У палоне Тэрпсіхоры, альбо Вялікі тэатр Беларусі святкуе юбілей
Для тэатралаў паход у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь – падзея. Для гледачоў з поўнай аддачай працуюць рэжысёры-пастаноўшчыкі, дырыжоры і шматлікая колькасць іншых спецыялістаў. Што адбываецца за кулісамі, як праходзяць будзённыя рэпетыцыі, выступленні артыстаў, а таксама як ідзе падрыхтоўка да свята і новых прэм’ер, даведаўся карэспандэнт 1prof.by.
Неверагодна таленавіты педагог, балетмайстар, харэограф-пастаноўшчык, народны артыст Беларусі Юрый Траян запальвае іскру творчасці ў маладых. Юрый Антонавіч вельмі асцярожна гаворыць пра арыгінальную пастаноўку нацыянальнага праекта “Анастасія” Вячаслава Кузнецова, над якой сёння працуе балетная трупа. Ужо рыхтуюцца касцюмы, дэкарацыі… І мэтр дапамагае пераадолець хваляванні перад выхадам на сцэну.
– Без хвалявання не бывае ніводнага кроку на сцэне. Ты павінен выйсці і не толькі зрабіць два піруэта, а сыграць ролю: перадаць ідэю, сутнасць мастацкага твора. Харэаграфічная тэхніка і тэкст – гэта не самамэта, а сродкі, пры дапамозе якіх можна данесці да гледача пэўныя эмоцыі, характар героя, яго перажыванні, цэласнасць вобразу. Бывае, перад выхадам на сцэну перашкаджае ўсё: яркае святло і надта цесны касцюм, сямейныя праблемы і бясконцыя думкі пра тое, што напэўна можна было б лепш падрыхтавацца да выступлення. Нягледзячы на ўсе складанасці, артысту неабходна змяніць вектар хвалявання, перанастроіць сябе. Але гэта прыходзіць з вопытам.
У 11 гадзін раніцы на малой сцэне Вялікага адбываецца рэпетыцыя балета-феерыі “Спячая прыгажуня” Чайкоўскага, а 19-й – пройдзе выступленне перад публікай. Спектаклі Вялікага тэатра – балет “Вітаўт” Вячаслава Кузняцова, оперы “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага, “Царская нявеста” Рымскага-Корсакава і іншыя ганараваны высокімі дзяржаўнымі і тэатральнымі ўзнагародамі. Салісты тэатра з годнасцю выступаюць і працягваюць традыцыі сваіх папярэднікаў.
У артыстаў працоўны дзень ненарміраваны, і ім даводзіцца шмат часу (раніцай і вечарам) праводзіць менавіта ў храме мастацтва. “Рука павінна быць у трэцяй пазіцыі, – дае настаўленні летуценным балерынам адказны рэпетытар народная артыстка Беларусі Таццяна Яршова. – На цябе яшчэ будзе пачка апранута – гэта трэба ўлічваць…”
Улюбёная ў сваю працу Алена Сіняўская, салістка оперы, працуе ў Вялікім амаль 12 гадоў і для яе юбілей – свята. “Я люблю тэатр, людзей, з якімі працую. Усе разам мы – вялікая сямья, – заўважае яна. – Мне пашчасціла: калі я прыйшла сюды, то патрапіла да канцэртмайстра Таццяны Івановай. Яна для мяне – як другая маці”.
Падчас рэпетыцыі Алена звяртае ўвагу: рыхтавацца да адказнага гала-канцэрту не вельмі складана. Артыстаў, наогул, можна параўнаць з салдатамі мастацтва. У іх рэпертуар падрыхтаваны на любы густ і выпадак. Застаецца толькі нанесці грым, апрануцца і… “Ваш выхад на сцэну!”
Канцэртмайстар Вялікага тэатра Беларусі Таццяна Іванова падкрэслівае, што для яе гэта ўжо не першы юбілей. “У прафесіі я больш за 50 гадоў, і тэатр для мяне – родны дом, – адзначае Таццяна Іванаўна. – Мы – людзі творчыя, і калі прыходзім сюды, усе праблемы адступаюць, пра іх забываеш. Для нас тэатр – Божая благадаць!”
У жывапісным цэху варожаць мастакі, афарміцелі, дэкаратары – ствараюць па эскізах разнастайныя дэкарацыі да спектакляў. Усё, што гледачы бачаць на сцэне, вырабляецца менавіта тут. Зараз ідзе праца над аднаўленнем сеткі да балета «Рамэа і Джульета». Да падлогі прымацавана вялізарных памераў дэкарацыя. Але каб убачыць, дзе яшчэ трэба падлатаць, неабходна забрацца на доўгі мосцік і паглядзець зверху.
Мастак-дэкаратар Людміла Гаварко расказвае, што працаваць прыходзіцца з самымі незвычайнымі маштабнымі (як зараз), так і дробнымі рэчамі: “Калі працуеш з выдатным настроем, тады атрымліваюцца прыгожыя маляўнічыя вырабы. Мне падабаецца, што ў працэсе можна пераключацца з вялікага рэквізіту на маленькі. У асноўным работа ручная, так званы “хэнд-мэйд”.
Начальнік участка пашывачнага цэха Тамара Макарэвіч працуе ў Вялікім больш за 30 гадоў: “Тэатр вельмі люблю, таму так надоўга тут затрымалася. Ведаю па свайму вопыту, што ў нашым калектыве (49 чалавек) ўсе працуюць з душой, таму і касцюмы атрымліваюцца яркія, прыгожыя, вытанчаныя. Пачуць пасля спектакля словы ўдзячнасці заўсёды прыемна. У нас прафесійныя мадэльеры-канструктары, выдатны тэхнолаг, большая колькасць краўцоў мае 8 разрад (самы высокі)”.
Не толькі Тамара Яўгенаўна перажывае за лёс калектыва – годную падтрымку аказвае прафсаюзны камітэт: “Дай бог на кожным прадпрыемстве мець такога старшыню прафкама, як наш Анатолій Акушэвіч. Да яго звяртаюцца па розных пытаннях. У мінулым годзе, напрыклад, шла рэарганізацыя тэатральнай майстэрні на Кабушкіна, у выніку мы арганізавалі ўласныя вязальны і ткацкі цэхі”.
Супрацоўніцы ткалі матэрыял для спектакля “Саламея”. Зараз ідзе праца над балетам “Анастасія”, дзе таксама будзе выкарыстоўвацца ткацтва. Акрамя таго, майстрыхі займаюцца вышыўкай – тамбурнай і прыкрэп, могуць вышываць пачкі. Шавецкі цэх вырабляе абутак толькі для артыстаў Вялікага театра. Цяпер працуюць над “Рамэа і Джульетай” – шыюць новыя касцюмы і абутак. Трэба зрабіць 40 адмысловых плашчоў у тэхніцы бацік. Мастацкі роспіс па тканіне – вельмі складаны і працаёмкі, таму даводзіцца ўсё рабіць загадзя (прэм’ера спектакля “Рамэа і Джульета” адбудзецца ў лістападзе. – Заўв. аўт.).
Дарэчы, нядаўна прайшла прэм’ера “Багемы” – касцюмы выканаўцаў зачаравалі.
Як змайстраваць складаны рэквізіт, выдатна ведае бутафор Таццяна Байдалава: “Мне пашчасціла, бо мая работа – маё жыццё. Хутка прэм’ера дзіцячага балета “Пятрушка”, і трэба зрабіць каруселі”.
У бутафора наогул шмат працы. Па сутнасці, Таццяна выступае ў ролі скульптара, але тут трэба ўмець шыць і маляваць, плесці і ваяць… Усе інструменты, якія толькі ёсць – лобзікі, пілы, пласкагубцы, іголкі – могуць спатрэбіцца ў любы момант. А яшчэ трэба ведаць і валодаць прыёмамі самых розных спецыяльнасцей.
Дарэчы, з прэм’еры “Пятрушкі” 6 чэрвеня стартуе балетнае лета ў Вялікім. Балет аднаўляе даўні сябра тэатра Андрыс Ліепа.
Яна ЯГОРАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ