Наверх

Служыцелі Мельпамены з правінцыі заваявалi нават сталічных гледачоў

17 августа 2018

– Ведаю, што ваш тэатр папулярны як у самой навучальнай установе, так і за яе межамі. Вы здолелі пакарыць нават пераборлівую сталічную публіку. Раскажыце, калі ласка, з чаго і як усё пачыналася?

Станіслаў Пшэўлоцкі:

– У 1996 годзе нас з Дар’яй Патапавай, маёй жонкай, запрасілі ў прафесійнае вучылішча мястэчка Новая Мыш (цяпер Навамышскі дзяржаўны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці) для арганізацыі тэатральнага гуртка. Мэта была адна – заняць навучэнцаў. Але неяк адразу справа так зацікавіла нас саміх і тых, хто адчыніў да нас дзверы, што гурток у хуткім часе стаў месцам прыцягнення творчых сіл.

Пачаць вырашылі з камедыі, гэты жанр добра ўспрымаецца гледачом. Выбар прыйшоўся на “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота. Спектакль паставілі на адным дыханні, і прайшоў ён на ўра. Гэта натхніла, і працаваць мы пачалі з утроенай энергіяй.

Дар’я Патапава:

– У сістэме прафтэхадукацыі Брэстчыны існуюць два аматарскія тэатральныя калектывы. Наш стаў добра вядомы нават у Мінску дзякуючы прафсаюзнаму Рэспубліканскаму конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Першы раз мы бралі ў ім удзел у 2016 годзе. Дэбют быў паспяховым – другое месца. А праз год атрымалі Дыплом I ступені рэспубліканскага этапа галіновага прафсаюза работнікаў АПК.

Трэба адзначыць, што сувязь з прафсаюзамі ў нас цесная. У 2015 годзе нашу ўстанову абралі пляцоўкай для правядзення семінара-практыкума прафсаюзных работнікаў Брэстчыны, у 2016-м мы ўдзельнічалі ў выставе “Прафтур”. І самае галоўнае, мы сябруем са старшынёй Баранавіцкага райкама прафсаюза работнікаў аграрна-прамысловага комплексу Аляксеем Добышам – ён наш першы глядач, добразычлівы крытык і дарадца, падрымлівае нас маральна і матэрыяльна. Зараз я выдам тайну: Аляксей Фёдаравіч піша апавяданні, нам яны вельмі падабаюцца. Я нават думаю пра тое, каб нешта ўвасобіць на сцэне.

– Шматлікія пастаноўкi прынеслi тэатру вялiкi поспех. Якую лічыце найбольш удалай?

Станіслаў Пшэўлоцкі:

– Цяжка вычленіць нешта адно, але доўгі час нашай візітоўкай была балада Яна Чачота “Мышанка” – пра рэчку, што цячэ праз нашу мясцовасць, яна ёсць і ў назве нашага тэатра. Да 125-годдзя нараджэння Максіма Багдановіча мы паставілі спектакль “Апокрыф”, таксама добрая пастаноўка. Дарэчы, менавіта яна прынясла нам перамогу на “Новых імёнах” і поспех на розных тэатральных фестывалях і конкурсах.

У 2002 годзе мы атрымалі ганаровае званне народнага тэатра. У 2007-м я стаў рэжысёрам – змяніў на гэтым полі дзейнасці жонку, яна зараз працуе мастаком-пастаноўшчыкам.

Дар’я Патапава:

– Хачу дадаць, што за пастаноўку балады Яна Чачота мы атрымалі дыплом за лепшае ўвасабленне твораў нацыянальнай драматургіі, а Станіслаў Станіслававіч быў адзначаны як лепшы выканаўца мужчынскай ролі.

– Самы час пацікавіцца, хто вашы артысты – тыя таленты, што зарабляюць на конкурсах узнагароды самай высокай якасці?

Станіслаў Пшэўлоцкі:

 – Ведаеце, да нас у трупу просяцца жыхары і нашага мястэчка, і іншых населеных пунктаў. Але тэатр створаны і працуе пад дахам Навамышскага прафесійнага ліцэя, таму ў нас іграюць толькі навучэнцы і супрацоўнікі нашай навучальнай установы. Нават дырэктар Віктар Харошка жадаў паспрабаваць сябе ў якасці акцёра, але з-за занятасці не атрымалася.

– Ваша новая пастаноўка “Ехала – упала” выклікала захапленнне ў тых, хто яе паглядзеў, і жаданне ўбачыць у тых, хто не трапіў на прэм’еру. Чым так прывабілі гледачоў?

Станіслаў Пшэўлоцкі:

 – Вясковыя людзі прагнуць далучыцца да культуры. А многія ніколі не былі ў прафесійным тэатры, не бачылі ігры прафесійных акцёраў. Мы спрабуем гэты прабел ліквідаваць і даць людзям тое, чаго ім не хапае.

Дар’я Патапава:

 – Наш апошні спекталь пастаўлены па п’есе майго земляка, беларускага пісьменніка Барыса Сачанкі.

У аснове – быль часоў вайны. Сюжэт складаны. У цэнтры – лёс маладой дзяўчыны. Яе маці ў час вайны падабрала ў лесе раненага чырвонаармейца, аб чым потым пашкадавала, бо паміж ім і дачкой успыхнула каханне, дзяўчына зацяжарыла. Хлопец, каб быть побач, вырашыў пайсці ў паліцаі, а тайна – дапамагаць партызанам. Але так здарылася, што ён загінуў. Бацькі Міры (так завуць галоўную гераіню) настойваюць, каб дачка пазбавілася ад дзіцяці, але ўжо позна. Немаўля з’яўляецца на свет, і бацькі забіваюць яго…

Вось такі псіхалагічна няпросты сюжэт п’есы. Няпросты настолькі, што нават цяжка было падабраць акцёраў на ролі, многія адмаўляліся іграць таго ці іншага персанажа. Галоўных герояў – маладую дзяўчыну Міру і паліцыянта бліскуча сыгралі нашы навучэнцы Вікторыя Чабатар і Захар Русакевіч.

Станіслаў Пшэўлоцкі:

 – Гэта быў першы спектакль, у якім я не іграў сам. Не паверыце, седзячы сярод гледачоў, хваляваўся больш, чым калі сам быў на сцэне.

Зараз тэатральны сезон закрыты, і ў нас ёсць час падумаць, чым будзем займацца далей, чые яшчэ творы ўвасобім на сцэне.

Галіна СТРОЦКАЯ

Фота з архіва тэатра

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости