Наверх

У казачным свеце рэзчыка па дрэве Аляксандра Масла

02 января 2019

Шлях да творчасці

Сёння творчасць для Аляксандра Масла стала сэнсам жыцця. А пачыналася ўсё з палескай невялікай вёскі Сяменча, якая размясцілася за два дзесяткі кіламетраў ад Жыткавічаў. Нягледзячы на рашучае наступленне чалавека на прыроду ў ХХ стагоддзі, усё ж засталіся тут, у “сэрцы” меліярацыі, некранутыя маляўнічыя куточкі. Яны ды жывыя фальклорныя традыцыі абуджалі ў Аляксандра імкненне да прыгажосці, натхнялі на творчую працу.

Побач з іх хатай стаяў бор. З маленства хлопчык любіў маляваць прыгожыя краявіды, што падыходзілі літаральна да акна роднай хаты. Прыглядаўся, вучыўся ў бацькі – вядомага па ўсім наваколлі ганчара і бондара, калі той рабіў з дрэва нейкую рэч па гаспадарцы.

Аднак разьбярству Аляксандр вучыўся самастойна. Пачынаў з простага захаплення. І напачатку не мог уявіць, што праз гады не спецыяльнасці, атрыманыя ў сельгасакадэміі і педагагічным інстытуце, стануць справай жыцця, а менавіта хобі.

Яшчэ працуючы намеснікам дырэктара саўгаса “Чырвоны Бор”, Аляксандр Лявонцьевіч па ўласнай ініцыятыве аздобіў разьбой саўгасныя сауну, лазню, прафілакторый. Прыкладу для пераймання не было, бо ў раёне ніхто не займаўся гэтым рамяством. Таму да ўсяго даходзіў сам. 

Яго ўнікальнымі вырабамі зацікавіліся спецыялісты Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», куды майстра прынялі на працу. Хутка майстэрня разьбяра стала месцам сапраўднага “паломніцтва” для аднадумцаў.

І пано, і маёнткі

Жыццё ёсць жыццё: занятак павінен быў прыносіць прыбытак, бо трэба забяспечваць сям’ю. І ён афармляў сталовыя, бары, кафэ ў Жыткавічах, Тураве, вёсках раёна, выразаў скульптуры па заказах арганізацый і ўстаноў розных абласцей Беларусі. Такія кампазіцыі, як, напрыклад, драўляная скульптура пры ўездзе ў Жыткавічы, сталі ў поўным сэнсе сімвалам часу, своеасаблівай “візітоўкай”  палескага кутка. І такіх “візітовак” з-пад рук майстра выйшлі тысячы.

Але найбольшае задавальненне разьбяру заўсёды прыносілі вялікія творы –  пейзажныя карціны і пано з выявамі птушак, звяроў. Іх ахвотна набывалі замежныя грамадзяне. Сёння яны ёсць у прыватных калекцыях Галандыі, Італіі, Ірландыі, Германіі.

Не дзіва, што палескаму разьбяру даверылі стварыць казачную рэзідэнцыю беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Аляксандр Лявонцьевіч згадвае, як паехаў у Вялікі Усцюг, каб паглядзець, як там рабілі рэзідэнцыю. Складалася яна толькі з дома Дзеда Мароза, вакол – пустка.

– Я вырашыў зрабіць па-свойму, – усміхаецца Аляксандр Лявонцьевіч. – Пад маім кіраўніцтвам была брыгада рэзчыкаў. Але ідэі ў большасці мае,  ды і сам працаваў не пакладаючы рук.

Спачатку зрабілі рэзідэнцыю, потым – уязныя вароты. На ўваходзе ўсталявалі скульптуры вартавых, гномаў, Беласнежкі. Пасля пабудавалі дом Снягуркі. Чым далей працавалі, тым больш “разгаралася” фантазія майстра. Урэшце рэзчыкі ўсталявалі больш за 60 скульптур, сярод якіх было шмат казачных герояў. Асноўную працу зрабілі за 3 месяцы.

Былі і складанасці. Да прыкладу, як зрабіць скульптуры “12 месяцаў”? У казках яны прадстаўлены ў людскіх абліччах. Прыйшлося паламаць галаву, каб месяцы атрымаліся не падобнымі адзін на аднаго.

Цяпер створаныя майстрам драўляныя скульптурныя кампазіцыі, аздобленыя мастацкай разьбой будынкі і агароджы дапамагаюць наведвальнікам трапіць у казачны свет і адчуць святочны настрой. Маёнтак добра ведаюць нават за мяжой. Гэта Масла зразумеў, калі да яго ў Чырвоны Бор прыехаў пасол Малдовы ў Беларусі. Аказалася, малдаўскі прэзідэнт хоча стварыць у сваёй краіне падобную рэзідэнцыю Дзеда Мароза. І таленавіты паляшук выканаў яго казачны заказ.

Тады ж і задумаўся: а чаму б не стварыць сваю казачную сядзібу?

Аб’яднаў творчасць і бізнес

У 2007 годзе яго аграсядзібу “Закінуты рай” зарэгістравалі. Масла назваў яе так невыпадкова. Раней на гэтым месцы быў тваністы ўчастак, балотца.

Как пазбавіцца лішняй вільгаці, Аляксандр Лявонцьевіч выкапаў сажалку амаль на ўсю даўжыню ўчастка, акультурыў яе, запусціў рыбу. За некалькі гадоў на рукатворным беразе вырасла бярозавая алея. Побач размясціўся стылізаваны карабель, унутры якога – невялікі басейн з альтанкай для адпачынку. Два крокі – і перад табой двухпавярховы гасцінічны комплекс з сучаснымі бытавымі ўмовамі і мэбляй ручной работы. Тут жа – кафэ. Банкетная зала, дзе можна праводзіць розныя святы, упрыгожана камінам, які «ахоўваюць» рыцары. На сценах – паляўнічыя трафеі.

Практычна ўсё ўнутры памяшканняў і на тэрыторыі сядзібы плошчай больш за  паўгектара зроблена рукамі гаспадара. Вакол дзясяткі драўляных скульптур дзікіх жывёл, казачных персанажаў. А колькі кветак! Сапраўды рай зямны.

Здзіўляе і музей: вырабы тут не толькі з дрэва, але і з металу. Такое ўражанне, што ў руках творцы нават смецце ператвараецца ў цуды: звысоку пазіраюць на наведвальнікаў дыназаўры-цмокі, рыхтуюцца да бойкі казачныя пеўні, лётаюць анёлы, вачамі-фарамі падміргваюць рэтрамабілі. А сярод этнаэкспазіцыі ёсць нават старое піяніна: па версіі Масла, інструменту больш за два стагоддзі і на ім музыцыраваў у Беразіно Напалеон.

Турыстаў шмат. Экскурсіі, калі трэба, не толькі на роднай мове, але і па-англійску праводзяць члены сям’і майстра. Госці высока ацэньваюць адпачынак і цёплы прыём, а маладыя часта прыязджаюць сюды спецыяльна, каб пафатаграфавацца на фоне самабытных твораў вядомага палешука.

– Цяпер у “Закінутым раі” ёсць усё, што неабходна для адпачынку на прыродзе, – расказвае малодшая дачка майстра Таццяна, якая  тут за гаспадыню. – Да ўсіх выгод, побач вадаёмы і лес для аматараў рыбалкі і “ціхага палявання”. Можна ісці ў паходы, знаёміцца з мясцовымі гістарычнымі помнікамі, якімі багата жыткавіцкая зямля.

– Побач і Нацыянальны парк «Прыпяцкі», і старажытны Тураў, і жамчужыны краю – азёры Чырвонае і Белае, – дадае Аляксандр Лявонцьевіч.

Нехта палічыць яго дзіваком, але разьбяр думае, што ў дрэва ёсць душа.

– Кожны раз робіш штосьці абсалютна новае. Я 30 гадоў працую з дрэвам і размаўляю з ім, як з жывым чалавекам. Вось выразаеш твар, усмешку на ім – і незаўважна пачынаеш усміхацца сам, – кажа майстар.

Аляксандр Масла дагэтуль удзельнічае ў выставах народнай творчасці, перамагае на многіх фестывалях.  У апошніх работах звяртаецца да тэмы хрысціянства.

А яшчэ ён шчаслівы, што мае магчымасць перадаць свае ўменні. Добры разьбяр – дачка Таццяна, захапіўся справай дзеда і ўнук Уладзіслаў. Так што разьбярства ў палескай глыбінцы будзе жыць, і ведаць гэта для майстра – вялікае шчасце.

 Уладзімір ІГНАТОВІЧ

Фота аўтара и з архіваў героя

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
28 марта 2024 27 марта 2024 26 марта 2024
Все новости