Наверх

Ужо 10 год запар. Унікальны фестываль праводзяць у школе №46 горада Віцебска

27 февраля 2023

У сярэдный школе № 46 горада Віцебска імя І.Х.Баграмяна штогод праводзяць «Беларускі фестываль», куды ўваходзяць два вучнеўскія беларускамоўныя конкурсы – чытальнікаў і выканаўцаў песень. Апошні традыцыйна прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. 25 лютага гэтага года ён адбыўся ў дзясяты раз.

Апошнія гады распрацоўвае сцэнарый і арганізуе творчае спаборніцтва настаўніца беларускай мовы і літаратуры школы №46 Галіна Чыкун. Калі Галіна Валер’еўна прыйшла сюды на працу, конкурс «Спявайце, сябры!», які прыдумалі і ініцыіравалі настаўнікі беларускай мовы, ужо існаваў і прайшоў два разы. Але развіўся ён, стаў прэстыжным для вучняў і брэндавым для школы у многім дзякуючы намаганням Галіны Чыкун.

– Ужо ў першы год маёй працы тут вучні, у якіх я выкладала, захацелі стаць удзельнікамі конкурса, – прыгадвае яна. – Мне ідэя таксама вельмі спадабалася. І рыхтуючыся з дзецьмі да выступлення, прыйшло ўсведамленне: конкурс трэба не толькі захаваць, але і развіць.

Разам з калегамі пачалі працаваць над ідэяй. Так конкурс чытальнікаў і спевакоў ператварыўся ў штогадовы «Беларускі фестываль», падрыхтоўка да якога пачынаецца з верасня. Настаўнікі знаходзяць адораных вучняў. Галіна Валер’ўна падкрэслівае: папярэдні адбор абавязковы, каб выйсці на сцэну аднаго жадання мала. Бо і вершы, і песні патрабуюць таленту, а таксама адпаведных навыкаў. І толькі ў тых, хто імі валодае, ёсць магчымасць трапіць у праект.

– Адзін год мы рашыліся на эксперымент, – прыгадвае Галіна Чыкун. – Запрасілі да ўдзелу ў конкурсе «Спавайце, сябры!» вучняў іншых школ горада. І адразу зразумелі, што такі варыянт нам не падыходзіць. Бо ў гэтым выпадку ў фінальным канцэрце пасля папярэдняга адбора апынуліся выключна толькі тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія займаюцца спевамі ў музычных школах і студыях. Проста таленавітым аматарам з-за вялікай канкурэнцыі не засталося шанса. І гэта дрэнна, бо ідэя конкурса куды больш шырокая, чым проста паказаць вакальныя здольнасці.

Сапраўды, дзеці не проста дэманструюць вакал. Яны самі выбіраюць твор. У рэпертуары спевакоў кампазіцыі на вершы Генадзя Бураўкіна, Эдзі Агняцвет, Леаніда Пранчака і іншых паэтаў, многія гэтыя творы па-за школьнай праграмай. Дзеці вучаць іх, пашыраючы свой кругагляд, набліжаючыся да беларускага слова.

– Нядаўна сустракаліся з выпускнікамі, якія скончылі школу некалькі год таму, – расказвае настаўніца. – Успаміналі, якім быў наш конкурс, як мы пачыналі пераважна з народных песень. Цяпер дзеці выконваюць сучасныя кампазіцыі, і нумары ў час канцэрту не паўтараюцца. А яшчэ я заўважыла, дзякуючы творчаму спаборніцтву вучні перастаюць баяцца сцэны. Нашы старшакласнікі могуць правесці любое мерапрыемства, не баяцца чытаць вершы або спяваць перад публікай. Прасочваем і такую тэндэнцыю: ёсць дзеці, якія першы раз насмельваюцца выйсці толькі ў якасці падтанцоўкі, праз год яны ўжо гатовы падтрымаць спевака на бэк-вакале, а яшчэ праз год «даспяваюць» і да ўласнага нумара.

IMG_6834    IMG_6770

У школе распрацавана сістэма ацэнкі кожнага выступлення. Усе артысты разбіты на ўзроставыя групы: пачатковыя класы (з 1 па 4), сярэднія (з 5 па 7) і старэйшыя (с 8 па 11). Члены журы ацэньваюць узровень выканаўчага майстэрства (максімальны бал – 10), сцэнічную культуру і артыстызм (максімум 4 балы), арыгінальнасць нумару, касцюміраванне, мастацкую ідэю і складанасць рэпертуару (максімум 6 балаў). Уручаецца за абсалютную перамогу і гран-пры конкурса. Сёлета яго ўладальнікам стала вучаніца 9 «З» класа Вольга Сітнік, па традыцыі дзяўчына будзе адкрываць конкурсную праграму ў наступным годзе.

Акрамя дыпломаў першай, другой або трэцяй ступені, дызайн якіх распрацаваны спецыяльна для конкурса, і якімі ганаруюцца пераможцы, кожны ўдзельнік атрымлівае бонусны сертыфікат на 10 балаў па беларускай мове або літаратуры. Выкарыстаць яго можна 1 раз.

– Мы адзнак не шкадуем, бо яны сапраўды зароблены, – гаворыць настаўніца. – Дзіця вывучыла верш, а перад гэтым, каб выбраць адзін, удумліва прачытала яшчэ некалькі, звыш праграмы. І таму сумленна заслужыла 10 балаў.

Конкурс «Спявайце, сябры!» традыцыйна адбываецца у лютым, месяцы, калі нямала іншых мерапрыемстваў (напрыклад, у школе № 46 праходзіць месячнік патрыятычнага руху). Але тое, што колькасць удзельнікаў пастаянна павялічваецца, сведчыць: зацікаўлены ў ім і дзеці, і настаўнікі. А значыць, працяг будзе.

Вiкторыя ДАШКЕВIЧ

Фота аўтара

Лента новостей
Слушать радио
Новое радио Народное радио
Лента новостей
19 апреля 2024 18 апреля 2024 17 апреля 2024
Все новости