Буйнейшая ў СНД сацыяльная сетка прадставіла беларускамоўную версію
Беларуская мова стала даступнай карыстальнікам і сінхранізуецца на ўсіх платформах: у дэсктопнай і мабільнай версіях сацсеткі, а таксама ў мабільных праграмах ОК на iOS і Android. Пасля ўключэння на любой з прылад беларуская мова аўтаматычна падключаецца на ўсіх астатніх версіях ОК карыстальніка.
Для лакалізацыі было перакладзена больш за 100 тысяч слоў. Пераклад закрануў не толькі элементы інтэрфейса, але і логіку работы часткі сэрвісаў. Напрыклад, цяпер некаторыя падарункі можна знайсці з дапамогай запытаў па-беларуску: «усміхніся», «цеплыня», «цацка» і іншых. Пасля ўключэння новай мовы паведамленні, у тым ліку па электроннай пошце, таксама прыходзяць па-беларуску. Цікава, што самым кароткім словам у інтэрфейсе аказалася «ў», а самым доўгім – «канфідэнцыяльнасць».
Сёння ўсе карыстальнікі ОК у Беларусі атрымалі паведамленні пра магчымасць пераходу на лакальную мову інтэрфейса, а ў тых, хто ўжо пераключыўся, шапка сайта набыла вядомы традыцыйны арнамент.
Беларусь – другая краіна пасля Расіі па колькасці карыстальнікаў ОК. Штомесячна сацыяльную сетку ў нашай рэспубліцы наведваюць 2,7 млн карыстальнікаў, гэта значыць, практычна кожны трэці жыхар. Ядро сацсеткі –людзі 25-45 гадоў. Сярод маладой аўдыторыі карыстаецца папулярнасцю відэакантэнт – шоу з зоркамі і кіберспартыўныя стрымы, а таксама гульні. У 2018 годзе лічба праглядаў ролікаў і трансляцый у беларускіх карыстальнікаў, уключаючы стрымы ў OK Live, дасягнула 1 млрд у месяц.
Па дадзеных апытання ІАЦ, «Одноклассники» – адначасова самая папулярная сацыяльная сетка і самы наведвальны анлайн-рэсурс у Беларусі. Так, 68,8% карыстальнікаў сацсетак заявілі, што заходзяць менавіта ў ОК. У якасці любімага інтэрнэт-рэсурса беларусы таксама часцей за ўсё называюць «Одноклассники» (11,6%).