test gtag

І для дарослых, і для дзяцей: што прапануе “Мастацкая літаратура”

Прадстаўнікі айчынных выдавецтваў расказалі пра кнігі, якія выйшлі ў свет у мінулым годзе, і падзяліліся планамі на 2020-ы. Для выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” мінулы год стаў плённым.

На сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі паведамляецца, што “Мастацкая літаратура” выдала 76 кніг агульным тыражом 85 тыс. экзэмпляраў. Па словах дырэктара выдавецтва Алеся Бадака, “такая лічба можа падацца і не вельмі значнай, але калі раскінуць па месяцах, то атрымліваецца, што кожны тыдзень выходзіла мінімум па адной кніжцы, бывала, па 2–3.

“Мы выдаём як класічную літаратуру, так і творы сучасных пісьменнікаў. Прычым сярод апошніх ёсць і тыя, хто даўно працуе, і тыя, хто прыйшоў у літаратуру адносна ці зусім нядаўна, бо для нас важная падтрымка маладых аўтараў, – адзначыў Алесь Бадак. – Так, мы стварылі серыю “Час ХХІ” для 20–30-гадовых літаратараў. Дарэчы, яны адрозніваюцца ад папярэднікаў жанравай разнастайнасцю сваіх твораў, бо ўсё больш пішуць у жанры фэнтэзі, спрабуюць сябе ў так званым дакументальным жанры нон-фікшн, сумяшчаючы мастацкасць і міфічнасць, рэалізм і фантазію, што часам на самай справе дае вельмі цікавыя вынікі.”

Сёлета будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, таму хутка свет пабачыць некалькі тамоў, прысвечаных творчай спадчыне беларускага класіка. Зараз выдаецца 25-томнік Уладзіміра Караткевіча. Потым працягнецца выданне збору твораў Янкі Брыля, 10-томнік.

Па словах дырэктара выдавецтва, Беларусь – краіна з вельмі добрымі чытацкімі традыцыямі, бо, напрыклад, у Францыі класічную літаратуру выдаюць маленькія выдавецтвы, і, адпаведна, тыражы гэтых кніг малыя. “Што тычыцца нашай рэспублікі, то ў нас да класікі вялікая ўвага не толькі з боку выдавецтваў, але і чытачоў. Таму мы распачалі ў 2019 годзе новую серыю “Напісанае застаецца” і выдалі ўжо два тамы: зборнік аповесцей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава “Знак бяды. Абеліск. Жураўліны крык” і трылогію Якуба Коласа “На ростанях”. Гэтыя кнігі разыходзяцца вельмі добра”, – расказаў Алесь Бадак.

Акрамя таго, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” вялікую ўвагу ўдзяляюць кніжным серыям, адрасаваным юным чытачам. Так, працягне выдавацца “Жывая класіка дзецям”, у якой раней ужо выйшлі творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і многіх іншых пісьменнікаў. Па выніках 2019 года адным з самых папулярных стаў “Дзіцячы атлас Беларусі”, які таксама ператварылі ў серыю, што складаецца з тамоў пра славутых беларусаў, легенды і паданні нашай краіны. А ў гэтым годзе з’явяцца выданні пра жывёл і птушак. Распачалі і зусім новую серыю – “Сто пытанняў пра Беларусь”. Яна будзе складацца з 10 кніжак, у кожнай з якіх размесціцца па 10 пытанняў-адказаў пра нашу краіну.

Падрыхтаваў Сяргей КІРЫК

Фото из открытых интернет-источников