У вандроўку? Лёгка!
Гісторык Павел Булаты і яго жонка, журналіст Вікторыя знайшлі сумеснае хобі. Маладая сям’я мінчан ладзіць бясплатныя экскурсіі для людзей з інваліднасцю.
Вольныя птушкі
– Мы пазнаёміліся з Паўлам, спадабаліся адзін аднаму, але з часам заўважылі, што ў нас не так многа кропак сутыкнення, – расказвае Вікторыя. – Пачалі думаць, што мы можам рабіць разам. Павел гісторык, праводзіць экскурсіі, а я працую ў спецыялізаваным для людзей з інваліднасцю выданні. Таму ідэя сумеснай справы ляжала на паверхні. Назву для нашага праекта таксама прыдумалі хутка – “Вандроўныя пташкі”. Па-першае, нам сапраўды падабаюцца птушкі, а па-другое, лагатып “ВП” мае і другі сэнс – Вікторыя і Павел.
Сям’я адзначае: турызм – сфера для людзей з інваліднасцю амаль недасягальная. Як правіла, вандроўкі з гідам могуць дазволіць сабе тыя, у каго няма сур’ёзных матэрыяльных пытанняў. Акрамя таго, калясачнікі, напрыклад, часам няёмка адчуваюць сябе сярод фізічна здаровай групы: яны не заўсёды могуць хутка перамяшчацца, ды і вытрымаць некалькі гадзін экскурсіі не кожнаму дазволіць здароўе. Таму ідэальна, калі для людзей з інваліднасцю ёсць адаптаваная версія інтэлектуальных прагулак па гораду.
– Нягледзячы на рэкламу, на першую нашу экскурсію два гады таму прыйшло 10–12 слухачоў і столькі ж валанцёраў, – працягвае Павел. – Канешне, мы рыхтаваліся загадзя: планавалі адзін маршрут па Верхнім горадзе, але калі ўбачылі колькасць бардзюраў і іншыя складанасці для калясачнікаў, прыйшлося ўносіць значныя карэктывы. Аднак сама экскурсія прайшла як трэба. Тут адзначым, што мы не проста водзім людзей па вуліцы, суправаджаючы гэта тэкстам “Паглядзіце направа, гэта Кафедральны сабор у стылі барока”. Не, мы робім усё гэта інтэрактыўна. Я ад імя шляхціца эпохі XVI стагоддзя расказваю, што бачу, якія ў мяне справы ў царкве, што планую зрабіць на рынку. Акрамя таго, з сабой у нас заўжды ёсць артэфакты. І ўсе жадаючыя могуць паглядзець старажытныя манеты, стылізаваную пад даўніну паперу, а яшчэ – пакаштаваць тагачасныя напоі і станцаваць паланэз!
Цікавую інклюзіўную экскурсію “Вандроўныя пташкі” правялі і ў рамках “Фэста экскурсаводаў”. Павел распавядаў, а акцёры тэатра педагагічнага ўніверсітэта на кожным прыпынку разыгрывалі тэматычныя сцэнкі. Сумаваць проста не было часу.
Паказаць незнаёмую Беларусь
Аўтары праекта ўжо сутыкнуліся з шэрагам праблем. Па-першае, многія з тых, хто жадае паслухаць экскурсію, фізічна не маюць магчымасці даехаць да месца, адкуль яна пачынаецца. Па-другое, і Павел, і Вікторыя прызнаюцца: яны і іх група падтрымкі – валанцёры, акцёры, аніматары – не ведаюць, ці хопіць энтузіязму, каб працаваць бесплатна на працягу доўгага часу?
– Как вырашыць гэтае пытанне і зладзіць сацыяльны бізнес, мы прайшлі адбор на праект “Прыкладная бізнес-адукацыя”, які рэлізуе грамадскае аб’яднанне “Здаровы выбар”, – гаворыць Вікторыя. – З ментарамі праводзілі аналіз рынку і канкурэнтаў, а таксама шукалі іншыя накірункі нашай дзейнасці. Напрыклад, нам падказалі, што мы можам арганізоўваць платныя экскурсіі для фізічна здаровых кліентаў і часткай выручаных сродкаў распараджацца для людзей з інваліднасцю.
Акрамя таго, у пары яшчэ шмат планаў наконт развіцця свайго праекта. Сярод іх – зладзіць экскурсію па сталічных месцах, якіх ужо няма. Але выключна на Мінску “Вандроўныя пташкі” спыняцца не будуць.
– Наша задача – паказаць незвычайныя мясціны роднай краіны, – дзелiцца планамi Павел. – А іх шмат. Калі пра Заходнюю Беларусь многія з нас чулі і ведаюць, то ўсходняя частка на турыстычнай карце – белая пляма! Але ў тым жа Шумілінскім ці Бешанковіцкім раёнах ёсць старажытныя цэрквы ўнікальнай кананічнай архітэктуры XIX стагоддзя.
Наступная экскурсія плануецца ўжо вясной. Вікторыя нагадвае, што запісацца на яе могуць не толькі людзі з фізічнымі і псіхічнымі асаблівасцямі:
– Інклюзія – гэта таксама і пра людзей сталага ўзросту, і пра здаровых бацькоў, у якіх дзеці з інваліднасцю. Таму мы будзем рады кожнаму.
Юлія КУЛІК
Фота з архiва герояў