Наверх

Амаль 40 гадоў аддала настаўніцкай справе выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Эма Маркоўская

30 июля 2022

Цёплым летнім днём у Начу прыехала сям’я навасёлаў. А для вёскі любая падзея – значная навіна. І панеслася з хаты ў хату:

 

– А вы чулі? Новая настаўніца прыехала.

– Настаўніца? А які прадмет будзе выкладаць?

А дзеці – народ цікаўны і няўрымслівы – бегалі паглядзець, а смялейшыя нават пазнаёміліся. І праз некалькі дзён ужо ўсе ведалі, што настаўніца прыехала з Ашмяншчыны на малую радзіму (нарадзілася і вырасла на Ляхавіччыне), мае дачку і сына, а яшчэ нязвыклае для вёскі імя – Эма. І сама яна незвычайна ўзнёслая, зусім не такая, як вясковыя жанчыны. А як прыгожа размаўляе на беларускай мове, якую і будзе выкладаць.

Раніцай першага верасня 1989 года, пераступіўшы парог новай школы, хвалявалася і сама настаўніца: якімі будуць яе вучні, а ці справіцца? Але ўбачыўшы дапытлівыя позіркі, адразу ж супакоілася і адчула ўпэўненасць.

На працягу дваццаці гадоў працы ў Начаўскай школе яна адкрывала сваім вучням таямнічы свет мовы Купалы і Коласа. Хто хоць раз пачуў беларускую мову з вуснаў Эмы Іванаўны не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці. Кожны ўрок «пражывала», рыхтавала матэрыял так, каб менавіта вучні гэтага класа яго зразумелі, бо добра засвоіла, што дзяцей не падманеш, яны адчуваюць, калі настаўнік прыйшоў фармальна штосьці расказаць, а калі жадае падзяліцца з імі сваімі ведамі і ўласным жыццёвым вопытам.

Маркоўская – арганізатар школьнага тэатральнага гуртка, удзельнікі якога паставілі не адну пастаноўку беларускіх твораў. Назаўсёды ў памяці засталіся сустрэчы ў «Беларускай хатцы», тыдні беларускай мовы і літаратуры, юбілеі класікаў «Мне сняцца сны аб Беларусі», «Усяго 25 гадоў і Вечнасць…», урокі памяці «У вайны не дзіцячыя вочы». А колькі падарожжаў па літаратурных і гістарычных мясцінах праведзена, перамог у творчых конкурсах дасягнута!

Эма Іванаўна – строгая і патрабавальная, творчая і натхнёная, прафесіянал сваёй справы – вучыла не толькі вучыцца, але найперш думаць і аналізаваць. Штогод яе вучні прымалі ўдзел у рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе, паказваючы высокія вынікі на раённых і абласных этапах. Летапіс школы захоўвае ўспаміны былых вучняў, пераможцаў і прызёраў раённых і абласных этапаў алімпіяд па беларускай мове.

– На жыццёвым шляху сустракаюцца розныя людзі. Мне пашанцавала, бо ў маім жыцці было шмат добрых педагогаў. Лічу, што вучня стварае настаўнік — яркая, моцная, адметная асоба. І той асобай, якая паўплывала на мой прафесійны лёс, стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры.  Менавіта яна скіравала, дала не толькі глыбокія веды, але і  ўпэўненасць у дасягненні пастаўленай мэты. У 2008 годзе, дзякуючы Эме Іванаўне, я атрымала дыплом І ступені ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, прымала ўдзел у заключным этапе. Для мяне гэта было вельмі важна, і ўжо тады мой лёс быў вызначаны. Па выніках удзелу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды я  паступіла ў каледж БДУ, а праз два гады на 97 балаў здала ЦТ па беларускай мове і стала студэнткай юрыдычнага факультэта БДУ. Дзякуй, мая Настаўніца, за глыбокія веды, за тое, што дапамагла мне скласціся як асоба, за сардэчнасць і любоў, за клапатлівасць і душэўнасць ад нас, сталых людзей і назаўсёды вашых вучняў, – напісала Юлія Чаранкевіч, выпускніца 2009 года Начаўскай сярэдняй школы, а цяпер спецыяліст арганізацыйна-кадравай работы Ляхавіцкага райвыканкама.

Вучні Маркоўскай паказвалі стабільна высокія вынкі на ЦТ, а  многія з іх набіралі каля ці звыш 90 балаў і станавіліся студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны.

– Эма Іванаўна была частым госцем на сустрэчах з вучнямі школы. Дзялілася сваімі ўспамінамі, расказвала пра прафесію настаўніка. Яна з захапленнем на памяць цытавала нам творы класікаў і пачынаючых паэтаў і пісьменнікаў, гаварыла, што літаратура – гэта не толькі прадмет, а гэта цэлае жыццё, у якім цесна пераплецена наша гісторыя і сучаснасць, а без іх няма будучыні. Чалавек, які мае трывалую культурна-гістарычную памяць, адчувае сябе на зямлі продкаў паўнакроўна і надзейна. І толькі пазней я зразумела, што гэта не проста сустрэчы, а ўрокі жыцця ад нашай настаўніцы. Я назаўсёды запомніла і карыстаюся ў жыцці пачутымі ад гэтага выдатнага педагога словамі Уладзіміра Караткевіча: «Рабі нечаканае. Рабі так, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш!» – гаворыць Таццяна Чаранкевіч, выпускніца 2017 года, якая здала ЦТ па беларускай мове на 97 балаў, студэнтка  Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Захаваўся артыкул з раённай газеты з разважаннямі Вольгі Мысліцкай, вучаніцы Гінеўскай васьмігадовай школы Ашмянскага раёна, дзе пачынала свой працоўны шлях Маркоўская: «Асабліва ярка ўвайшоў у маю памяць вобраз Эмы Іванаўны, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Гэта чалавек, якому можна даверыцца, падзяліцца сваёй радасцю і  горам. Эма Іванаўна заўсёды зразумее, абнадзеіць, падкажа. Усю сваю дабрыню і цяпло яна аддавала нам, яе вучням. На кожны яе ўрок я ішла з радасцю, таму што даведвалася штосьці новае, раней невядомае мне. Восем гадоў Эма Іванаўна была побач з намі і заўсёды была гатова працянуць руку падтрымкі. Чужая радасць – гэта і яе радасць, чужое гора – гэта і яе гора. Вялікі дзякуй Вам, Эма Іванаўна, за любоў і клопат».

У яе даволі простая біяграфія. Нарадзілася 12 кастрычніка 1954 года ў вёсцы Петухоўшчына Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Петухоўшчынскую пачатковую школу, Пад’язаўлеўскую васьмігодку, сярэднюю адукацыю атрымала ў СШ№2  горада Ляхавічы. У 1968 годзе паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны педагічны інстытут імя Янкі Купалы, які закончыла ў 1972 годзе. З 1972 года па 1989 год працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, а затым намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гінеўскай няпоўнай сярэдняй школы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1989 года па 2009 год працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Начаўскай сярэдняй школе Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Але за гэтымі сціплымі афіцыйнымі радкамі – дзясяткі лёсаў яе вучняў. За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі школ Маркоўская Эма Іванаўна неаднаразова была адзначана граматамі раённага і абласнога ўзроўняў. У 2007 годзе па выніках раённага конкурсу была прызнана лепшым настаўнікам. Мае яна і ўзнагароды Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь – грамату і медаль «За працоўную доблесць».

У 2018 годзе на свяце аграгарадка Нача Маркоўская (згодна апытванню насельніцтва, нягледзячы на тое, што ўжо даўно на заслужаным адпачынку) была адзначана дыпломам «Любімы настаўнік» і спецыяльным прызам.

І цяпер яна не старонні назіральнік за падзеямі ў школе, а актыўны ўдзельнік жыцця, які сочыць за дасягненнямі і поспехамі настаўнікаў і вучняў, шчыра радуецца перамогам. Прачытаўшы ў газеце навіны пра родную школу, заўсёды патэлефануе, абмяркуе. Да яе звяртаюцца за кампетэнтнай парадай. І яна з удзячнасцю адклікаецца, наведвае школьныя і раённыя мерапрыемствы, прыходзіць на сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі, падарожнічае з калегамі па роднай Беларусі. З’яўляецца старшынёй савета ветэранаў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Начаўскай сярэдняй школы і дзіцячга сада. Эма Іванаўна, аддаўшы амаль сорак гадоў школе, выказвае гонар за прафесію настаўніка.

А мы, яе калегі, гаворачы пра Эму Іванаўну, успамінаем верш Пімена Панчанкі «Беларускія настаўніцы»: «Калі мы страцім беларускіх настаўніц –

Знікне і ўся беларуская нацыя».

Святлана ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня прафкама Начаўскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна; Дзіна ЯНУШКЕВІЧ, член прафкама

Здымкі з архіва школы і гераіні матэр’ялу

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
29 марта 2024 28 марта 2024 27 марта 2024
Все новости