Наверх

Настрой – аптымістычны: як беларускія зорачкі рыхтуюцца да дэбюту на «Еўрабачаннi»

10 октября 2019

Падрыхтоўка да Міжнароднага песеннага конкурсу “Еўрабачанне” ў самым разгары. У сталічнай Zames studio пераможца нацыянальнага адборачнага тура Лізавета Міснікава разам з камандай рыхтуецца да адказнага выступлення ў Глівіцы (Польшча).

Насычанае жыццё не перашкаджае 14-гадовай дзяўчынцы заставацца ў аптымістычным настроі, які перадаецца ўсім, хто з ёй знаёмы, у тым ліку і карэспандэнту 1prof.by.

Ліза вучыцца ў 9 класе сталічнай гімназіі № 56, мае шмат сяброў, якія падтрымліваюць і падбадзёрваюць. Але самыя галоўныя прыхільнікі таленту дзяўчынкі – яе каманда і бацькі.

– Ліза, раскажы, як усё пачыналася?

– Гэта была мая мара – трапіць на “Еўрабачанне”. Тры разы я спрабавала прайсці ў фінал нацыянальнага адбору. У 2016 годзе выступала ў калектыве “Нясумны ўзрост”, які таксама імкнуўся на міжнародны конкурс, але, на жаль, мары не спраўдзіліся. Пасля выступлення рашыла паспрабаваць выступаць сольна.

А з якога ўзросту ты займаешся вакалам?

Менавіта творчасцю займаюся з 6 гадоў, але прафесійна спяваю толькі з 11-i. Што я маю на ўвазе? Я ўсвядоміла, як павінен гучаць мой голас у той ці іншы момант, і зразумела, што дзеля гэтага неабходна, якую ноту трэба ўзяць… Мне ў гэтым дапамагае настаўнік Вольга Драздова. Яна раскрыла мае здольнасці і заўсёды падказвае, як правільна накіраваць гук.

Над чым зараз працуеце?

Адбыліся некаторыя змены ў конкурснай кампазіцыі – перапісалі песню “Папялісты”, дапоўнілі яе прыпевамі на англійскай мове, каб еўрапейцам было больш зразумела, пра што я спяваю. Сэнс у тым, што часам пад уплывам розных абставін чалавек выглядае шэрым, сумным – папялістым. Але ўсё можа змяніцца, толькі назаві яго па-іншаму – серабрыстым, напрыклад. І ўсё навокал заззяе. Гэта вельмі аптымістычная песня, словы і музыку напісалі Наталля Тамбоўцава і Кірыл Гуд разам з вакальным прадзюсарам Studioplay Вольгай Драздовай.

Зараз на рэпетыцыях мы ўдасканальваем сваё майстэрства і рыхтуемся да выступлення. Пастаноўкай танцаў займаецца харэограф Сяргей Слюсарэнка (Look), у бліжэйшы час будуць зацверджаны і пашыты касцюмы.

Табе даводзілася займацца танцамі альбо наведваць танцавальную студыю?

У дзяцінстве я займалася мастацкай гімнастыкай, а танцамі – ніколі, і для мяне гэта ў пэўнай ступені праблема. Аднак апошнім часам пры падтрымцы Сяргея Слюсарэнкі з’явілася ўпэўненасць, і трэніроўкі праходзяць на ўра. Я буду выступаць разам з хлапчукамі, якія задзейнічаны ў падтанцоўцы. Спадзяюся, гэта будзе сапраўды эфектна. Зараз адточваем кожны рух, каб усё выглядала прыгожа.

Вопыт пастаноўкі танцаў для “Еўрабачання” ў харэографа Сяргея Слюсарэнки (Look) багаты.

У цябе ёсць кумір?

На самай справе я ў захапленні ад Рыаны. Мне да спадобы яе музыка і тое, як яна трымаецца на сцэне. Яе энергетыка – гэта крута!

Якая твая любімая кніга?

– Вельмі падабаецца “Гары Потэр” – прачытала ўсе часткі гэтага рамана і паглядзела мастацкі фільм. У мяне нават ёсць аднайменная настольная гульня.

Твая самая любімая страва?

– Мой дзядуля Эдвард вельмі смачна гатуе бабку. Заўсёды частуе гэтай смакатой, калі мы прыязджаем да яго ў госці.

Дзе ты любіш адпачываць летам?

На канікулах баўлю час у бабулі ў Маладзечне альбо ў Калодзішчах. Мне падабаецца атмасфера цішыні і спакою. Яшчэ люблю вандраваць разам з бацькамі. У мінулым годзе мы ездзілі ў Амерыку, і ў мяне на ўсё жыццё засталіся незабыўныя ўражанні ад гэтай паездкі.

У цябе ёсць вопыт удзелу ў міжнародных песенных фестывалях альбо конкурсах?

Так, шмат разоў удзельнічала ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, а таксама спрабавала свае сілы сёлета ў маштабным міжнародным вакальным праекце ў Польшчы.

Харэаграфія спрыяе добраму густу. Перад танцавальнай трэніроўкай – размінка Лізаветы Міснікавай разам з Алесем і Андрэем.

Напэўна, творчы графік напружаны і распісаны па хвілінах. Ці хапае часу, каб вучыцца?

Цяпер даводзіцца прапускаць заняткі ў школе, але ўвечары мама правярае, як я зрабіла ўрокі. Паколькі сябрую амаль з усімі ў класе, то даведацца, што задавалі, мне нескладана.

Ты ведаеш сапернікаў, з якімі будзеш выступаць на адной сцэне?

Многія з тых, хто будзе прадстаўляць тую ці іншую краіну ў конкурсе, ужо заявілі пра сябе. З некаторымі я вяду перапіску ў інтэрнэце, слухаю іх песні. Некаторыя цікавыя кампазіцыі нават запалі ў душу. Мяркую, у кожнага ёсць магчымасць выйграць.

Як ты лічыш, што неабходна для перамогі на такім прэстыжным міжнародным конкурсе як “Еўрабачанне-2019”?

– У мяне ёсць пэўная мэта – паказаць вынік велізарнай працы, якая была зроблена падчас падрыхтоўкі да конкурсу. Спадзяюся, што наша песня прагучыць годна і прыгожа на ўсю Еўропу.

P.S. Арганізацыю і падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне”, а таксама трансляцыю песеннага форума на тэрыторыі Беларусі ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.

У прэс-службе ўстановы адзначылі, што ў гэтым годзе падчас конкурсу песні “Еўрабачанне-2019” заўзятары могуць галасаваць за прадстаўніка сваёй краіны. Таму ў першую чаргу жыхары Беларусі, а таксама беларусы, якія ў гэты час будуць знаходзіцца за мяжой, могуць падтрымаць Лізавету Міснікаву: прагаласаваць пры дапамозе мабільнага тэлефона, камп’ютара ці планшэта з любой кропкі свету за некалькі клікаў. Дастаткова зайсці на сайт “Еўрабачання”, і за некалькі дзён да фінальнага канцэрта, калі будзе аб’яўлена галасаванне, выбраць песню “Папялісты” нашай канкурсанткі.

– Спадзяемся на актыўнасць фанатаў конкурсу ў нашай краіне, іх сяброў, родных і знаёмых, тых, хто сочыць за творчасцю Лізы ў сацыяльных сетках, – падкрэсліла Таццяна Міснікава, мама выканаўцы. – Дарэчы, 24 лістапада пасля выступлення ўсіх фіналістаў зноў з’явіцца магчымасць прагаласаваць у прамым эфіры. Упэўнена, што мы абавязкова адчуем падтрымку суайчыннікаў у Глівіцы.

Яна ЯГОРАВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
19 апреля 2024 18 апреля 2024 17 апреля 2024
Все новости