Наверх

Частка гісторыі беларускай культуры: сёлета стогадовы юбілей святкуе выдавецтва «Беларусь»

20 января 2021

З нагоды юбілея ў мінскай кнігарні «Светач» арганізавана выстава, якая будзе працаваць да канца лютага: тут прадстаўлены кнігі выдавецтва «Беларусь» з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі і сучасныя выданні.

Са з’яўленнем першага выдавецтва «Беларусь» пачалося не толькі кнігадрукаванне, але і кнігавыдавецтва, была праведзена сваеасаблівая мяжа паміж паліграфіяй і выдавецкай справай.

Пастанова ЦВК БССР ад 18 студзеня 1921 года «Аб стварэнні Дзяржаўнага выдавецтва БССР» – адно з самых важных і знакавых рашэнняў. Але ў яго ёсць і перадгісторыя.

У Мінску кнігадрукаванне пачалося ў 1790 годзе, у друкарні базыльянскага манастыра, якая з 1795 года стала Мінскай губернскай друкарняй. Фактычна на яе аснове і ўзнікла цяперашняе выдавецтва. У 1917 годзе, адразу пасля рэвалюцыі, 19 снежня было прынята рашэнне аб нацыяналізацыі прыватных друкарняў. Спачатку паўнавартаснае выдавецтва стварыць не атрымалася, па сутнасці, установа так і засталася друкарняй. Але ўжо ў 1921 годзе улады БССР пачалі развіваць беларускую асвету. Грамадства саспела да разумення неабходнасці падтрымаць уласную мастацкую літаратуру. З’явіліся беларускія аўтары і рэдактары, якія рыхтавалі рукапісы, і неўзабаве друкарня стала выдавецтвам. Пачаўся выпуск беларускіх кніг і першых падручнікаў.

Гэты пераход быў выключна важны для беларускай культуры – ён засведчыў фарміраванне дзяржавы і нацыі.

Выдавецтва значна пашыралася і ў 1922 годзе канчаткова аформілася пад назвай «Савецкая Беларусь». У Мінску адкрыліся першыя кнігарні выдавецтва. З самага пачатку дзейнасці ўстановы перавага аддавалася кнігам на беларускай мове, іх выдавалася больш за 70%. Гэта была вучэбная, навукова-тэхнічная і агітацыйна-прапагандысцкая літаратура.

Убачыць друкаванае слова па-беларуску мільённымі тыражамі, мець сваіх класікаў, народных паэтаў, сваю навуковую літаратуру – гэта стала выключным дасягненнем.

У 1951 годзе на базе «Беларусі» вылучылася выдавецтва «Народная асвета», а ў 1972-м – «Мастацкая літаратура». Ствараўся цэнтр, які развіваў і пашыраў выдавецкую справу ў краіне. Ставіліся задачы актуальныя і сёння: выяўленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.

Векавая дзейнасць выдавецтва «Беларусь» з цягам часу стала  часткай гісторыі беларускай культуры і нават гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Падрыхтаваў Сяргей КІРЫК

Фота з адкрытых iнтэрнет-крынiц

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
28 марта 2024 27 марта 2024 26 марта 2024
Все новости