Наверх

Музычныя скарбы роднай зямлі сабраў і запісаў полацкі фальклорны гурт «Варган»

27 декабря 2018

– Асабіста я кожны раз атрымліваю вялікае задавальненне, – кажа ўдзельнік гурта Стас Сілка. – У бабуліных песнях шмат крутых гармоній і меладычных хадоў, вельмі цікавая тэхніка выканання. На дадзеным этапе для мяне займацца гэтым больш па-наватарску, арыгінальна, чым нечым іншым, што можна сабе прыдумаць.

“Варган” працуе на базе гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з 2011 года. Аснову рэпертуару складаюць беларускія традыцыйныя песні з розных гісторыка-культурных рэгіёнаў краіны, але асаблівае месца займае спеўны матэрыял з беларускага Падзвіння, запісаны падчас этнаграфічных экспедыцый. Гурт прымае актыўны ўдзел у культурных мерапрыемствах раёна і рэспублікі, годна прэзентуе свой горад і краіну на фестывалях за межамі Беларусі.

– Калектыў надздвычай плённа працуе, і мы рады падтрымліваць яго ініцыятывы. Важна, каб традыцыі не парываліся, а моладзь працягвала вывучаць і папулярызаваць культурнае багацце нашай зямлі, – адзначыў дэкан гуманітарнага факультэта ПДУ Дзяніс Кандакоў.

Стварыла гурт і кіруе ім дацэнт, кандыдат біялагічных навук Вольга Емяльянчык. Беларускімі народнымі песнямі яна захапілася яшчэ ў дзяцінстве. Любімай справай працягвала займацца і калі стала выкладчыкам універсітэта. Аднойчы прапанавала групе, дзе была куратарам, пагукаць вясну. Развучыла са студэнтамі адпаведныя песні. Маладым людзям настолькі гэта спадабалася, што яны вырашылі ісці далей. Так нарадзіўся “Варган”.

Дарэчы, у назве калектыва адлюстравана назва старажытнага інструмента, шырока распаўсюджанага на тэрыторыі Беларусі ў эпоху сярэднявечча. Яго не раз знаходзілі падчас археалагічных раскопак, у тым ліку ў Полацку. Сімвалічнае значэнне слова “варган” Вольга Емяльянчык лічыць своеасаблівым парталам, што адкрывае ўваход у гукавую стыхію мінулых стагоддзяў, дапамагае вандраваць у прасторы і часе.

Удалым вынікам такіх вандровак стаў запіс у гэтым годзе аўдыёальбома “Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны”. Тут сабраны валачобныя, купальскія, жніўныя, вясельныя, хрэсьбінныя песні, а таксама інструментальныя найгрышы на дудзе, ліры, цымбалах. Невыпадкова прэзентацыя альбома сабрала поўную канцэртную залу ў Полацкім калегіуме, на базе якога працуе гуманітарны факультэт. Галоўным сюрпрызам стала выступленне 80-гадовай жыхаркі вёскі Шастова Полацкага раёна Алімпіяды Шчарбаковай, унучка якой удзельнічае ў гурце. Менавіта ад гэтай жанчыны запісвалі варганаўцы старажытныя песні, частку якіх можна пачуць на дыску.

– Наша мэта – стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сэрца, – адзначыла кіраўнік гурта Вольга Емяльянчык. – Кожны, хто меў магчымасць слухаць вясковых спевакоў і музыкантаў, мог адчуць вялікую жыццясцвярджальную сілу, якая сыходзіць ад гэтых людзей. Гэтая сіла дапамагла нашым продкам выстаяць у мінулыя ліхалецці, стагоддзямі перадавалася з пакалення ў пакаленне. Нам важна паказаць жывую энергетыку народнай творчасці і даць ёй працяг.

Любоў ТРАПЕЗНІКАВА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
28 марта 2024 27 марта 2024 26 марта 2024
Все новости