тут і напісаныя дзіцячай рукой лісты да сваякоў, смешны малюнак з трыма парсючкамі, а асобна – выява пляжа на Дняпры. Гэты краявід дасюль можна пабачыць, расказвае загадчыца музея Ліна Гатоўская, калі глядзець на раку з пэўнай кропкі.

У музеі добра разумеюць, што куды даражэй за самыя эксклюзіўныя рэчы тое, што захавала чалавечая памяць. Таму тут ашчадна збіраюць і запісваюць успаміны пра славутага земляка, выкарыстоўваюць іх у экскурсіях.

Ёсць і яшчэ адзін незвычайны экспанат. У 2015 годзе зорцы шостай велічыні з сузор’я Льва далі імя Уладзіміра Караткевіча. Сертыфікат, які сведчыць аб гэтым, упрыгожвае сцяну музея. Дарэчы, нябеснае свяціла можна назіраць у звычайны бінокль.

Цікава і карысна правесці час з дзецьмі.

У наш час самае нязмушанае і цікавае ўспрыманне экспазіцыі магчыма дзякуючы інтэрактыву. Супрацоўнікі ўстановы культуры распрацавалі 3 квэсты па творчасці Уладзіміра Караткевіча.

– Дзеці, а іх да нас прыходзіць нямала, слухаюць экскурсію не заўсёды цярпліва, – распавядае Ліна Гатоўская. – А вось квэст-гульня захапляе і праводзіць кожнага па ўсёй творчасці пісьменніка на адным дыханні. Дарэчы, мы гатовы прапанаваць інтэрактыўную гульню не толькі нашым юным наведвальнікам. Ёсць варыянты і для дарослых экскурсантаў.

У хуткім часе адзін з квэстаў “У пошуку скарба Караткевіча” зробіцца даступным і для гасцей з замежжа. Па просьбе музейшчыкаў аршанскія настаўнікі пераклалі гульню на англійскую мову. Мяркуецца, што госці Беларусі абавязкова адшукаюць скарб нашага нацыянальнага генія. Ну а пакуль эпідэміялагічная абстаноўка не дазволіць прымаць шмат замежных турыстаў, англамоўныя рэбусы творчасці Караткевіча будуць рашаць юныя аршанцы.

– Навука, заснаваная на родным і блізкім матэрыяле, лягчэй і прыемней даецца дзецям, – кажа Ліна Гатоўская. – У нашых бліжэйшых планах – пераклад квэста на французскую і нямецкую мовы.

А яшчэ ў музеі адбываюцца сапраўдныя спектаклі. Ладзіць іх удзельніца літаратурнага аб’яднання “Дняпроўскія галасы”, аўтарка дзіцячых вершаў, выхавальніца дзіцячага садка № 9 горада Оршы Алена Кучынская разам са сваёй сяброўкай. Супрацоўнікі музея дапамаглі энтузіястцы, пашылі тэатральную шырму. Цяпер лялечныя персанажы расказваюць дзецям народныя казкі і легенды, якія напісаў іх славуты зямляк. У бліжэйшых планах музейшчыкаў – распрацоўка ўласнага сцэнарыя па казках Уладзіміра Караткевіча і рэалізацыя яго для дзетак і дарослых.

Ёсць у музеі магчымасць паказаць і мультфільмы па казках Караткевіча. Пасля прагляду маленькіх наведвальнікаў запрашаюць у музейны дворык. Там, малюючы крэйдай на асфальце, яны перадаюць свае ўражанні ад прагляду мульцікаў або спектакляў.

– Мы робім усё дзеля таго, каб наш музей быў сапраўдным асяродкам беларускай мовы і культуры, – тлумачыць загадчыца. – Выхоўваем падрастаючае пакаленне ў нацыянальным духу. Пры музеі актыўна дзейнічае самае сталае па творчым узросце ў Беларусі літаратурнае аб’яднанне “Дняпроўскія галасы”. Пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і літаратуразнаўцамі, прачытаць і паслухаць іх, а таксама прапанаваць свае творы магчыма ва ўтульным музейным асяроддзі

Узяць удзел у пешаходнай экскурсіі.

Усе мясціны, звязаныя з імем Уладзіміра Караткевіча, знаходзяцца недалёка ад музея. І супрацоўнікі ніколі не адмовяць падарожніку, які хацеў бы пазнаёміцца і з імі.

Пачынаецца экскурсія з вуліцы імя Караткевіча. На ёй захаваўся дом, у якім жыла сям’я пісьменніка пасля вайны. Драўляную хату набылі недзе ў вёсцы, перавезлі яе ў горад. Расказваюць, Караткевічы адразу пасяліліся там, а рамонт рабілі паступова. Дапамагаў у гэтым і малодшы сын Уладзімір.

Да нядаўняга часу тут жыў Юрый Барабаш – муж пляменніцы Уладзіміра Караткевіча Раісы. Калі руплівага гаспадара, гатовага адчыніць дзверы пісьменніцкага дома для гасцей, не стала, будынак выкупіў аршанец па паходжанні бізнесмен Андрэй Балабін. Ён плануе зрабіць там музей, захаваўшы ўсе рэчы сям’і. Адметна, што ў юбілейны год на сцяне суседняй пяціпавярхоўкі з’явіўся мурал: партрэт пісьменніка, які бачны здалёк, у тым ліку з супрацьлеглага боку шырокага Дняпра. Задума і рэалізацыя відовішчнага пректа належыць таксама Андрэю Балабіну.

Мурал на вуліцы Караткевіча. Рабочыя заканчваюць працу.

Ад дома сцежкай уздоўж Дняпра можна дайсці да дзіцячага парка. У ім, запэўніваюць аршанцы, знаходзіцца найпрыгажэйшы помнік іх славутаму земляку – ён на ім зусім малады. Нагадаем, акрамя роднага горада, каменныя скульптуры Караткевіча ўстаноўлены ў Віцебску і Кіеве. Сімвалічна, што помнік у Оршы знаходзіцца прыблізна на тым самым месцы, дзе стаяла даваенная хата бацькой пісьменніка.

Лавачкі тут размешчаны так, каб той, хто на іх прысядзе, бачыў перад сабою Дняпро – раку, ля якой рос маленькі Валодзя.

“Што вы бачыце, гледзячы на хвалі? – часта пытаўся ён у сяброў. – Магчыма, проста раку. А на мяне наплываюць вершы”.

Недалёка ад гэтага месца – Ізуіцкі калегіюм, дзе працуе дзіцячая бабліятэка імя Караткевіча. А праз некалькі кварталаў – школа № 3, дзе ёсць яшчэ адзін музей, прысвечаны славутаму земляку. Не такі багаты, як гарадскі, але цікавы найперш тым, што экскурсіі ў ім праводзяць вучні.

– Ёсць яшчэ адно сімвалічнае месца, – расказвае Ліна Гатоўская. – На Пралетарскіх могілках Оршы пахаваны Сымон Цімафеевіч, бацька Караткевіча, яго пляменніца Раіса з мужам Юрыем. Там жа знаходзіцца магіла бабулі пісьменніка – Наталлі Якаўлеўны, памерлай у 1924 годзе.

Зразумець, што аршанцы ганарацца сваім земляком.

І гэта відавочна. Бо многія лічаць не просто абавязкам, але і вялікім гонарам дапамагчы захаваць памяць пра яго.

– Супрацоўнікі музея Настасся Смалякова і Кацярына Цехановіч уклалі і падрыхтавалі да выдання зборнік вершаў аршанскіх паэтаў пад назвай “Спадарожніку зямлі”, прысвечаны 90-годдзю Караткевіча. Распрацавалі банер да юбілею пісьменніка і юбілейныя каляндарыкі, – расказвае загадчыца музея. – А вось аддрукаваць святочную прадукцыю дапамаглі супрацоўнікі дзяржаўнага прадпрыемства “Аршанскі рэгіянальны цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і нерухомасці”.

Дарэчы, да гэтага 4 гады сцяну музея ўпрыгожваў банер, які дапамог займець зусім малады мецэнат Уладзімір Розін. Той жа самы “Аршанскі рэгіянальны цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і нерухомасці” паспрыяў у здымках невялікага роліка, у аснову якога лягла песня на словы Караткевіча. Цяпер некалькі разоў у дзень відэа можна паглядзець на вялікіх экранах цэнтральнай плошчы Оршы.

Цесна працуе з калектывам музея вядомы аршанскі мастак Сяргей Шарай. Ён – аўтар выстаў, прысвечаных Спірыдону Собалю, Уладзіміру Караткевічу, ініцыятар праекта адной карціны. Перш чым падарыць свой новы твор або прапанаваць пакупнікам, мастак перадае яго на месяц у музей для бясплатнай экспазіцыі.

Пенсіянерка Галіна Ільіна выдаткавала сродкі на выраб радавода Караткевіча. Даўні сябра музея Эдуард Сухадольскі робіць рамы патрэбных памераў і перадае іх музею. Так, напрыклад, ён “апрануў” карціну аршанскага мастака Уладзіміра Батуры. А яшчэ ён здзейсніў вельмі важны праект.

– Калі прадавалі бацькоўскую хату Караткевіча, сярод іншых рэчаў былі і фотаздымкі, – расказвае загадчыца музея. – Іх неабходна было перадаць сваякам пісьменніка. Тыя дазволілі адкапіраваць фотакарткі, сярод якіх нямала ўнікальных. Эдуард Сухадольскі не проста зрабіў копіі, ён апрацаваў здымкі ў графічным рэдактары, максімальна захаваўшы іх якасць. Змясціў на паспарту і перадаў музею.

На працягу некалькіх гадоў рэкламнае агенцтва “Медыя – Голд” пад кіраўніцтвам Андрэя Казімірскага падчас тыдня памяці У. Караткевіча ў якасці сацыяльнай рэкламы трансліруе ролік, прысвечаны пісьменніку, на 27 аўтобусных маршрутах Аршаншчыны і ў гандлёвых цэнтрах горада.

– Вельмі спадзяюся, што спіс нашых сяброў пашырыцца, – адзначае загадчыца музея. – Бо наш славуты зямляк варты найлепшай памяці.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
24 апреля 2024 23 апреля 2024 22 апреля 2024
Все новости