Наверх

У калядны час цікава будзе пабачыць прадстаўленне непаўторнай беларускай батлейкі

25 декабря 2019

Паходзіць слова «батлейка» ад назвы месца, дзе нарадзіўся Хрыстос – Віфлеем, Бэтлеэм, або Бэйтлехэм. Гэты старажытны народны лялечны тэатр уяўляе сабой адну з самых цікавых старонак нашага мастацтва. У ім ёсць зямля і неба, рай і пекла, дабро і зло. І батлейшчык стварае гэты свет, кіруе ім.

У Заходняй Еўропе тэатральныя пастаноўкі на рэлігійныя тэмы ставілі яшчэ ў ХІІІ стагоддзі. Потым папулярнымі сталі пераносныя лялечныя тэатры. У Беларусі батлейка з’явілася ў ХVІ стагоддзі: сюжэт пра нараджэнне Хрыста і цара-злачынца Ірада паказвалі манахі-францысканцы. Часцей за ўсё гэта адбывалася на калядныя святы і падчас кірмашоў. Запрашалі батлейшчыкаў і да двароў феадалаў.

 

Пераносны лялечны тэатр ствараў сам батлейшчык, вырабляючы з дрэва вялікую скрыню ў выглядзе хаткі ці вясковай царквы. «Гаспадар» батлейкі стаяў за скрыняй, кіраваў лялькамі і прамаўляў тэкст галасамі персанажаў. Нярэдка ён быў не толькі выканаўцам, але і драматургам, рэжысёрам, мастаком і музыкам у адной асобе.

 

Рэпертуар батлеек складаўся з двух жанраў: з «высокага» – п’ес рэлігійнай тэматыкі і «нізкага» – сатырычных сцэнак з народнага жыцця. З левага боку верхняга яруса скрыні звычайна знаходзіўся «рай», з правага боку ніжняга яруса – «пекла».

 

«Цар Ірад» шмат гадоў была адзінай пастаноўкай батлейкі. З цягам часу з’явіліся новыя персанажы, у якіх гледачы пазнавалі саміх сябе, сваіх суседзяў, сваякоў і знаёмых. Фанабэрыстаму шляхціцу, гультаю-п’яніцу, злодзею-прайдзісвету, лекару-шарлатану, хітраму карчмару заўсёды процістаяў селянін – працавіты, кемлівы, вясёлы. Іграліся гэтыя спектаклі шмат разоў. Вельмі папулярнымі былі драмы «Цар Максiмiліян», «Цар Мамай», «Лодка» i народныя сцэнкі «Мацей i доктар», «Антон з казой i Антонiхай», «Вольскi – купец польскi», «Рыгор i франт», «Барыня i доктар».

 

Бывала, што паказ суправаджаўся музыкай батлеечнага ансамбля – скрыпкі, цымбалаў, гармоніка.

 

Летуценнікі-батлейшчыкі вандравалі па ўсёй краіне. Сустракалі іх як дарагіх гасцей. Асабліва радаваліся дзеці.

 

З гадамі батлейка мянялася, у камедыйных сцэнках пачалі ўдзельнічаць артысты. Гэта яшчэ больш цешыла гледачоў.

 

Сваю папулярнасць батлейка пачала страчваць пасля Першай сусветнай вайны. Аднак у 1915 годзе, быццам на развітанне, у Мінску было паказана 90 прадстаўленняў запар! У 1923-м у беларускім павільёне Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве пісьменнік Іларый Барашка з вялікім поспехам паказаў некалькі спектакляў батлейкі. Публічныя паказы мелі месца яшчэ ў 60-х гадах ХХ стагоддзя. Вобразы батлейкі знайшлі сваё адлюстраванне ў драматургіі Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча.

 

Падрыхтаваў Сяргей КIРЫК

Фото БЕЛТА

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
18 апреля 2024 17 апреля 2024 16 апреля 2024
Все новости