Свята кожны дзень: Дзед Мароз расказаў пра сваю працу, штодзённыя цуды, дзіцячыя душы
Алег Рыхтэр – артыст Беларускага тэатра “Лялька”. Ён выходзіць да гледача ў самых розных вобразах: і камічных, і глыбока лірычных, і гераічных. Але калі б у акцёрскім арсенале было асобнае амплуа – Дзед Мароз, то яно, без сумненняў, належала б менавіта яму.
Дзед Мароз з 30-гадовым стажам, якога ведае і любіць не адно пакаленне маленькіх віцяблян, гаворыць, што атрымлівае ад гэтай ролі сапраўднае задавальненне. І калі назіраеш за ім з глядзельнай залы, то ўпэўніваешся адразу: не маніць.
Дзед-творца
– Акцёраў у тэатрах працуе шмат, – разважае Алег. – Але мне здаецца, гэтую ролю можа сыграць не кожны. З іншага боку, бывае звычайны чалавек у душы – Дзед Мароз. Тут на першым плане чалавечыя якасці: трэба любіць людзей і любіць дзяцей.
Дзеда Мароза з “Лялькі” былі б рады бачыць у любым дзіцячым садку. Але ён згаджаецца працаваць не з кожным. Вызначальнае для Алега Рыхтэра – гатоўнасць дарослых тварыць у тандэме. Ён не проста выходзіць да дзетак, а спачатку разам з музычным кіраўніком працуе над сцэнарыем свята, падказвае прафесійныя нюансы. І людзі, гатовыя пачуць падказкі, ніколі не шкадуюць аб такім тандэме.
– Я не супрацоўнічаю з тымі, хто закрыты для дыялогу. Бо кожны ранішнік, нават для самых маленькіх, – гэта не халтура, гэта – творчасць. А для мяне яшчэ і самарэалізацыя, – прызнаецца артыст. – Хаця гэтыя святы бываюць вельмі рознымі. І цяжкімі ў тым ліку. Заўтра пайду ў інтэграваную групу, у ёй ёсць дзеткі з дыягназам “аутызм”. Складаная праца, але патрэбная.
Алегу Рыхтэру давялося папрацаваць і на дарослую аўдыторыю. На свой першы карпаратыў ён трапіў у 90-х. Тады, прыгадвае, моцна расчаравала культура людзей, якія замовілі свята. І жаданне прыходзіць у вобразе добрага чараўніка да дарослых надоўга знікла. Затое вяртанне праз дзясятак гадоў, калі карпаратывы сталі часткай жыцця любой, не толькі “крутой” кампаніі, падаравала прыемны сюрпрыз: Дзед Мароз убачыў у зале зусім іншую публіку. Яна хацела культурна правесці час, была гатова да нестандартнага сцэнарыя. З таго часу некалькі гадоў запар Алег разам з калегамі рабіў навагоднія праграмы для дарослых, выкарыстоўваў лялькі, назапашаныя песні і карагоды.
Зараз ад дарослых праграм артыст адмовіўся: калі табе 50, такія нагрузкі даюцца цяжэй, чым калісьці. Але дзіцячыя ранішнікі пакінуць не можа: яны даўно перасталі быць крыніцай заробку і ператварыліся ў нешта невымерна большае.
Дзед-паліглот
Калі пры консультве Латвіі ў Віцебску працавала нядзельная школа, дзе дзеці вывучалі мову і традыцыі сваіх продкаў, Алегу Рыхтэру давялося прымерыць і вобраз Санты.
– Я не ведаю латышскай мовы дасканальна, але яна на слыху, бо ў Латвіі жывуць мае сваякі, – расказвае артыст. – Таму калі мяне запрасілі на ранішнік у консульства, мне не цяжка было вывучыць некалькі фраз і верш на латышскай мове. Але аднойчы гэтыя веды спатрэбіліся не толькі там.
Алег прыгадвае, як яго папрасілі павіншаваць дзетак, што мусілі правесці свята ў інфекцыйнай бальніцы. Дзед Мароз абыходзіў палаты, калі раптам у адной з іх прадставілі хлапчука: “Гэта Яніс, і ён табе, Дзядуля Мароз, прачытае вершык на латышскай мове”. Алег прыгадвае, што адразу павітаўся з дзіцем па-латышску і пачаў чытаць верш, які некалі вучыў для ранішніка ў консульстве. А хлопчык, акругліў вочы і запытаў: “Ты прыехаў да мяне з Рыгі?”. “Вядома, з самой Рыгі. Спецыяльна, каб павіншаваць цябе”, – запэўніў зімовы чараўнік. Малы быў вельмі ўражаны. А на наступны дзень артысту зноў тэлефанавалі – на гэты раз бацькі Яніса. Раніцай хлопчыку стала зусім добра, і яго адпусцілі дамоў.
Што гэта было? Супадзенне? А можа, маленькі цуд? Алег Рыхтэр загадкава ўсміхаецца. Наогул жа яму лёгка даюцца мовы. А замежныя гастролі – магчымасць іх практыкаваць. І Дзед Мароз з “Лялькі” можа павіншаваць са святам па-нямецку, па-французску, па-польску.
– Неяк мяне запрасілі да дзяўчынкі, якая перажыла стрэс, – прыгадвае Алег. – Мама і тата ігралі ў садку Дзеда Мароза і Снягурку, і малая дачка пазнала іх. Ад крыўды на падман дарослых і ад роспачы, што зімовага чараўніка не існуе, яна перастала размаўляць з бацькамі. Я ўзяўся дастукацца да малой. Пачаў тлумачыць, што Дзеду Марозу патрэбныя памочнікі, вунь колькі дзяцей чакаюць свята. Але я – той самы, сапраўдны. А каб дзяўчынка мне паверыла, сказаў, што абышоў увесь свет. У доказ пачаў размаўляць на розных мовах. У вачах дзіцяці з’явіліся давер і цікаўнасць. А калі яна дазволіла да сябе дакрануцца, я адчуў, як шалёна калоціцца яе сэрца. І зразумеў: паверыла.
І ўсё-такі самы арганічны Дзед Мароз у выкананні Алега Рыхтэра – той, які гаворыць на беларускай мове. Ён прызнаецца: вельмі радуе, што мова вяртаецца ў садок, у некаторых дзіцячых установах нават ёсць метадычныя рэкамендацыі праводзіць беларускамоўныя карагоды. А сёлета цэлая група выхаванцаў віцебскага садка вывучыла вершы па-беларуску. Дзеці запомнілі з мінулага года, што Дзеду Марозу гэта надзвычай падабалася.
Духоўнае і матэрыяльнае: у пошуку балансу
У Дзеда Мароза – высакародная місія. Тым не менш, наколькі гэта прыбытковая праца? Алег Рыхтэр заўважае, што ёлачны сезон дазваляе зарабіць на рэчы, якія складана набыць за акцёрскую зарплату.
– Напрыклад, тэлевізар, – пералічвае ён. – А быў год, калі пасля “ёлачак” мы змаглі адкласці грошы на рамонт. Рэальнасць такая, што цэлы год мы працуем фактычна, каб пракарміць сябе. А грунтоўныя пакупкі плануем пасля Новага года.
Але, заўважае артыст, не адзін ён жыве “з капейкі”. Заробкі растуць не так хутка, як цэны. Таму і для бацькоў часам бывае цяжка вылучыць з сямейнага бюджэту 4 рублі “на Дзеда Мароза” (менавіта такі сярэдні кошт паслуг з чалавека).
Тым не менш, пазітыўныя змены ў чалавечай свядомасці ён заўважае з вялікім задавальненнем. У тэатр апошнім часам усё больш стала прыходзіць мужчын. А на навагоднія святы купляюць не самыя танныя білеты (праграма ў “Ляльцы” каштуе 12 рублёў) цэлымі сем’ямі. І дзіця, з якім бацькі стараюцца дзяліць яго радасці і няўдачы, відаць адразу: такія хлопчыкі і дзяўчынкі лепш размаўляюць, добра і выразна чытаюць вершы.
– Але не падабаецца, што да мастацтва некаторыя дарослыя працягваюць ставіцца як да забавы, – напрыканцы гутаркі зусім не святочную тэму крануў Дзед Мароз. – Хочацца, каб чыноўнікі ад адукацыі зразумелі: мы можам і павінны сумесна выхоўваць дзяцей. На класічных творах, на добрым якасным мастацтве. Тады і будуць адбывацца цуды. Не толькі на сцэне, але і насамрэч у дзіцячых душах.
Вікторыя ДАШКЕВІЧ
Фота аўтара