Наверх

Шчаслівыя разам: перспектыўная мадэль і паспяховы бізнесмен адраджаюць вёску

11 мая 2018

Ён – паспяховы маскоўскі бізнесмен, яна – мадэль, практыкуючы адвакат і грамадскі дзеяч з Мінска. Здаецца, такая пара павінна жыць у цэнтры мегаполіса, быць заўсёднікам модных устаноў і ў вольны час адпачываць на курортах. Аднак гэтая маладая сям’я адмовілася ад гарадскiх даброт, каб адрадзіць маленькую вёсачку з красамоўнай назвай Маргі.

Стомленасць ад горада

Да вёскі, якая, па словах Рамана Мельнічэнкі і Наталлі Трафімавай, ужо павінна была знiкнуць з карты, мы дабіраліся некалькі гадзін. Гладкая асфальтаваная дарога змяніліся пясчанай, і ўсё часцей пачалі сустракацца на шляху разбураныя вясковыя хаты. Маргі згубіліся сярод лясоў і азёр, у 180 кіламетрах ад сталіцы.

Але ж нязручнасці доўгага падарожжа былі забыты адразу па прыездзе на месца прызначэння. Аграэкатурыстычны комплекс, які Раман разам з братам і бацькамі «падымаў з кален», называецца «Утрына». Некалькі гадоў таму ўсё тут было ў занядбанні, а сёння навокал – прыгожая чыстая тэрыторыя, з агародамі, садамі і возерам, хатамі з дызайнерскім інтэр’ерам і ўнутраным аздабленнем з натуральных матэрыялаў.

На сядзібе людзей няшмат, а вось жывёл – не злічыць. Першым да нас падбег сабака Вайран (усходнееўрапейская аўчарка). Велізарны, з выгляду грозны, ён, між тым, дружалюбна віляў хвастом, дазваляў гладзіць сябе, абдымаць, суправаджаў усюды, куды б мы ні пайшлі. Гуляючы па тэрыторыі, мы ўбачылі авечак, курэй, коней, гусей, качак, альпійскіх коз, в’етнамскіх свінак і хаскі — гонар гаспадароў. Знайшлося месца і для пчол.

На пытанне аб тым, як малады чалавек адважыўся рэалізоўваць грандыёзны план па адраджэнні вёскі, Раман адказвае проста: яго заўсёды цягнула да прыроды, а тыповы кар’ерны сцэнарый – пад’ём, працоўная гонка, адбой – яго вельмі стаміў. І ў пошуках падыходзячага месца для таго, каб пачаць усё з нуля, бізнесмен аб’ехаў усю Расію – пабываў у глухіх раёнах Карэліі, Валгаграда, Калінінграда. “Тое самае месца” знайшоў у Беларусі.

– Раман, калі мы сустрэліся ўпершыню, нагадаў мне героя рускіх народных казак: высокі, моцны, з кучаравымі валасамі і светлымі вачамі, – узгадвае Наталля. – Мяне ўразіла яго жаданне знайсці альтэрнатыву звыкламу для гарадскога чалавека ўкладу жыцця, стварыць інфраструктуру, якая дазволіла б існаваць ва ўмовах поўнага самазабеспячэння. І мне захацелася стаць часткай гэтага незвычайнага праекта. Нашы сяброўскія адносіны неўзабаве перараслі ў нешта большае. Праз паўгода мы ажаніліся і ўжо разам працягваем гэтую справу.

Будзе вам вігвам

Маладыя людзі падкрэсліваюць: яны пераехалі ў вёску не дзеля таго, каб збегчы ад цывілізацыі, а, наадварот, каб цывілізацыю прынесці ў вёску. Для будаўніцтва жылля і падсобных работ яны нярэдка наймаюць мясцовых жыхароў, тым самым ствараючы ўмовы для дадатковай занятасці насельніцтва.

 — Гэта няправільна, што людзі імкнуцца з’ехаць у сталіцу нават з абласных цэнтраў, – разважае Наталля. – Раней у вёсках было шмат народу, моладзі, пастаянна ладзіліся святы і гулянні. Мы хочам паказаць, што ўсё гэта трэба і магчыма рабіць і сёння.

Наталля дакладна ведае, што кажа. Так, сям’я ўжо мае вопыт арганізацыі знакавых экалагічных фэстаў: летам побач з сядзiбай з’яўляецца сапраўдны індзейскі лагер.

– У нас ёсць некалькі вігвамаў, у кожным з якіх адначасова могуць пражываць 10 дзяцей, – распавядае Наталля. – Мы фарміруем тры атрады — “племя” і на працягу змены вучым дзятву ўзаемадзейнічаць з прыродай. Школьнікі плятуць лаўцоў сноў, збіраюць і рыхтуюць скрыпень, іншыя расліны, знаёмяцца з іх карыснымі ўласцівасцямі.

Побач з дзецьмі пастаянна знаходзяцца важатыя – педагогі мясцовых устаноў адукацыі. Акрамя таго, на гэтую працу запрашаюць і «зорак» – людзей з розных сфер дзейнасці, якія дабіліся поспеху ў сваёй справе: папулярных блогераў, фітнес-трэнераў, спартсменаў, рэдактараў часопісаў. У нефармальнай абстаноўцы яны распавядаюць пра сябе, дзеляцца сакрэтамі поспеху.

– Мы заўважаем, як дзеці мяняюцца, – распавядае Наталля. – Калі на пачатку змены яны яшчэ “сядзяць” у тэлефонах, то ў канцы больш камунікуюць адно з адным.

***

Такім чынам, Раман і Наталля з’яўляюцца ўласнікамі амаль 300 гектараў зямлі, а не стандартнай “каробкі” на 60 квадратных метраў у шумным горадзе. Сам-насам з прыродай яны вырошчваюць 360 (!) відаў дрэў – роўна столькі дазваляе беларускі клімат, топяць лазню “па-чорнаму”, іграюць на дыджэрыду – адным з найстарэйшых інструментаў абарыгенаў Аўстраліі. І, што самае галоўнае, вельмі шчаслівыя без дарагіх аўтамабіляў і ўпрыгажэнняў.

Юлія КУЛІК

Фота Віталя ГIЛЯ

 

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
25 апреля 2024 24 апреля 2024 23 апреля 2024
Все новости