test gtag

Валянцін Елізар’еў: «Сапраўдная творчасць – жыццё»

З яго імем звязаны шматлікія перамогі беларускіх артыстаў балета ў міжнародных конкурсах, высокая планка пастановак заўсёды ўражвае. На працягу дзесяцігоддзяў дасягненні сусветнага ўзроўню прынеслі сапраўднае прызнанне майстру харэаграфіі. Зараз Валянцін Елізар’еў вярнуўся ў Вялікі тэатр Беларусі як мастацкі кіраўнік, і новыя ўнікальныя прэм’еры чакаюць гледачоў…

На нядаўняй творчай сустрэчы з аматарамі балета, калегамі і творчай грамадскасцю, якая адбылася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, маэстра шчыра падзяліўся разважаннямі пра класічныя формы харэаграфіі і стыль мадэрн; распавёў пра новыя спектаклі і таленавітую моладзь, узгадаў педагогаў, якія дапамаглі раскрыцца яго творчаму таленту і навучылі бачыць свет мастацкіх вобразаў.

– Свет балета шматгранны. Тут працуюць таленавітыя, апантаныя асобы, артысты. Але разам з тым – гэта творчасць калектыўная, дзе існуе вялікая колькасць складальнікаў: музыка, харэаграфія, праца мастака і асвятляльніка, бутафора і іншых людзей, якія ўдзельнічаюць у стварэнні мастацкага праекта. Тыя, хто выходзяць на сцэну, каб рэалізаваць задумку: і акцёры, і ўсе яны – сутворцы. Калі ўсе разам займаюцца пастаноўкай твора, тады больш шансаў, што спектакль будзе мець поспех.

Пра будучыню і адукацыйны працэс

– Кожны твор – дзіця, якое нараджаецца ў пакутах. Але я думаю пра будучыню. Усе мае думкі пра яе. Сапраўдная творчасць – гэта жыццё. Адна з галоўных мэт – адаптаваць і адкрываць новыя індывідуальнасці.

На жаль, Беларусь увайшла ў Балонскі працэс, і на год скараціўся тэрмін навучання, што не вельмі добра. Менавіта таму часу і прасторы для навучання не хапае. Насамрэч, харэограф па адукацыі – вельмі ўнікальная, усебакова развітая асоба. Ён павінен шмат умець і ведаць: музыку і драматургію; арыентавацца ў сусветным мастацтве і дызайне, скульптуры. Я лічу, што класічнае мастацтва – гэта верх дасканаласці… Але імправізацыя для мяне – аснова балета. Ёмкая думка альбо сюжэт, нават выпадак з жыцця – увасабляюцца ў пэўную форму ад канкрэтнага да абстрактнага. Комплекс руху – зашыфраваная класіка вельмі цікава і гарманічна прыходзіцца да спадобы і трапляе, ідзе да сэрца.

Лічу, што вяршыня харэаграфіі – класічны танец. Але класіка ў XVIII і XIX стагоддзях – адна, у XX стагоддзі іншая, і заўсёды незаўважна знаходзіцца ў развіцці. З класічнай падрыхтоўкай артыст з лёгкасцю зможа выконваць мадэрн, але ніколі не будзе наадварот. Наогул, я за таленавітае мастацтва ў любым выглядзе: класіка альбо народны ці фальклорны танец… Самае галоўнае, каб былі душа і талент.

Балет XXI стагоддзя

– Сёння ўсё нараджаецца ў эксперыменце. Пастаянна ідзе пошук новых ідэй. І знойдзе той, хто шукае. Божанька дае кожнаму па-рознаму. Да кагосьці ён дакрануўся, напрыклад, як да народнай артысткі Інесы Душкевіч, а да кагосьці не. Але я цаню і рамеснікаў – часам і яны бываюць сапраўднымі прафесіяналамі.

Пра паэзію

– З дзяцінства бацькамі мне закладзена паэтычнасць, і для мяне гэта арганічна. Высока цаню паэзію. Думка, адточаная да афарызму, што можа быць лепш! Так і ў балеце: думку, адточаную да афарызму ў пластыцы, я лічу найбольш вялікім дасягненнем.

Першыя крокі

– Мне пашчасціла, калі я рабіў першыя творчыя крокі ў Баку (менавіта там я нарадзіўся і атрымаў сярэднюю адукацыю). У мяне там быў настаўнік з тэатра оперы і балета, надзвычай цікавы прафесіянал. Ён навучыў мяне не толькі імпульсіўна рухацца, але і думаць, што таксама вельмі важна ў балеце. Мне пашчасціла і з настаўнікамі ў Ленінградзе. Я вельмі ўдзячны выдатнаму педагогу Генадзю Сялюцкаму (ён адзін з мэтраў у Марыінінскім тэатры і зараз рэпетытар). Сапраўдны носьбіт Ваганаўскай школы пецярбургскіх традыцый у балеце. Навучыў многаму ў прафесійным плане, узбагачэнню харэаграфічных ідэй і задумак і, безумоўна, Ігар Бельскі, на курс да якога я спецыяльна паступаў у Ленінградскую кансерваторыю.

Творчыя сны

– Аднойчы я прачнуўся і пачаў запісваць танец, які мне прысніўся. Гэта быў першы акт балета “Шчаўкунчык”. У кожнага існуе свая сістэма запісу – іх некалькі заходніх і адна расійская дарэвалюцыйная сістэма Сцяпанава. Але разумее яе толькі той, хто асабіста запісаў, перадаць яе вельмі складана. Арыгіналам можна лічыць відэа, знятае з чатырох кропак, чатырма рознымі камерамі адначасова, каб перадаць аб’ём. З розных ракурсаў балет глядзіцца зусім па-іншаму.

Прафесар рыхтуе зорак

Сёння заяўку робіць таленавітая моладзь. Так, у Музычным тэатры Беларусі зрабіў яскравыя пастаноўкі спектакляў “Вішнёвы сад” і “Цітанік” выпускнік Акадэміі музыкі, малады харэограф Сяргей Мікель, які вучыўся на курсе ў Елізар’ева. Дарэчы, майстар і зараз вучыць моладзь, з якой звязвае надзеі на будучыню.

З якой просьбай звярнуўся б Валянцін Мікалаевіч да тварца?

– Толькі з адной: даць яшчэ часу, каб паспець зрабіць нешта каштоўнае, вартае.

У 1973 годзе 26-гадовы Валянцін Елізар’еў з’яўляўся самым маладым галоўным балетмайстрам Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета. У 1979-м ён стаў народным артыстам БССР, у 1985-м – СССР. У 1996 годзе Валянцін Мікалаевіч атрымаў ганаровае званне “Лепшы харэограф года” і Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. У 1997 годзе быў ушанаваны прэміяй Benois de la Danse Міжнароднай асацыяцыі танца. Узнагароджаны ордэнамі Францыска Скарыны, ордэнамі Айчыны ІІІ і ІІ ступені, медалём “ЮНЕСКА “Пяць кантынентаў” (Парыж, 2016 год) і іншымі ўзнагародамі. Ім былі пастаўлены спектаклі ў Расіі, Польшчы, Турцыі, Егіпце, Японіі.

Яна Ягорава

Фота ru.wikipedia.org і аўтара