test gtag

Дзень беларускага пісьменства пройдзе 6 верасня ў Бялынічах

Міністэрства культуры падрыхтавала да свята шэраг цікавых мерапрыемстваў.

Галоўнай падзеяй адкрыцця форуму стане гала-канцэрт пад сімвалічнай назвай «Беларускі тэкст». Яго галоўнымі тэмамі стануць духоўныя вынікі і ўрокі 75-й гадавіны Перамогі, культурная спадчына Магілёўшчыны, асобы выдатных майстроў літаратуры і мастацтва, якія пакінулі след на тамтэйшай зямлі.

У межах канцэрту на галоўнай сцэне адбудуцца ўрачыстае адкрыццё свята, узнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2019 года і перадача эстафеты Дня беларускага пісьменства ад Бялынічаў Капылю.

Яркім фіналам святкавання стане гала-канцэрт закрыцця «Як ствараліся традыцыі Малой Радзімы», удзельнікі якога паспрабуюць праз песню і слова распавесці пра звычаі і рысы характару нашага народа. Завершыцца канцэрт феерверкам.

Арганізатарамі свята з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры. Сярод удзельнікаў – народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, заслужаныя артысты Беларусі Алена Ланская, Аляксандр Саладуха, папулярныя выканаўцы Аляксей Хлястоў, Руслан Аляхно, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, ансамбль народнай музыкі “Свята”, вакальны гурт “Чысты голас”.

У канцэртах таксама возьмуць удзел юныя чытальнікі – пераможцы конкурсу «Жывая класіка» розных гадоў, іншыя калектывы і выканаўцы, а таксама лепшыя творчыя сілы Магілёўскай вобласці.

У рамках свята будуць прадстаўлены выставачныя праекты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага музея, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

Фота Вiталя ГIЛЯ