Наверх

Таямніцы тэатра лялек. Віцебскія лялечнікі развенчваюць міфы вакол старажытнага мастацтва

20 марта 2020

Майстры іншых сцэнічных мастацтваў ў сваёй прафесійнай супольнасці часта ўспрымаюць лялечнікаў як цалкам асобную касту. Чаму так адбываецца, ніхто не ведае. Але дакладна тое, што вакол мастацтва тэатра лялек існуе шмат міфаў і стэрэатыпаў, у якія вераць і калегі па цэху, і гледачы. Самыя распаўсюджаныя з іх напярэдадні Міжнароднага дня лялечніка 21 сакавіка мы папрасілі патлумачыць або развянчаць работнікаў Беларускага тэатра “Лялька” (г. Віцебск).

Стэрэатып 1.

Тэатр лялек быў прыдуманы для таго, каб забаўляць маленькіх дзяцей. Гэтую ж функцыю ён выконвае і зараз.

А што на самой справе?

Тлумачыць кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Людміла Сіманёнак:

– Гэты стэрэатып вельмі дзіўны. Таму што мастацтва тэатра лялек пачыналася і выкарыстоўвалася перш-наперш у калярэлігійных і палітычных містэрыях, якія прызначаліся для дарослых, і ніяк не для дзяцей.

Сама спецыфіка мастацтва такая, што аповяд на сцэне тэатра лялек атрымліваецца не побытавым, і таму практычна заўсёды шматпланавым. І нават у традыцыйна дзіцячых казках кшталту “Калабка” або “Церамка” трохгадовае дзіця бачыць адзін сэнс і адну карцінку, 10-гадовае – другія, у таты з мамай, якім па 25-30 год, будзе свая інтэрпрэтацыя ўбачанага,  а ў бабулі, якая амаль пражыла жыццё, – свая.

 

Спектаклі, якія мы адрасуем падлеткам, па вялікім рахунку, разлічаны на псіхалогію дарослага чалавека. Мы запрашаем на іх у тым ліку школьнікаў. Гэта абумоўлена тым, што ў такіх пастаноўках няма сцэн, якія падпадюць пад традыцыйныя ўзроставыя цэнзы. Выключна даросламу гледачу мы адрасуем спектаклі, дзе форма раскрыцця тэмы вымагае тэмпарытму, за якім сучасным школьнікам цяжка прасачыць. Там могуць быць і больш эксцэнтрычныя формы падачы, непажаданыя для вучняў сярэдняга ўзросту.

Стэрэатып 2. Дарослы глядач не хоча ісці ў тэатр лялек

Тлумачыць актрыса, вядучы майстар сцэны і галоўны адміністратар Беларускага тэатра “Лялька” Ларыса Мартынава:

– Гэтае меркаванне ў нейкай ступені праўдзівае. Такая праблема існуе не толькі ў нашым горадзе. І вельмі шкада. Бо на самой справе тэатр лялек для ўсіх: і для маленькіх, і для сярэдніх, і для дарослых. У школах працуе нямала завучаў, якія лічаць: “Лялька” прыдатная толькі для вучняў пачатковай школы. Атрымліваецца, самі памыляюцца і фарміруюць такое ж памылковае меркаванне ў дзяцей.

 

 

 

Калі наш тэатр пачынаў працаваць у Віцебску ў 1986 годзе (Ларыса Мартынава ў “Ляльцы” з 1989 года.Заўв. рэд.), пераважную большасць пастановак мы рабілі для дзяцей, а нашы дарослыя праграмы аказваліся не вельмі вялікімі і рэгулярнымі. Але мы тады былі фактычна адзіныя, акрамя нас падобны прадукт прапаноўваў толькі тэатр драмы. А зараз многа разнастайных рэчаў для дарослых робіцца па-за межамі тэатраў. Канцэртная зала “Віцебск”, філармонія, культурныя цэнтры – яны ўсе прапануюць канцэрты і спектаклі для дарослага гледача. І калі выбар вялікі, то чалавек не абцяжарвае сябе тым, каб паламаць стэрэатып у сваёй свядомасці. Ён выбірае прывычную для сябе альтэрнатыву.

Стэрэатып 3. Лялечнікам быць вельмі проста: артыст схаваны за шырму, таму можна не сачыць за сваёй формай.

Тлумачыць акцёр, вядучы майстар сцэны Аляксей Макарскі: 

– Артысты ў нашым тэатры далёка не заўсёды хаваюцца за шырму. Сённяшні тэатр лялек вельмі разнастайны і складаны. І тое, што лялечнік павінен віртуозна вадзіць ляльку любой сістэмы – гэта толькі малая частка прафесіі.

Кожны лялечнік павінен валодаць і пластыкай, і харэаграфіяй. Напрыклад, у спектаклі “Брэменскія музыкі” (Аляксей Макарскі іграе ў гэтым спектаклі сабакурэд.) кожны артыст танцуе, выконвае акрабатычныя элементы, жангліруе, Прынцэса ўстае на пуанты. І такіх па-акцёрскі складаных спектакляў у нашым тэатры невымерна больш, чым тых, дзе можно схавацца за шырму. 

Я лічу, што сучасны тэатр лялек нашмат больш складаны, чым драматычны.

Стэрэатып 4. Ставіць спектаклі для дзяцей вельмі лёгка

Тлумачыць заслужаны дзеяч мастацтваў, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” Віктар Клімчук: 

– Для дзяцей ставіць невымерна цяжэй, чым для дарослых. Найперш таму, што дзіця не падманеш. Малы не будзе сядзець ціха і глядзець на сцэну, калі яму сумна або не цікава.

А калі казаць больш дэтальна, то дзіцячыя пастаноўкі больш складаныя, таму што дарослыя слухаюць тэкст, яны сочаць за дзеяннем і за зместам п’есы. А дзецям патрэбна ў большай ступені візуальная карцінка, якую не заўсёды проста выбудаваць. Пры гэтым трэба дазіраваць тэкст, падаваць інфармацыю так, каб дзіця паспела яе ўспрыняць. Не кожны дарослы рэжысёр можа паставіць дзіцячы спектакль, бо гэта – вышэйшы пілатаж. Таму і дарослыя спектаклі ў рэжысёраў, якія шмат працуюць для дзяцей, – практычна бяспроігрышныя.

Беларускі тэатр “Лялька” традыцыйна рыхтуе да Міжнароднага дня лялечніка, які адзначаецца 21 сакавіка, вялікую праграму, у якой будуць спектаклі для дзяцей і дарослых, гульнявыя і інтэрактыўныя праграмы. Сёлетні год не стаў выключэннем. Білетаў у касе ужо няшмат. Але лялечнікі хвалююцца, каб святу не перашкодзіў страх перад эпідэміяй. У любым выпадку, той, хто вырашыць прыйсці ў гэтыя дні ў “Ляльку”, дакладна не пашкадуе.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ i з архіва тэатра

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
22 ноября 2024 21 ноября 2024 20 ноября 2024
Все новости