Наверх

Жыхары адселеных вёсак успамінаюць першыя дні чарнобыльскай трагедыі

26 апреля 2017

“Раніцай 26 красавіка нехта спяшаўся на працу, дзеці iшлі ў школу, старыя гутарылі каля калодзежа. Я з сяброўкамі збіралася садзіць бульбу. Сонца прыпякала. А 12-й гадзіне стала надта горача. Праз нейкі час у небе з’явіліся верталёты…”

У Брагінскім раёне на Гомельшчыне ёсць вёска Дублін. Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС яна лічылася даволі вялікай – там жыло каля 600 чалавек, аднак сёння ў ёй засталося крыху больш за 250 жыхароў.

Неяк надвячоркам я сустрэў каля будынка былой Дублінскай базавай школы дзвюх жанчын. Разгаварыліся. Любоў Ляпеха больш за 30 гадоў працавала дырэктарам гэтай установы адукацыі. Рамуальда Пішчук настаўнічала звыш 20 гадоў. У 2011 годзе школу зачынілі, бо вучняў значна паменшыла. Аднак Любоў Пятроўна заявіла аддзелу адукацыі: “Разбурыць і разрабаваць будынак не дамо, афармляйце нас вартаўнікамі!”

Родную школу педагогі вартуюць дагэтуль. Яе вокны забіты дошкамі, на дзвярах аб’ява “Прадаецца”.

Але памяшканні завахаліся ў добрым стане — хоць заўтра пачынай вучобу. Вартаўніцы берагуць будынак як зрэнку вока і ўсё ж такі спадзяюцца, што аднойчы ў яго сценах зноў загучыць дзіцячы смех…

Успамінае Любоў Ляпеха:

У той шчодры на сонца суботні дзень я са сваім трохгадовым сыночкам наведвала матулю ў вёсцы Просмычы. Прыйшла цётка Вольга: “Ці чулі – на станцыі пажар? Суседзі з Прыпяці расказвалі, што пажарнікі ўсю ноч тушылі…”

Уключыла тэлевізар – ніякага намёку на трывогу. Толькі насцярожыла адна акалічнасць: падчас аповеду пра надвор’е на экране з’явіліся відарысы Гомеля, а раёны засталіся па-за ўвагай… Захацелася пачуць, што скажа “Свабода”. Уключыла ВЭФ і пачула, што на ЧАЭС жудасная катастрофа – уся табліца Мендзялеева легла на Беларусь..

Зранку ў панядзелак паехала ў райаддзел адукацыі, каб даведацца, што цяпер рабіць. Але інспектары самі нічога дакладна не ведалі. Патэлефанаваў дырэктар блізкай да АЭС Залесскай школы Аляксандр Козел – прасіў парады. Інспектар Ніна Бусыгіна дазванілася старшыні райвыканкама Аляксандру Пракопаву, але той супакоіў і папрасіў перадаць дырэктару Залесскай школы, каб правёў гутарку з настаўнікамі і бацькамі, супакоіў іх, аднак заўважыў, каб дзеці не пакідалі школьны будынак, а ўрокі фізкультуры праходзілі ў спартзале.

Вяскоўцы, між тым, вывозілі гной, садзілі бульбу; дзеці гулялі на вуліцы. Ніхто не здагадваўся, што жывём ужо на радыяцыйнай тэрыторыі.

1 мая ў Брагіне дарослыя выйшлі на дэманстрацыю. Праўда, на гэтым мерапрыемстве адсутнічалі дзеці.

На Вялікдзень, 4 мая, пачалася эвакуацыя насельніцтва з 30-кіламетровай зоны. Бабулькі з клуначкамі ў руках сядзелі ў аўтобусах і плакалі, мужчыны перажывалі моўчкі – сум, боль і роспач перадавалі позіркі. Людзі думалі, што праз некалькі дзён вернуцца ў свае вёскі…

Мая свякроў, ідучы з Пучына пабачыць унука, больш за гадзіну стаяла на абочыне – не магла перайсці дарогу, таму што ў бок Камарына рухаліся сотні грузавых машын.Убачыўшы аўтобусы з людзьмі з Перасецінца, Старога і Новага Сцяпанава, яна засабіралася дамоў. Сын хацеў правесці бабулю, але я не дазволіла, сказала, што на вуліцы радыяцыя.

Мама, а якая яна, тая радыяцыя? Вялікая? Я яе не бачу…” – “Убачыць яе, сыночак, нельга, але яна вельмі страшная…”

Праз дзень я адправіла маці да яе сястры ў Саратаўскую вобласць. Як атрымалася набыць білет да Масквы, адзін Бог ведае, бо людзей на чыгуначным вакзале было процьма, як у час вайны…

6 мая а 10 гадзіне вечара прыйшла тэлефанаграма аб эвакуацыі дзяцей дашкольнага ўзросту і вучняў школ. І тут высветлілася, якая ў каго душа, хто сапраўдны настаўнік, а хто прыстасаванец… Дзякуй тым калегам, якія дапамагалі мне рыхтаваць малых да эвакуацыі, да глыбокай ночы абыходзячы сем’і; і ганьба тым, хто клапаціўся ў першую чаргу пра сябе і свой дабрабыт…

7 мая пачалася масавая эвакуацыя. Бацькі галасілі, развітваючыся з дзецьмі. На плошчу ў Брагіне з вёсак з’ехаліся каля сотні аўтобусаў, і тут папаўзлі чуткі, што будуць узрываць чацвёрты рэактар. Людзі спалохаліся. Трывогі паддавалі і лётаючыя верталёты. Пасля абеду аўтобусы выправіліся ў шлях. Нас павезлі ў Васілевічы: школьнікаў – у школу-інтэрнат, дашкольнікаў – у дзіцячы садок.

У канцы мая дзяцей адправілі ў Маладзечанскі раён у піянерскі лагер “Лясное”, а мне далі водпуск, і я вярнулася ў родную вёску. Хацела паехаць на Саратаўшчыну, каб забраць маці і дзіця. З сынам прыехала ў Мінск, схадзіла ў гаркам партыі – папрасіла дапамагчы ўладкавацца ў санаторый. Але сакратар прапанаваў пакінуць малога ў кругласутачным садку. Што заставалася рабіць? Паехала ў Дублін. Калі ў Брагіне выйшла з аўтобуса, людзі на мяне глядзелі як на вар’ятку – маўляў, куды сына прывезла?! Праз тры дні адправілася да сваіх вучняў у “Лясное”. Там у канцы жніўня і дачакаліся радасных звестак – вяртаемся дамоў! Колькі ж было радасці! У Хойніках сустрэў старшыня райвыканкама Пракопаў, падзякаваў настаўнікам, падбадзёрыў. І 1 верасня ў школе зазвінелі дзіцячыя галасы. Жыццё, хоць і трагічнае, працягвалася…

Успамінае Рамуальда Пішчук:

Раніцай 26 красавіка нехта спяшаўся на працу ў калгас, дзеці iшлі ў школу, старыя гутарылі каля калодзежа. Я з сяброўкамі збіралася садзіць бульбу на агародзе суседкі. Сонца прыпякала. А 12-й гадзіне стала надта горача. Праз нейкі час у небе з’явіліся верталёты. Толькі потым я даведалася, што яны перавозілі пясок, які скідвалі на блок рэактара, каб затушыць агонь.

Вечарам таго ж дня жыхары Прыпяці, якія працавалі ў нашым калгасе на будаўніцтве, расказалі, што ім патэлефанавалі родныя і паведамілі: узарваўся рэактар на ЧАЭС, пажар шугаў усю ноч, загінулі пажарныя… Асаблівага страху ў нас гэтая навіна не выклікала, бо мы яшчэ не разумелі маштабу трагедыі. Паспачувалі чарнобыльцам, павойкалі і разышліся.

5 мая прачнуліся ноччу ад гоману і шуму. Выйшлі на вуліцу заспаныя, узрушаныя. Убачылі вайскоўцаў, машыны, якія рухаліся з уключаным святлом. З натоўпу нехта крыкнуў, што старшыня калгаса Віктар Шэін збірае ўсіх галоўных спецыялістаў у канторы. На тэрыторыі школы размясціўся Растоўскі матарызаваны полк (ён дапамагаў праводзіць дэзактывацыю вёсак раёна). І тут мы адчулі бяду, страх, невядомасць… Ваенныя навучылі нас першым прыёмам дэзактывацыі жылля, распавялі, як правільна гатаваць ежу, растлумачылі значэнне штодзённай вільготнай ўборкі памяшканняў.

7 мая у 7 гадзін раніцы абвясцілі, што жанчын і дзяцей будуць вывозіць. Прыйшлі аўтобусы. Жанчыны плакалі, мужчыны спрабавалі жартаваць, але атрымлівалася няўмела. Дзеці не разумелі, што адбываецца, але, бачачы слёзы дарослых, паводзілі сябе спакойна, стрымана. Аўтобусы крануліся з месца. “Божа мой, што ж будзе далей?!” – загаласіла баба Анюта, якая праводзіла дачку з трыма ўнукамі.

Так вёска асірацела. Ціха-ціха было і ўдзень, і ўвечар. Пуста, маўкліва…

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
23 ноября 2024 22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости