Наверх

Стопрацэнтныя аўцюкі: “Жартуем – значыць, жывём!”

05 сентября 2018

Вялізныя грошы

Як мы жывём? Ды як усе – працуем, дзяцей гадуем, – весела адказала на маё пытанне прадавец кафэ «Калінка» і адразу пажартавала: Ой, вы ж такія вялізныя грошы далі, а ў мяне рэшты з іх няма…

(Каб вы зразумелі, пра што гаворка, тлумачу: «вялізныя грошы» – гэта 2 рублі, за якія я набыў у кафэ смачны піражок.) Ветлівая гаваркая аўцючка Ганна Салаўян даведалася пра мэту майго наведвання і накіравала да галоўнага аўцюкоўца – старшыні Малааўцюкоўскага сельсавета Міхаіла Дулуба: ён, маўляў, усё пра ўсіх ведае ды яшчэ і майстар жартаў.

Cтарщыня сельсавета Дулуб з аднавяскоўцамі.

“Двухсотпрацэнтныя” аўцюкі

Міхаіл Іванавіч – сапраўдны гаспадар сваёй тэрыторыі. Турбот у яго хапае, бо ў сельсавет са сваім клопатам людзі ідуць з самага ранку.

– У нас ёсць нават 200-працэнтныя аўцюкі, – з усмешкай вітаецца каржакаваты паляшук. – Вось я, напрыклад: мая прабабка родам з Вялікіх Аўцюкоў, бацька – з Малых. А вось стопрацэнтная аўцючка Алена Прывалава – работніца сельвыканкама. Яна з Вялікіх Аўцюкоў, яе муж – з Малых; іх дзецi – аўцюкі на 200 працэнтаў.

– А што, у вас зусім не могуць не жартаваць? – цікаўлюся я.

– Жартуем, браце, значыць, жывём!

Слова за слова, і высвятляецца, што старшыня сельсавета – добры гісторык і краязнаўца, чалавек, які ганарыцца сваімі землякамі, хораша спявае і не саромеецца сцэны, любіць родную вёску і стараецца, каб яна развівалася. Зразумела ж, не супраць, як і любы аўцюковец, “падкінуць жарт”.

Крэўная радня

Малыя Аўцюкі – паселішча вялікае: жывуць тут і працуюць звыш 700 чалавек. Вялікія Аўцюкі – вёска таксама не малая, але адносяцца гэтыя населеныя пункты да розных сельсаветаў. 5 стагоддзяў назад тут, дарэчы, праходзіў Царыцынскі шлях, па якім праязджала Кацярына II. Аб’ядноўвала аўцюкоўцаў, паводле звестак царкоўных архіваў, і Параскевіцкая царква, што існавала «спрадвеку» (у ХХ стагоддзі святыня была знішчана, цяпер яе пакрысе аднаўляюць).

Пра тое, што аўцюкоўцы – асаблівыя беларусы, загаварылі гадоў 100 назад. Іх феномен дагэтуль застаецца прадметам даследаванняў этнографаў і лінгвістаў. На пачатку мінулага стагоддзя фалькларыст Ісаак Сербаў пісаў: «Рэзка вылучаючыся сваім выглядам і гаворкай сярод іншага насельніцтва, яны ўяўляюць надзвычай цікавы этнаграфічны тып. Аўцюк першым чынам паўднёвец, брунет, сярэдняга росту і прыгожага целаскладу. Кажа ён бегла, з паўднёва-рускім акцэнтам, адвольна скарачаючы словы».

Як сцвярджаюць краязнаўцы, пасля 13-цігадовай Казацка-сялянскай вайны (пачалася ў Рэчы Паспалітай ў 1648 годзе. Заўв. аўт.) у гэтых балоцістых мясцінах пасяліліся і казакі. Яны прынеслі з сабой свае традыцыі і песні. Гэтая падзея абярнулася выгодай – тут ніколі не было панства.

Дарэчы, некалькі гадоў назад супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даследавалі генатып аўцюкоўцаў (Y-храмасому, што перадаецца выключна ад бацькі да сына). Аказалася, што 22 з 27 мужчын, якія пагадзіліся прайсці генетычнае даследаванне, з’яўляюцца хоць і далёкімі, але ж сваякамі па бацькоўскай лініі.

Гумар – іх багацце

А фалькларысты, якія працавалі тут у складзе экспедыцый, засведчылі: што ні вясковец, то скарбніца гумару, каларытнай гаворкі, уласцівага толькі аўцюкоўцам і жыхарам прылеглых вёсак.

– Нашы вёскі невыпадкова былі абраны для правядзення фестываляў сатыры і гумару, – заўважае Міхаіл Дулуб. – Ініцыятыва належала пісьменніку Уладзіміру Ліпскаму, які, адпачываючы ў радні, сабраў матэрыял на некалькі кніг. Ну дзе ж яшчэ, скажыце, двухручную пілу называюць не іначай, як «цешчын язык»?

Да нашай размовы далучаецца пенсіянерка Ганна Печкурова. Яна як загадчык сельскага Дома культуры стаяла ля вытокаў першага фестывалю гумару, якi адбыўся ў 1995 годзе:

– Дзякуючы гэтым фестывалям і Ліпскаму нас цяпер паважаюць ва ўсім свеце! Ды і вёска стала добраўпарадкаванай, прыгожай. З’явілася шмат драўляных скульптур з гумарыстычным падтэкстам. Што-што, а пажартваць мы любім – гэта факт.

Дарэчы, у цэнтры вёскі стаіць карчма «Ганарысты парсюк», дзе месціцца мясцовы музей гумару. Ганна Паўлаўна дае там майстар-класы для гасцей – вучыць гатаваць стравы па-аўцюкоўску.

Без анекдотаў аўцюкі сапраўды не могуць. Вось і мясцовы жыхар Аляксандр Малашчанка расказаў цікавых гісторый мо з дзясятак. Адна з іх аб тым, як свіння бабы Ганны Кусціхі ў пошуках ежы забралася аднойчы аж у царкву, дзе знаходзілася гумно (у савецкі час). Па прыступках жывёліна дабралася да званіцы, грымнулася на зямлю і… апарасілася.

Ці другі цікавы аповед – як аўцюк вырашыў павесіцца, паспрачаўшыся з жонкай. Закінуў вяроўку на вярбіну над рэчкай Закаванкай, гайдануўся, а галіна абламалася, і «шыбенік» зваліўся ў рэчку. Вылез і кажа: «Праз гэтае павешанне ледзь не ўтапіўся».

Аўцюкоўцы захоўваюць свае традыцыі. Паміж фэстамі шчыруюць на зямлі і, жартуючы, жывуць напоўніцу.

Уладзімір МІКАЛАЕЎ

Фота аўтара і БЕЛТА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
24 ноября 2024 23 ноября 2024 22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости