Конкурс прыгажосці і “міфалагічны” пленэр: што прапануе наведвальнікам фестываль «Кліч Палесся»
29 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна пачнецца VI Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый. У свяце возьмуць удзел прадстаўнікі 11 раёнаў з дзвюх абласцей Беларусі.
Свае нумары падрыхтавалі Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.І. Цітовіча, заслужаны калектыў Беларусі – ансамбль народнай музыкі “Бяседа”, вакальная група “Чысты голас” і фальклорны ансамбль славянскай песні “Збіцень” Гомельскай абласной філармоніі, народны фальклорны ансамбль “Макоша”. Спецыяльную праграму прапануе Гомельскі эстрадна-сімфанічны аркестр імя Ю. Васілеўскага. У гэтым годзе фестываль “Кліч Палесся” наведае папулярны гурт з Украіны “Лісапетны батальён”.
На адмысловых пляцоўках будуць працаваць выставы “Фестываль кнігі і прэсы”, “Турыстычнае Палессе”, “Паляванне і рыбалоўства”. Запланавана правядзенне конкурсу прыгажосці “Палеская Прыгажуня-2020”. Госці таксама змогуць убачыць скульптуры – вынікі абласнога пленэра “Міфалогія Палесся ў дрэве”. Завершыцца фестываль вячэрнім шоў і святочным феерверкам.
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” праводзіцца раз на 2 гады дзеля захавання і папулярызацыі этнакультурных традыцый, вывучэння і падтрымкі багатай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, умацавання творчых сувязяў з памежнымі рэгіёнамі. Арганізатарамі фестываля выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, нацыянальны парк “Прыпяцкі”.
Падрыхтаваў Іван ВІШНЕЎСКІ
Фота з архiва БЕЛТА