Наверх

Сваё прафесійнае свята адзначаць творчыя калектывы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

04 мая 2018

Прафсаюзны штотыднёвік не мае за плячыма вялікай гісторыі – у наступным годзе яму споўніцца толькі 30 гадоў, аднак жыццё рэдакцыі было і ёсць вельмі насычаным.

Галоўны рэдактар газеты «Беларускі Час»  Ігар КАСЦЮЧЭНКА і намеснік галоўнага рэдактара Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ абмяркоўваюць новы нумар выдання.

Адказны сакратар Пётр ПАРФЯНОВІЧ працуе над чарговым макетам газеты.

Першы нумар выдання ўбачыў свет 27 кастрычніка 1989 года. Тады газета выходзіла на 8 старонках тыражом 50 тысяч асобнікаў, мела назву “Праца” і выдаваў яе Беларускі рэспубліканскі савет прафсаюзаў. Праз год рашэннем Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі штотыднёвік быў перайменаваны ў “Беларускі Час”, аднак па-ранейшаму застаўся двухмоўным. Колькасць яго старонак паступова дасягнула 24, тыраж перасягнуў за 70 тысяч. У 2015 годзе газету адзначыла Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Дызайнер Выдавецкага цэнтра Руслан РАЗУМОЎСКІ ацэньвае вынік сумеснай працы.

Калектыву рэдакцыі заўсёды ўдавалася і ўдаецца паспяхова спраўляцца з задачамі, якія паставіў у свой час перад выданнем яго заснавальнік: аб’ектыўна інфармаваць чытачоў аб падзеях у прафсаюзным, грамадскім і сацыльяна-палітычным жыцці нашай краіны, садзейнічаць станаўленню моцнага прафсаюзнага руху ў Беларусі, павышэнню жыццёвага ўзроўню працаўнікоў, абароне іх законных інтарэсаў, адраджэнню культуры і духоўнасці. Журналісты «Беларускага Часу» выступаюць у ролі дарадчыкаў і памочнікаў для многіх сваіх чытачоў. Супрацоўнічаючы з прававымі і тэхнічнымі інспектарамі працы Федэрацыі прафсаюзаў, прафактывістамі ўсіх узроўняў, яны стараюцца аказваць дзейсную дапамогу любому члену прафсаюза ў адстойванні яго правоў і сацыяльных гарантый.

Спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты «Беларускі Час» Юлія КУЛІК.

Уласны карэспандэнт газеты па Мінскай вобласці Вераніка САЛАВЕЙ.

Аглядальнік Алена АРЛОВА і вядучы фотакарэспандэнт Валерый КАРТУЛЬ на чарговым рэдакцыйным заданні.

Велічыня пастаянная ў рэдакцыі і мікраклімат: у невялікім калектыве – менш за 20 чалавек – па-ранейшаму пануе добразычлівая атмасфера. Склад рэдакцыі, зразумела, не раз цярпеў змены, але новых людзей супрацоўнікі-“старажылы” сустракаюць з адкрытым сэрцам. Творчасць, натхненне і гатоўнасць пры неабходнасці аб’яднаць намаганні дзеля агульнага выніку – менавіта так у некалькіх словах можна ахарактарызаваць калектыў “Беларускага Часу”.

Вядучыя рэдактары стылістычныя Ірына СІДАРЭВІЧ і Людміла АБАКУМАВА.

– У нас усе супрацоўнікі творчыя, без выключэння, – заўважае вядучы стылістычны рэдактар, старшыня прафкама Ірына Сідарэвіч, якая працуе ў газеце ўжо больш за 13 гадоў. – Нават прафесія карэктара, на першы погляд манатонная, патрабуе творчых высілкаў. Тут трэба быць вельмі ўважлівым, сканцэнтраваным, бо ад няправільных канчаткаў ці не да месца ўжытага слова можа змяніцца сэнс усяго тэкста. Работа наша вельмі цікавая! Прыемна бачыць вынік сваёй працы кожны раз, калі выходзіць нумар. Віншую ўсіх калег з прафесійным святам і жадаю ім здароўя, плёну і поспехаў!

Злева направа: Вольга КРАЎЧАНКА, Валерый КАРТУЛЬ, Ірына СІДАРЭВІЧ, Дзмітрый МАРЦІШЭЎСКІ і Людміла АБАКУМАВА.

Дарэчы, напярэдадні прафесійнага свята Ірына Сідарэвіч і яшчэ тры супрацоўнікі Выдавецкага Дома “Праф-Прэс”, у склад якога ўваходзіць газета “Беларускі Час”, былі адзначаны Федэрацыяй прафсаюзаў юбiлейным медалём “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”. Узнагароду атрымалі таксама вядучы стылістычны рэдактар Людміла Абакумава, вядучы фотакарэспандэнт Валерый Картуль і кіраўнік відэастудыі «Праф-Медыя ТБ» Дзмітрый Марцішэўскі.

– Мне было вельмі прыемна атрымаць такую значную ўзнагароду, – прызналася Людміла Абакумава, працоўны стаж якой у газеце налічвае 13 гадоў. – Безумоўна, гэта абавязвае больш адказна ставіцца да сваёй працы, і ў першую чаргу – каб не падвесці наш дружны, прафесійны калектыў.

Валерый Картуль працуе ў рэдакцыі больш за 10 гадоў.

– Аднак усё роўна перад кожным мерапрыемствам, куды іду здымаць, хвалююся – хочацца ўсё паспець, не прапусціць самае цікавае, бо другога шанцу можа і не быць, – сказаў фотакарэспандэнт. – Мая праца – гэта штодзённы рух, сустрэчы з новымі людзьмі, камандзіроўкі, і менавіта таму яна мне падабаецца. Мне важна, каб фотаздымак быў не проста дадаткам да тэксту, а дапамагаў лепш раскрыць тэму, рабіў матэрыял больш жывым, а яго герояў – бліжэйшымі і больш зразумелымі чытачам. Я ўдзячны за атрыманыя ўзнагароды, бо ў першую чаргу яны гавораць пра высокi давер, аказаны мне.

Дзмітрый Марцішэўскі працаўладкаваўся ў «Праф-Прэс» 5 гадоў таму, аднак з адкрыццём відэастудыі ФПБ яго жыццё кардынальна змянілася.

– З'явілася шмат цікавай працы, значна пашырылася кола задач, – распавёў ён. – Відэастудыя паспяхова рэалізоўвае грандыёзныя задумкі і праекты Федэрацыі прафсаюзаў, выкарыстоўваючы навейшыя тэхналогіі. Атрымаць прафсаюзны медаль для мяне – вялікі гонар. Буду старацца працаваць яшчэ больш плённа і адказна.

Начальнік выдавецкага цэнтра Вольга Краўчанка атрымала Падзяку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яна заўважыла, што кожная такая ўзнагарода не толькі прыносіць радасць, але і натхняе, і надае сілы для далейшай работы:

– Самае прыемнае ў нашай справе – разумець, што падрыхтаваны макет падабаецца заказчыку. І часам дабіцца гэтага няпроста: многія кліенты хочуць атрымаць нешта эксклюзіўнае, незвычайнае, каб было не так, як у іншых. Тады мы ламаем галаву ўсім калектывам: дзелімся ідэямі, думкамі, прапаноўваем варыянты – і ўрэшце ўсё атрымліваецца!

 

***

Што тычыцца друкарні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, то яе гісторыя пачалася яшчэ ў 1947 годзе, у дзень заснавання Мінскай друкарні Прафесійнага выдавецтва Усесаюзнага цэнтральнага савета прафсаюзаў. Гэтая ўстанова выдавала прафсаюзныя бланкі і дакументы, метадычныя брашуры, мастацкую літаратуру і перыядычныя выданні. Цяпер жа паслугамі друкарні ФПБ карыстаюцца не толькі прафсаюзныя арганізацыі: сярод яе кліентаў – дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы, у тым ліку РУП “Белпошта” і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, камерцыйныя кампаніі. Сёння ў каталогу прадукцыі друкарні можна знайсці этыкеткі, візіткі, паштоўкі, буклеты і нават кнігі ў цвёрдым пераплёце. Прадпрыемства прапаноўвае поўны цыкл вытворчасці, уключаючы распрацоўку арыгінальнага дызайну, афсетны і лічбавы друк, іншыя аперацыі пасля друку.

Дружны творчы калектыў друкарні ФПБ.

– У гэтай сферы я працую ўжо 18 гадоў, – расказвае дырэктар друкарні ФПБ Уладзімір Саветаў. – Трапіў па неабходнасці, так бы мовіць, а потым прафесія захапіла. Паліграфія – надта запатрабаваная галіна, і нашым работнікам падчас працы даводзіцца сустракацца з вялікай колькасцю людзей цікавых, розных. Кліенты, здараецца, такое прыдумляюць, што мы гадзінамі разважаем: як выканаць заказ?! Было нават і так, што думалі адмовіцца, але пагаджаліся і потым, калі атрымлівалі вынік, не шкадавалі. Выканаўшы складаны заказ, набываеш каласальны вопыт і ўпэўненасць у сваіх сілах.

Калектыў гэтай установы таксама дружны. Па словах Уладзіміра Барысавіча, падбіраўся ён на працягу трох гадоў. Галоўнае – каб супрацоўнікі знайшлі разуменне паміж сабой і працавалі зладжана, бо без гэтага ў складаным выдавецкім працэсе ніяк.

– Напярэдадні Дня друку я зычу сваім калегам творчых поспехаў! Менавіта творчасць у спалучэнні з прафесіяналізмам дае той самы жаданы вынік, – рэзюміруе дырэктар друкарні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Супрацоўнікі партала 1prof.by таксама далучаюцца да віншаванняў і жадаюць работнікам газеты «Беларускі Час» и друкарні ФПБ здароўя, радасных імгненняў і пакарэння новых творчых вяршынь!

Падрыхтавалі Данута БУЙНОВА, Юлія КУЛІК і Вераніка САЛАВЕЙ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
4 декабря 2024 3 декабря 2024 2 декабря 2024 1 декабря 2024 30 ноября 2024
Все новости