Наверх

Хто стаў галоўным вакальным крытыкам праекта «Зорны шлях»

16 декабря 2022

Адным з настаўнiкаў конкурсу «Зорны шлях» («Звездный путь») стаў заслужаны артыст Беларусі, заснавальнік і мастацкі кіраўнік арт-групы «Беларусы», кампазітар, арганіст, дырыжор Валерый Шмат. За яго плячыма – Беларуская акадэмія музыкі па класе «Харавое дырыжыраванне» і «Арган». Валерый – аўтар музыкі і слоў многіх знакавых беларускіх кампазіцый, у тым ліку для дзяцей і моладзі. Яго песні гучаць на такіх прэстыжных конкурсах, як «Еўрабачанне», «Новая хваля», «Славянскі базар» і іншых. У арт-групе «Беларусы» Валерый выконвае партыю барытона.

Наш суразмоўца спявае на самых розных мовах: французскай, італьянскай, грэцкай, іспанскай, англійскай і гэтак далей. А падапечныя настаўніка ў праекце «Зорны шлях» спрабуюць сілы ў вобласці, у якой не з’яўляюцца прафесіяналамі. Валерый Шмат упэўнены, што такі шанц неабходна выкарыстоўваць і не баяцца цяжкасцяў.

– Уражанні ад праекта, арганізаванага АНТ, Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і Музычнай Медыякампаніяй, у мяне самыя найлепшыя. Ён даў магчымасць людзям з розных куткоў нашай краіны, якія нават не маюць прафесійнай музычнай адукацыі, паспрабаваць сябе ў якасці артыстаў. Для людзей, якія працуюць на заводах, на фабрыках, у дзяржаўных і іншых установах, гэта вялікі шанц. Усе нашы канкурсанты – незвычайныя, яны нават не вераць у тое, што з імі гэта адбываецца. Яны недзе чулі, што такое бывае: калі хтосьці трапляе на тэлебачанне. Дзякуючы гэтаму праекту многія зразумелі, што гэта не толькі казка, але сапраўдная рэальнасць, – распавядае Валерый Шмат.

Настаўнік вельмі задаволены, што адразу тры яго канкурсанты прайшлі ў паўфінал.

– Я гэтым вельмі ганаруся. Гэта адзнака працы, якая зроблена не толькі мной, а і ўсёй нашай камандай. Прыемна, што мае людзі трапілі ў паўфінал. Маю надзею, што гэта будзе не апошнім іх крокам, іх чакае працяг, – паведаміў прадзюсар.

Валерый Шмат па нашай просьбе вельмі хутка ахарактарызаваў кожнага паўфіналіста сваёй каманды.

– Стас Макарэвіч – будаўнік. Ён працуе з цэментам, з кірпічом, з цэглаю, з камянем. Гэта чалавек, які мае ў 19 гадоў магутны барытон узроўню голасу Хварастоўскага. Маем надзею, што яго голас зноў адзначаць і яго яшчэ не раз пачуе ўся краіна. Лена Васільева прадстаўляе Магілёўскую вобласць. Гэта спартыўны трэнер па валейболу. Яна вельмі моцны чалавек. Спявае рэдка і толькі для сябе. Але вельмі прыемна бачыць, як ў праекце спорт і мастацтва аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае. Лена – сапраўдны ваяр, – пералічыў Валерый Шмат.

Трэба адзначыць, што ў паўфінал прайшоў адзіны дуэт – хаця прэтэндэнтаў было некалькі.

– Мы працуем з дуэтам медыкаў, якія прадстаўляюць Віцебскую вобласць. Дзяўчына Марына – з Оршы. Яна працуе загадчыкам лор-аддзялення  Аршанскай бальніцы. У свае 25 гадоў яна робіць аперацыі. Яна не толькi тэарэтык, але яшчэ і практык. У Марыны Шыцьковай вельмі цудоўны голас. З ёй у дуэце спявае прадстаўнік іншай краіны – Дэвін Рандэнія атрымлівае адукацыю ў медыцынскім універсітэце Віцебска і прыехаў да нас з Шры-Ланкі. Як мы даведаліся, на яго радзіме наша адукацыя – вельмі папулярная рэч. Медыкі, якія вучыліся ў Беларусі, цэняцца ў многіх краінах свету. Дэвін валодае надзвычайна прыгожым тэнарам, я б сказаў, узроўню Бачэлі. Мы маем надзею, што гэты голас таксама пачуе ўся краіна. Удвая прыемна, што прадстаўнік з Шры-Ланкі спявае ў праекце на беларускай мове. Хлопец зрабіў усё, каб спяваць на беларускай мове, – падзяліўся прадзюсар праекта «Зорны шлях».

Па словах Валерыя Шмата, працаваць з канкурсантамі было не цяжка, таму што ўсе гэтыя людзі любяць тое, што робяць.

– І тут якраз ёсць вялікае адрозненне ад прафесіяналаў, якія да вакалу адносяцца як да штодзеннай працы. Папрацавалі, атрымалі ганарар і закрылі дзень. А для гэтых людзей кожная рэпетыцыя – гэта новы вопыт. Кожнае сцэнічнае выступленне – гэта іх свята. Таму яны і спяваюць, як на свяце, яны выходзяць на сцэну, як на вялікі фестываль, – растлумачыў заслужаны артыст Беларусі, кампазітар, прадзюсар арт-групы «Беларусы».

Падапечныя Валерыя Шмата на кожнай рэпетыцыі лавiлi кожнае яго слова. У дачыненні вакала, дыхання, гукавядзення, сцэнаграфіі, харэаграфіі и гэтак далей.

– Паўтаруся: тую справу, якой яны займаюцца непрафесійна, яны робяць надзвычай цудоўна, добра і з вялікай любоўю. А мы ведаем: калі нашыя сэрцы, рукі і душы дакранаюцца да чагосьці з любоўю, то справу мы робім у сто крат лепш, – паведаміў настаўнік.

Валерый Шмат па-асобаму адносіцца да ўсіх арганізатараў праекта, але, на яго думку, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі заслугоўвае асаблівай увагі.

– Арт-група «Беларусы» выйшла якраз з ФПБ. Сёння я кажу гэта з вялікай удзячнасцю. Калі б мы не мелі такой вялікай падтрымкі, магчыма, таго рэзультату, вопыту і сусветных гастролей ніколі б не было. Маю надзею, што нашы канкурсанты таксама будуць мець такую магчымасць: не толькі сёння выступіць на АНТ, але і далей праводзiць канцэрты. Больш таго, мы ведаем, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі з’яўляецца арганізатарам шматлікіх нацыянальных і рэгіянальных фестываляў. Хочацца, каб канкурсанты праекта былі не толькі гасцямі, але і жаданымі ўдзельнікамі іншых конкурсаў і канцэртаў, арганізаваных у тым ліку ФПБ, – падагуліў прадзюсар.

Наталля МАРЦЫНКЕВІЧ

Фотаздымак Сцяпана ЦЮШКЕВIЧА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
28 марта 2024 27 марта 2024 26 марта 2024
Все новости