Наверх

На крылах музыкі: у Мінску завяршаецца рэспубліканскі творчы конкурс маладых талентаў

24 апреля 2019

Трэці тур конкурса дасягнуў свайго апагея – творчы ўздым, перажыванні, слёзы і спадзяванні праз некалькі дзён завершацца: 30 красавіка будуць падведзены вынікі. А 2 мая на XXIII Міжнароднай спецыялізаванай выставе “СМІ ў Беларусі” пераможцам і лаўрэатам уручаць узнагароды.

– Конкурс адбываецца восьмы раз і становіцца ўсё больш запатрабаваным і прэстыжным, – адзначыла аўтар і кіраўнік праекта, загадчык аддзела музычных праграм Першага нацыянальнага канала радыё Таццяна Якушава.

Разлічаны конкурс на творчую моладзь ад 10 да 21 года і тры ўзроставыя катэгорыі, столькі ж намінацый: “Эстрадны вакал”, “Інструментальная музыка” і “Спадчына”. У апошнюю намінацыю ўваходзіць фальклор і этнічная музыка або аўтарскія стылізаваныя кампазіцыі. Галоўнае, каб быў новы творчы пошук і цікавая інтэрпрэтацыя.

– Найбольшай папулярнасцю ў моладзі карыстаецца намінацыя “Эстрадны вакал”, дзе выступілі 157 салістаў і 37 ансамбляў. Яскравыя выкананні песень беларускіх і замежных аўтараў да слёз уразілі суддзяў конкурса на чале са старшынёй журы народным артыстам Беларусі Леанідам Захлеўным, – расказала Таццяна Якушава.

Дарэчы, пераможцы і лаўрэаты Рэспубліканскага творчага радыёконкурса прадстаўляюць нашу краіну на дзіцячым і дарослым Еўрабачанні, напрыклад, Алена Ланская, Хэлена Мерааі, ZENA і шэраг іншых. Знакаміты піяніст Уладзіслаў Хандогі – лаўрэат прэстыжных міжнародных конкурсаў. Па выніках мінулага года 20 лаўрэатаў конкурса сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.

– Моладзь ахвотна ўдзельнічае ў конкурсе, таму што тут высокі ўзровень і прафесійнае справядлівае журы, – падкрэсліла кіраўнік праекта. – Кожны год запрашаем менавіта тых заслужаных асоб, якія ўжо заявілі пра сябе ў мастацтве, займаюцца педагагічнай дзейнасцю. Сапраўды, вельмі важна – хто будзе ацэньваць канкурсантаў. Нават калі намінанты не выйдуць у другі ці трэці тур, ім неабходна, каб іх абавязкова паслухалі прафесіяналы і далі парады.

Ці ёсць адрозненне ад папярэдніх конкурсаў і што ўражвае?

– Заўсёды здзіўляе імкненне да перамогі і самааддача, з якой выходзяць на сцэну выканаўцы. Менавіта гэтыя якасці ўласцівы дзецям і падлеткам, але чым старэйшыя яны становяцца, тым меньш запалу. Магчыма так і трэба: калі чалавек становіцца дарослым, мяняюцца прыярытэты. Але галоўная прыкмета таленту – калі  артыст на сцэне гатовы аддаць сэрца, душу і сваю існасць. Нам давярае таленавітая моладзь, якая ўжо абрала прафесійны шлях і бачыць сябе менавіта ў творчай музычнай прафесіі.

Даведка 1prof.by

Штогадовы Рэспубліканскі творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі” стартаваў у 2010 годзе і праз год набыў статус рэспубліканскага. Яго арганізаваў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё пры падтрымцы кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі.

Яна ЯГОРАВА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости