Наверх

Рыгор Сітніца: “Карціны ці вершы атрымліваюцца часам з “абсалютнага смецця”

07 декабря 2018

Напярэдадні Міжнароднага дня мастака майстар беларускай графікі, старшыня Беларускага саюза мастакоў, паэт, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў Рыгор Сітніца падзяліўся асабістымі меркаваннямі з карэспандэнтам 1prof.by.

Рыгор Сямёнавіч, як вы лічыце, мастаком нараджаюцца ці становяцца?

– У кожнага свой лёс, свой творчы непаўторны шлях. Мне было пяць гадоў, а я ўжо ведаў, што буду мастаком, і ніколі ў гэтым не сумняваўся. Паколькі 25 гадоў працаваў выкладчыкам, мне давялося назіраць за навучэнцамі, моладдзю. І асабіста пераканаўся, што, нават маючы шыкоўнейшыя прафесійныя навыкі, можна не дасягнуць ні творчай вышыні, ні майстэрства. Вось і мяркуйце: нараджаюцца ці становяцца. Шмат застаецца па-за прафесіяй. Важна, наколькі чалавек інтэлектуальна развіваецца ў культурным працэсе. Чым больш мы пазнаем, тым больш разумеем, як мала ведаем: таму што адкрываюцца неабсяжныя таямніцы ўсяго, што чалавек яшчэ не спасцігнуў. Мастак – не прафесія, хутчэй узаемадзеянне з рэчаіснасцю і штодзённая праца. У тым ліку ідэя, якая вядзе чалавека па жыцці, не дае збіцца на лёгкія грошы, на халтуршчыну, дэградзіраваць. Калі ідэі няма – ніякія таленавітыя навыкі не дапамогуць. Акрамя таго, у чалавека павінны быць воля і характар. І абавязкова, як кажуць, Бог павінен пацалаваць. Вось тады ўсё супадзе.

Імідж Беларусі ў сусветным мастацтве

На ваш погляд, якое месца займае мастацтва Беларусі ў свеце?

– Літаральна сёлета беларуская дэлегацыя ўдзельнічала ў славутым Парыжскім салоне. Быў проста агаломшаны прымітывам і кітчам, які запаланіў Еўропу. Там хто захацеў быць мастаком – заявіў пра сябе, набыўшы 1,5 метра плошчы на выставе. Але Парыж – гэта Лувр і музей д’Арсэ, дзе размешчаны надзвычайна яркія работы сусветна вядомых мастакоў. Мы – сталая нацыя, але маладая дзяржава i вельмі шпарка вырастаем, і зарабляем той аўтарытэт, які павінны былі зарабіць яшчэ сто гадоў таму. У нас таксама ёсць фенаменальныя, выдатныя мастакі: Цвірка, Савіцкі, Данцыг, Вашчанка і іншыя. Імідж краіны ў свеце ствараюць не толькі палітыкі, пісьменнікі, музыканты, спартсмены, але і мастакі. Каб мастацтва загучала ў сусветным кантэксце, дзяржава павінна пра гэта паклапаціцца.

Калі б вы ведалі з якога смецця…

– Як нараджаюцца творы, што папярэднічае?

– Карціны ці вершы – нават не ведаю, як яны прыходзяць. Часам з “абсалютнага смецця”… Бывае, ад яркага ўражання пайшоў імпульс, і невядома, у якія апранахі ён апранецца. Зачапіўшыся за два-тры словы, можна пачуць у іх гармонію, энергію, ток. Нядаўна ў мяне выйшла кніжка – “Ток”. Зараз у Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава з аднайменнай назвай. Мне трэба было знайсці такое кароткае, але ёмістае слова, як стрэл, як электрычны разрад. Ясна, дакладна і вельмі слушна. “Ток” – гэта ток крыві, жыцця, энергіі; тое месца, дзе малоцяць снапы, людзі збіраюць ураджай сваёй працы. Выкарыстоўваючы сімволіку вобраза: вынік маёй працы – выданне кніжкі, падрыхтоўка выставы.

– Сёння на змену масцітым майстрам прыходзіць моладзь. Як вы лічыце, чаго не стае сучасным мастакам?

– Зараз вельмі складаная сітуацыя. У гэтых умовах не было б ні Савіцкага, ні Данцыга, ні Вашчанкі, ні Кашкурэвіча ў тым фармаце, у якім яны адбыліся. Чаму? Таму што існаваў дзяржаўны заказ на тэматычныя мастацкія буйныя палотны. Гэта ўсё было запатрабавана, людзі не думалі пра грошы і былі нармальна фінансава ўладкаваны. Данцыг маляваў маштабныя “Партызынскае вяселле”, “И помнит мир спасённый…” (памер 3,5 на 7 метраў). Сёння на першы план выходзіць камерцыйны фармат: мастак спрабуе зарабіць грошы, каб выжыць, пракарміць сябе і сям’ю, а таксама купіць даражэнныя фарбы, падрамнік, палатно, грунтоўку, пэндзлі і шмат яшчэ чаго. Працаваць у акадэмічным (класічным) накірунку могуць толькі фанатычныя людзі. Сёння ёсць шмат здольных і цікавых мастакоў. Шкада, але фармат, у якім яны самавыяўляюцца, не дае мне падставаў казаць, што гэта высокае мастацтва.

Гады вучобы

– Я вучыўся ў Мінску ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. У той час навучэнцамі былі ў асноўным хлопцы з розных мястэчак і вёсак нашай краіны. У навучальнай установе панавала неверагодная энергетыка і гармонія. Я з дому ўцякаў на некалькі дзён раней з канікул, каб пабыць у той атмасферы. Памятаю пахі ў майстэрні, незвычайнае асяроддзе… У нас выкладалі Леанід Шчамялёў, Мікалай Назарчук, Алег Казак, Леанід Давыдзенка – усе знакавыя асобы, мастакі высокага ўзроўню. Яны нас, навучэнцаў, неверагодна любілі, ставіліся добразычліва, але і патрабавальна. З 9-га класа мяне выключылі са школы, але не будзем казаць за што. Я быў абураны і нязгодны настолькі, што пайшоў і з перапуду паступіў у мастацкую вучэльню імя Глебава, атрымаўшы пяцёркі па ўсіх экзаменацыйных прадметах. Потым падаўся дадому (у мяне яшчэ было каля двух месяцаў канікул), намаляваў 40 работ і прыехаў зноў у школу, куды мяне прынялі другі раз.

Пра каханне

– Што спрыяе творчаму імпэту?

Каханне – такі тэрмаядзерны зарад, які дае магутныя творчыя сілы. Менавіта таму, што энергія ідзе на разрыў нутра, – яна самая стваральная і творчая. Узгадайце пра шчаслівае каханне хоць адзін верш. Няма. Можа і ёсць, але кволыя. А вось усё геніяльнае – пра драматычнае і трагічнае каханне. Яно – крыніца натхнення. Не стаў бы Іосіф Бродскі Бродскім, Уладзімір Караткевіч Караткевічам, Васіль Быкаў Быкавым, каб у іх жыцці ўсё складвалася добра…

Даведка

Рыгор Сямёнавіч Сітніца нарадзіўся 1 студзеня 1958 года ў вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Беларускі мастак-графік, паэт. Лаўрэат літаратурных прэмій “Полымя” (2001), “Залаты апостраф” (2007), а таксама Рэспубліканскіх біенале жывапісу, графікі, скульптуры. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2012). Ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў (2015). Лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва (2017). Вобразныя кампазіцыі служаць мастаку дзеля стварэння сакральнай мастацкай прасторы, і ён такім чынам пашырае межы рэалізму ў двух напрамках.

Яна ЯГОРАВА

Фото tvr.by

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
25 апреля 2024 24 апреля 2024 23 апреля 2024
Все новости